Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

6 Ліс 2025

Лукашэнка ў Мазыры адкрыў абноўлены мост цераз Прыпяць

Лукашэнка ў Мазыры адкрыў абноўлены мост цераз Прыпяць

6 лістапада, Мазыр /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 лістапада адкрыў у Мазыры абноўлены мост цераз раку Прыпяць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзаў сімвалічную чырвоную стужку. На цырымонію былі запрошаны прадстаўнікі працоўных калектываў дарожных арганізацый, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве моста, жыхары Мазырскага раёна. Па існуючай традыцыі да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі людзям падносяць падарункі - значныя, маштабныя аб'екты, і абноўлены мост - адзін з іх.

Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць гэтага моста не толькі для жыццядзейнасці рэгіёна, але і для ўсёй краіны. Узведзены пасля вайны, мост у Мазыры быў першым і адзіным аўтамабільным мостам цераз Прыпяць. З таго часу не знаходзілася ні грошай, ні магчымасцей, каб рэканструяваць гэты значны аб'ект. Няпроста было гэта зрабіць і цяпер. Але дзякуючы айчынным спецыялістам удалося ператварыць мост у вельмі сучасны аб'ект. Больш таго, яны даюць гарантыйны тэрмін на яго 100 гадоў. "Многіх-многіх з нас не будзе (такое жыццё) тут, ну а мост як помнік нашых добрых спраў будзе моцна стаяць і забяспечваць неабходнае жыццё і Мазыру, і Калінкавічам побач, ды ўсёй нашай краіне, не толькі Гомельшчыне", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ранейшы мост цераз Прыпяць на гэтым месцы быў пабудаваны ў 1958 годзе. Праз дзесяцігоддзі актыўнай эксплуатацыі яму спатрэбілася ўжо рэканструкцыя. Работы вяліся на працягу двух гадоў. Абноўлены мост стаў больш шырокім (10 метраў замест сямі), на ім абсталяваны аглядная пляцоўка на новай вантавай арцы, ліфт з боку Мазыра, арыгінальная падсветка.

Першапачаткова рух па новым мосце планавалі адкрыць у маі 2026 года, але дзякуючы высокім тэмпам работ удалося зрабіць гэта ўжо да 7 лістапада. Сам мост дзякуючы вантавай арцы і падсветцы яшчэ да адкрыцця стаў аблюбаванай фотазонай для жыхароў Мазыра.

У знак удзячнасці ад мясцовых жыхароў кіраўніку дзяржавы паднеслі ў падарунак карціну "Любімы горад...". Гэта работа настаўніка Мазырскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў Леаніда Прыходзькі. Алеем на палатне намаляваны Мазыр у акружэнні лясоў і пагоркаў, ля падножжа горада працякае маляўнічая рака Прыпяць. Яе набярэжная - аблюбаванае месца для прагулак жыхароў і гасцей горада, а два берагі ракі злучае абноўленая славутасць - рэканструяваны мост.

Карціна, паводле слоў Прэзідэнта, будзе перададзена ў Палац Незалежнасці, дзе ёсць музей падарункаў кіраўніку беларускай дзяржавы ад лідараў іншых краін, вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў, прадстаўнікоў культуры і мастацтва, працоўных калектываў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі