Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

6 Feb 2019

Каля 400 мерапрыемстваў пройдзе ў час XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу

Каля 400 мерапрыемстваў пройдзе ў час XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу

6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 400 мерапрыемстваў адбудзецца ў час XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Паўлава.

Самая маштабная кніжная падзея года Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш стартуе сёння. Яе асноўнае месца лакацыі - адміністрацыйны комплекс па праспекце Пераможцаў, 14. На працягу пяці дзён пісьменнікі, кнігавыдаўцы і распаўсюджвальнікі з усяго свету не толькі прадставяць новыя выданні, але і падвядуць вынікі мінулага года, абмяркуюць праблемы кніжнай галіны і падзеляцца вопытам.

"На Мінскай кніжнай выстаўцы будзе прадстаўлена 439 экспанентаў, з якіх 162 замежныя. Асобнымі стэндамі будуць прадстаўлены Расія, Турцыя, Германія, Фінляндыя, Швецыя, Венгрыя, Малдова, Румынія, Італія, Чэхія, КНДР. Упершыню свае стэнды арганізуюць Азербайджан, Украіна, Казахстан, Ізраіль, Польшча, Кітай, Грэцыя. Ад астатніх краін у выстаўцы будуць удзельнічаць аўтары ў сімпозіуме пісьменнікаў, але калі іх усіх аб'яднаць, то будзе прадстаўлена 35 краін", - расказала начальнік упраўлення.

На Нацыянальным стэндзе Беларусі будуць праходзіць сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі, тэматычныя квесты, кінапаказы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы і інтэрактыўныя чытанні. Кожны дзень будзе асаблівым. "Перш за ўсё адзначу цікавую экспазіцыю "Мясціны, любыя сэрцу" ў рамках аўтарскага праекта Уладзіміра Ліхадзедава "У пошуках страчанага", на якой прадставяць паштоўкі і фатаграфіі канца XIX - пачатку XX стагоддзя, кнігі і іншыя рарытэтныя экспанаты, прысвечаныя Году малой радзімы, а таксама экспазіцыі, прысвечаныя ўраджэнцам Беларусі Адаму Міцкевічу і Яну Булгаку", - расказала Алена Паўлава.

Нацыянальная бібліятэка прадставіць экспазіцыю "Беларускі Буквар: чатыры стагоддзі гісторыі". Будзе працаваць і перасовачная выстаўка мастацкіх кніг сучасных пісьменнікаў дзяржаў СНД "Чытаем разам - пазнаём адзін аднаго". "На нашым стэндзе будуць дэманстравацца кнігі - пераможцы нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў "Мастацтва кнігі", выстаўка друкаванай прадукцыі, прысвечаная Году малой радзімы і II Еўрапейскім гульням. І гэта не кажучы аб дэманстрацыі арыгінала "Малой падарожнай кніжыцы" Францыска Скарыны 1522 года выдання і экспазіцыі з рэканструяваным друкарскім станком XVI стагоддзя", - дадала яна.

На палях кніжнай выстаўкі пройдзе V Міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час", у якім прымуць удзел амаль 50 прадстаўнікоў розных краін. У час пленарнага пасяджэння яны абмяркуюць тэмы "Гуманітарнае супрацоўніцтва як рухаючая сіла развіцця нацыянальных культур" і "Мастацкі пераклад у ажыццяўленні полікультурных праектаў". Затым удзельнікі сімпозіума пабываюць на літаратурна-мастацкіх вечарах "Малая радзіма твая і мая" і "Янка Купала і Уолт Уітмен. Песня пра вольны шлях", наведаюць прэзентацыю "Анталогія сучаснай азербайджанскай літаратуры. Паэзія" і беларуска-казахскі пісьменніцкі форум "Літаратурны дыялог у прасторы і часе", а таксама ў горадзе Беразіно адкрыюць мемарыяльную дошку калмыцкаму паэту, празаіку, драматургу, удзельніку партызанскага руху Беларусі Міхаілу Ханінаву.

8 лютага адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў 58-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" ў Палацы мастацтва. Першапачаткова ў ім удзельнічала 158 выданняў ад 40 выдавецтваў, але пасля адбору мастацка-экспертнай камісіяй засталося менш за палову. "У нас працуе кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі, дырэктар выдавецтва "Кавалер" Канстанцін Хацяноўскі, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, член саюза дызайнераў Валерый Рагалевіч на чале з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной. Яны вызначаць уладальніка Гран-пры і пераможцаў у некалькіх намінацыях. Традыцыйна ў намінацыі "Майстэрства" ўручаюцца тры ўзнагароды - лепшаму ілюстратару, лепшаму фатографу і лепшаму дызайнеру", - анансавала Алена Паўлава.

У час работы Мінскай кніжнай выстаўкі падвядуць вынікі рэспубліканскага конкурсу на лепшы кнігагандлёвы аб'ект сеткі ААТ "Белкніга" "Мы робім па-людску?!" і акцыі "Пішам кнігу разам. Якой мы хочам бачыць Беларусь праз 10 гадоў". Міністэрствы інфармацыі і адукацыі прапанавалі школьнікам і студэнтам напісаць, якой яны бачаць краіну ў будучым у дзесяці сказах. "Мы не чакалі, што будзе такі ажыятаж вакол гэтага конкурсу. Работы прыходзяць да гэтага часу, і ў вялікай колькасці. Выбраць пераможцу будзе неймаверна цяжка. Прычым як школьнікі, так і студэнты бачаць Беларусь у будучым мірнай, спакойнай, спартыўнай і здаровай", - падкрэсліў начальнік упраўлення.

Адбудуцца музычна-паэтычныя выступленні. На цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Беларусі чакаецца выступленне акцёра, барда, мастака, пісьменніка Аляксандра Калецкага з ЗША. Пасольства Італіі ў Беларусі запрасіла італьянскага пісьменніка і аўтара бардаўскай песні Даменіка Лакашулі. Выступяць артысты з Казахстана Карына Сарсенава, Меруерт Мусралі, Мірас Кіньяраў, этна-трыа "Тэнгры", рок-спявачка Асем, Антон Мітнёў. Творчы вечар паэтэсы і барда Веранікі Долінай правядзе расійскі пісьменнік Міхаіл Валодзін на асноўнай сцэне расійскага стэнда. Дарэчы, цэнтральным экспанентам выстаўкі стане Расія, якая прадставіць яркі стэнд плошчай 200 кв.м і насычаную праграму з удзелам папулярных паэтаў і пісьменнікаў.

Не забылі арганізатары і пра юных наведвальнікаў. Для іх арганізавана спецыяльная пляцоўка, на якой будуць прэзентаваць розную літаратуру для дзяцей і іх бацькоў. Напрыклад, выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" прадставіць сумесны праект з Белтэлерадыёкампаніяй - кнігі "Запальвай! Дзіцячае Еўрабачанне", прысвечанай гэтаму конкурсу песні. Выдавецтва "Пачатковая школа" падрыхтавала развіваючыя кнігі "Вучымся з Топам". Серыю "Свет вакол нас" Міхася Пазнякова прадставіць увазе грамадскасці выдавецтва "Народная асвета". І гэта толькі частка кніжных прэзентацый.

"У мінулым годзе ў Беларусі выдавецтвамі і арганізацыямі розных форм уласнасці, якія займаюцца выдавецкай дзейнасцю, выпушчана 9,665 тыс. назваў кніг і брашур агульным тыражом 25,6 млн экзэмпляраў. У параўнанні з папярэднім годам колькасць выпушчаных выданняў і сукупны тыраж павялічыліся на 0,8 працэнта і 10,8 працэнта адпаведна", - адзначыла Алена Паўлава.

Прыемна, што пляцоўкамі Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў гэтым годзе стануць у тым ліку кніжныя магазіны, бібліятэкі і музеі, будуць арганізаваны літаратурныя экскурсіі, паэтычныя маршруты і тэматычныя семінары. Так, у Палацы мастацтва прадстаўлена кніжная графіка беларускіх мастакоў апошніх гадоў, а выстаўка экслібрыса пройдзе ў Нацыянальным гістарычным музеі.

XXVI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе пад слоганам "Больш чым кнігі" з 6 па 10 лютага. Чакаецца, што выстаўку наведаюць каля 60 тыс. чалавек. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства інфармацыі, Мінскі гарвыканкам, Саюз пісьменнікаў Беларусі, суарганізатары - міністэрствы замежных спраў, адукацыі, культуры, ААТ "Белкніга", ТАА "Макбел".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі