12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра абароны Віктара Хрэніна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы назваў галоўнай прычынай сустрэчы кадравае пытанне ва Узброеных Сілах і прапанаваў міністру абароны абмеркаваць гэту тэму. "Калі на канкрэтным участку (мы гэта ведаем з вопыту) нармальны чалавек, значыць, там і сітуацыя будзе нармальная. Калі не той чалавек - бяда. Мы з вамі дамаўляліся, што вы сур'ёзна падумаеце, з кім вы будзеце далей служыць. Гэта прычына нашай сустрэчы і размовы. А потым падумаем разам, якім чынам я буду размаўляць з генераламі, афіцэрамі, якія служаць у нашых Узброеных Сілах і перш за ўсё - у нашай арміі", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Віктара Хрэніна.
Яшчэ адной тэмай, якую кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з міністрам абароны, стала нядаўняя маштабная праверка Узброеных Сіл. Як адзначыў беларускі лідар, па выніках гэтай праверкі ў абаронным ведамстве Беларусі адбылася сур'ёзная размова.
"Вы там разбіраліся: недзе прынцыпова, а недзе так... Я чакаў, калі вы самі там разберацеся ў добрых рэчах і недахопах (іх заўсёды хапае). Але мы асабліва і не ўтойвалі тыя недахопы, якія бываюць у арміі. Я вырашыў, што нам утойваць гэтыя недахопы не трэба, але і напаказ мы іх асабліва не выстаўлялі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Не бывае так, што пра Узброеныя Сілы недзе дрэнна кажуць. Але мы гэта больш адкрыта рабілі, чым кіраўніцтва іншых краін. Мусіць, гэта і правільна: людзі павінны бачыць, што мы нічога ўтойваць не будзем".
Беларускі лідар разлічвае, што работа над устараненнем і выпраўленнем выяўленых у ходзе праверкі недахопаў не завершыцца: "Я вельмі разлічваю, што гэты працэс не скончыцца, што кіраўніцтва арміі і перш за ўсё міністр будуць удзяляць самую сур'ёзную ўвагу тым недахопам, якія выявіліся пасля гэтай праверкі".



Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў свой тэзіс аб тым, што хоць Беларусь і настроена на мір, армія на тое і існуе, каб быць гатовай весці ваенныя дзеянні, калі будзе такая неабходнасць. "Далей, як я абяцаў, мы кропкава будзем адмабілізоўваць часці для таго, каб рыхтаваць іх да вайны. Дай бог, каб яе ўдалося пазбегнуць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Як расказаў журналістам Віктар Хрэнін, у ходзе даклада абмяркоўвалася не толькі праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл, якая праводзілася па даручэнні Прэзідэнта, але і праверка ў адпаведанасці з планам Мінабароны і Генштаба. Міністр абароны падкрэсліў, што па выніках гэтых праверак быў праведзены дасканалы аналіз і зроблены пэўныя высновы.
"Можна зрабіць выснову, што нашы людзі гатовы абараняць Радзіму. Гэта мы бачылі вельмі дакладна, асабліва па тых людзях, якія прызываліся, выходзілі з зоны камфорту, адрываліся ад сем'яў і работы. А гэта больш за 6 тыс. чалавек, - звярнуў увагу Віктар Хрэнін. - У той абстаноўцы, у якой мы знаходзімся, на нашых плячах ляжыць велізарная адказнасць. Мы будзем рабіць адпаведныя высновы і рухацца наперад".
Кіраўнік абароннага ведамства нагадаў, што днём раней, 11 мая, на нарадзе ў Прэзідэнта разглядаўся праект Дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2026-2030 гады: "На Узброеныя Сілы плануецца выдзяляць сур'ёзныя сродкі. Мы не павінны проста так быць на шыі ў свайго народа, а павінны забяспечваць ваенную бяспеку. На нашых плячах - суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць дзяржавы".
Што датычыцца кадравага пытання, Віктар Хрэнін адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка даручыў зрабіць даклады па ўсіх перспектыўных кадрах у Міністэрстве абароны. "Рашэнні будзе прымаць Прэзідэнт. Мы толькі рыхтуем прапановы (па кадрах. - Заўвага БЕЛТА), - канстатаваў ён.