Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

12 Jun 2015

Гран-пры ХII Міжнароднага конкурсу дзяржаў СНД "Мастацтва кнігі" ўдастоена "Беларусь замкавая"

Гран-пры ХII Міжнароднага конкурсу дзяржаў СНД

12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гран-пры ХII Міжнароднага конкурсу дзяржаў - удзельніц СНД "Мастацтва кнігі", які прайшоў 4-5 чэрвеня ў Алматы, удастоена кніга "Беларусь замкавая", выдадзеная ААТ "Паліграфкамбінат імя Я.Коласа". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі.

Усяго на XII Міжнародным конкурсе дзяржаў СНД "Мастацтва кнігі" кнігавыдаўцы Беларусі атрымалі 12 дыпломаў: Гран-пры, пяць дыпломаў I ступені, пяць дыпломаў II ступені, адзін спецыяльны дыплом.

Выданне "Перамога - адна на ўсіх" РУП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва" стала ўладальнікам дыплома II ступені ў намінацыі "Перамога". У намінацыі "Садружнасць" дыплом I ступені прысуджаны кнізе "Перамога адна на ўсіх. Казахстан-Беларусь" выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". Дыплома I ступені ў намінацыі "Мая краіна" таксама ўдастоена выданне "Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі" "Кніжная спадчына Беларусі". У намінацыі "Кніга для дзяцей і юнацтва" дыплом II ступені прысуджаны серыі "Журавінка": "Васіль Зуёнак "Запішыце мяне ў мядзведзі". Васіль Жуковіч "Хто хацеў бы пакатацца". Віктар Гардзей "Сарочына цырульня". Выдавец - УП "Мастацкая літаратура". У намінацыі "Дыялог культур" дыплом I ступені атрымала кніга "Францыск Скарына на мовах народаў свету" выдавецкага дома "Звязда".

Адзначаны таксама беларускія выданні ў намінацыях "Навука і інавацыя" - дыплом II ступені "Нарысы гісторыі культуры Беларусі", у 2-х частках, РВУ "Выдавецкі дом "Беларуская навука" і ў намінацыі "Вучэбная літаратура і адукацыя" - дыплом I ступені камплектнае выданне "Magic boх 4". Англійская мова. 4 клас: вучэбны дапаможнік для вучня, кніга для чытання, тэсты, рабочы сшытак-1, рабочы сшытак-2, сшытак-слоўнік, выдавец - ТДА "Аверсэв".

Кніга Наталлі Шаранговіч "Уладзімір Слабодчыкаў. Скульптура" адзначана дыпломам II ступені ў намінацыі "Арт-кніга" (Выдавецкі дом "Звязда"). У намінацыі "Надрукавана ў Садружнасці" дыпломам I ступені ўзнагароджана кніга Таццяны Бяловай, Барыса Крэпака "Завяшчанне нашчадкам" (выдавец - ААТ "Паліграфкамбінат імя Я.Коласа").

Кніга "Якуб Колас. "Новая Зямля" выдавецтва "Мастацкая літаратура" стала ўладальнікам дыплома II ступені ў намінацыі "Мастацтва ілюстрацыі".

Кнігавыдаўцы Беларусі, удзельнічаючы ў конкурсе дванаццаты раз, прадставілі на суд журы кнігі па ўсіх з заяўленых намінацый: "Садружнасць", "Мая краіна", "Кніга для дзяцей і юнацтва", "Дыялог культур", "Навука і інавацыі", "Арт-кніга", "Вучэбная літаратура і адукацыя", "Надрукавана ў Садружнасці", "Перамога", "Мастацтва ілюстрацыі", "Гран-пры".

Рэспубліка Беларусь выступіла на конкурсе з 23 кнігамі павышанай якасці, 11 з якіх выпушчаны дзяржаўнымі выдавецтвамі "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", "Вышэйшая школа", "Мастацкая літаратура", а таксама выдавецкімі дамамі "Беларуская навука" і "Звязда". Акрамя таго, кнігі прадставілі арганізацыі "Чатыры чвэрці", "Кніжны дом", "Аверсэв", "Белавагруп", "Калекшн", Нацыянальная бібліятэка Беларусі, БЕЛТА, паліграфічны камбінат імя Я.Коласа.

Усяго на конкурс паступіла 117 выданняў з дзевяці краін СНД: Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Арменія, Рэспублікі Беларусь, Грузіі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі, Туркменістана і Эстоніі.

У верасні бягучага года ў час правядзення ХХVIII Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў ХII Міжнароднага конкурсу дзяржаў - удзельніц СНД "Мастацтва кнігі".

Выданні-лаўрэаты ХII Міжнароднага конкурсу дзяржаў - удзельніц СНД "Мастацтва кнігі" будуць дэманстравацца ў экспазіцыі Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях Расійскай Федэрацыі ў рамках ХХVIII ММКВК, а потым перададзены на бязвыплатнай аснове Выканкаму СНД для папаўнення кніжнага фонду музея гісторыі СНД у Мінску. Акрамя таго, лаўрэаты конкурсу ад Беларусі будуць прадстаўлены ў ходзе правядзення ХХII Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне.

Выканкам СНД плануе арганізацыю асобнага стэнда лепшых кніг краін Садружнасці на XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў лютым 2016 года.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі