Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

5 Стд 2017

Галоўнай тэмай старшынства Беларусі ў ЦЕІ ў 2017 годзе стане садзейнічанне сумяшчальнасці ў Еўропе

Галоўнай тэмай старшынства Беларусі ў ЦЕІ ў 2017 годзе стане садзейнічанне сумяшчальнасці ў Еўропе

5 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Галоўнай тэмай старшынства Беларусі ў ЦЕІ ў 2017 годзе стане садзейнічанне сумяшчальнасці ў Еўропе. Аб гэтым на брыфінгу ў Мінску заявіў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У якасці галоўнай тэмы беларускага старшынства, якая адпавядае адметным рысам дзейнасці ЦЕІ, а таксама інтарэсам усіх краін-удзельніц беларускім бокам выбрана тэматыка садзейнічання сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе", - заявіў прадстаўнік МЗС.

Паводле слоў Дзмітрыя Мірончыка, Беларусь плануе ўдзяляць асаблівую ўвагу гэтай тэме ў самым шырокім кантэксце. Ён адзначыў, што разам з развіццём транспартнай і лагістычнай інфраструктуры неабходны гарманізацыя стандартаў і мытных працэдур, укараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій для спрашчэння гандлю і развіцця трансгранічных паслуг, стымуляванне прадпрымальніцтва ўздоўж шляхоў асноўных транспартных калідораў і іншыя крокі, накіраваныя на стварэнне безбар'ернага асяроддзя на карысць эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

Для вырашэння гэтых комплексных задач Беларусь імкнецца да стварэння ўсебаковага супрацоўніцтва адначасова як паміж краінамі рэгіёна, так і паміж рознымі інтэграцыйнымі пляцоўкамі. У іх ліку ЕС, ЕАЭС, ініцыятыва "Усходняе партнёрства", а таксама іншыя субрэгіянальныя арганізацыі, як Вышаградская група, Савет краін Балтыйскага мора, Арганізацыя Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва.

"Беларускі бок плануе надаць новы імпульс супрацоўніцтву ЦЕІ з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, у першую чаргу з ЕБРР, дзеля сумеснай рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў у розных сферах. Беларусь будзе таксама садзейнічаць супрацоўніцтву вакол буйных ініцыятыў, якія маюць важнае значэнне для ўстойлівага эканамічнага развіцця ўсяго еўрапейскага рэгіёна, як, напрыклад, кітайскі праект новага Шаўковага шляху", - заявіў Дзмітрый Мірончык.

Ён адзначыў, што будзе прадоўжана работа па ўмацаванні і развіцці ўзаемадзеяння ЦЕІ з іншымі міжнароднымі арганізацыямі, як АБСЕ, ААН, ЮНЕСКА.

Прэс-сакратар заявіў, што паралельна з перспектывай пашырэння шматбаковага супрацоўніцтва старшынства ў ЦЕІ стварае для Беларусі магчымасці па актывізацыі практычнага двухбаковага супрацоўніцтва з краінамі - удзельніцамі арганізацыі, многія з якіх традыцыйна з'яўляюцца для беларускага боку важнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі. "Старшынства ў ЦЕІ таксама будзе садзейнічаць удзелу Беларусі ў еўрапейскіх інтэграцыйных працэсах з акцэнтам на гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных аспектах. Безумоўна, мы спадзяёмся, што яно пасадзейнічае як міжнароднаму іміджу Беларусі, так і прадаўжэнню нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам", - сказаў Дзмітрый Мірончык.

"У 2017 годзе Беларусь прыняла старшынства ў ЦЕІ. Упершыню ў незалежнай гісторыі наша краіна ўзначаліла субрэгіянальную еўрапейскую арганізацыю. Раней Беларусь ніколі не старшынствавала ў арганізацыі, якая знаходзіцца за межамі постсавецкай прасторы", - падкрэсліў прэс-сакратар.

Дзмітрый Мірончык адзначыў, што галоўная задача ЦЕІ - садзейнічаць умацаванню прагматычнага еўрапейскага супрацоўніцтва ў мэтах прадухілення з'яўлення новых раздзяляльных ліній у Еўропе. ЦЕІ таксама адыгрывае ролю важнага форуму для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферах энергетыкі, транспарту, навукі і тэхналогій, адукацыі, культуры, малога і сярэдняга бізнесу, сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя, развіцця чалавечых рэсурсаў, СМІ, абароны нацыянальных меншасцей, турызму.

Прэс-сакратар канстатаваў, што ЦЕІ ставіць мэту знайсці сваю нішу ў развіцці рэгіянальнага супрацоўніцтва. У прыватнасці, умацоўваецца ўзаемадзеянне з ЕС, ідзе больш цеснае падключэнне да фондаў і праграм Еўрасаюза ў якасці каардынатара і вядучага партнёра, фармалізуецца ўзаемадзеянне з іншымі міжнароднымі і субрэгіянальнымі арганізацыямі.

Цэнтральнаеўрапейская ініцыятыва - рэгіянальнае аб'яднанне, у склад якога ўваходзяць 18 дзяржаў: Албанія, Аўстрыя, Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Балгарыя, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чэхія, Чарнагорыя і Украіна. Беларусь далучылася да аб'яднання ў чэрвені 1996 года. ЦЕІ адыгрывае ролю важнага форуму для развіцця ўзаемадзеяння дзяржаў Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы ў сферах трансгранічнага супрацоўніцтва, энергетыкі, транспарту, навукі і тэхналогій, адукацыі, культуры, малога і сярэдняга бізнесу, сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і інш. У 2016 годзе старшынства ў ЦЕІ ажыццяўляла Боснія і Герцагавіна. У 2017 годзе старшынства перайшло Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі