Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

19 Ліп 2024

Беларусь разлічвае на небывалы ўраджай, але ці ўдасца абмінуць падводныя камяні? Вось што патрабуе Лукашэнка

Беларусь разлічвае на небывалы ўраджай, але ці ўдасца абмінуць падводныя камяні? Вось што патрабуе Лукашэнка
Фота з архiва

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ураджайнасць сельскагаспадарчых культур у краіне чакаецца вышэйшая за мінулагоднюю, аднак, каб сабраць усё хутка і без страт, неабходна вырашыць шэраг праблемных пытанняў. На гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу 19 ліпеня ў час селектарнай нарады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Давайце па-рабочаму правядзём нашу нараду. Галоўнае не ў тым, якія ў вас там працэнты. Гэта важна, але яны ніколі дакладнымі не бываюць. Па розных прычынах, у тым ліку і суб'ектыўных. Таму па-дзелавому: чаго не хапае, якая патрэбна дапамога. З наступнага тыдня па ўсіх пытаннях, якія будуць узняты, будзе кантроль за выкананнем. Гэта галоўнае. Таму што атрымліваецца так: мы з вамі сабраліся, пагаварылі, нібыта вы бойка мне - і міністры, і члены ўрада, і іншыя на месцах - далажылі, як мы гераічна пачалі працаваць, а потым аказваецца, што не зусім так. Таму па-дзелавому, канкрэтна і галоўнае - недахопы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер настаў вырашальны этап летняй уборачнай кампаніі. "У гэтым годзе, нягледзячы на некаторыя абставіны, у нас сітуацыя павінна быць значна лепшая, чым у мінулыя гады. Асабліва на ўборцы ўраджаю і нарыхтоўцы травяных кармоў. Ужо так, як сёлета, сельскую гаспадарку мы ніколі не падтрымлівалі, можна сказаць, у гісторыі наогул. І тэхніка была перададзена, і пытанні фінансавыя, матэрыяльныя вырашаны. Калі недзе нехта нешта недапрацаваў - мы і сабраліся, каб абмеркаваць. Папярэджваю ўсіх: адказнасць будзе вельмі сур'ёзная. Таму мы і вырашылі правесці селектарную нараду. Прычына перш за ўсё ў тым, што ў нас сёння ў полі небывалы ўраджай", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, ураджайнасць чакаецца значна вышэйшая за мінулагоднюю. Як дакладваюць Прэзідэнту, валавы збор каласавых складзе амаль 10 млн т. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае: гэта павінен быць мінімум. "10 мільёнаў - гэта нядрэнна, але гэта ніжняя мяжа. Усё, што звыш дзесяці, - гэта добра. 11 - вельмі добра. Таму трэба імкнуцца да таго, каб мець у гэтым годзе 11 мільёнаў тон і атрымаць добры ўраджай. І не толькі каласавых, але і рапсу", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Аднак гэта ў тэорыі. Хлябы пакуль па большай частцы стаяць на палях, іх трэба ўбраць хутка. Прычым хутка і без страт. Як заўсёды. Тады і ўсе патрэбнасці ў збожжы на год наперад закрыем, кармавую базу забяспечым і на імпарце сэканомім валюту. Больш таго, і рэзерв пэўны створым на будучы год. Як звычайна, у нас ёсць падводныя камяні", - заўважыў Прэзідэнт.

Аб умовах надвор'я і гаспадарчым падыходзе

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ўмовы надвор'я такія, што тэрміны развіцця раслін апярэджваюць мінулагоднія прыкладна на 10-12 дзён. Значыць, зрушыліся і тэрміны ўборкі.

"Мы вымушаны будзем убіраць адначасова некалькі культур, ды яшчэ само жніво накладваецца на нарыхтоўку траў другога і трэцяга ўкосаў, а таксама на сяўбу азімых крыжакветных. Што рабіць у гэтай сітуацыі, вопыт таксама ў нас ёсць, нічога прыдумваць не трэба. Патрэбны высокая арганізацыя работ, добрая матывацыя аграрыяў і жалезная дысцыпліна. Пакуль - нават тое, што я бачу простым вокам, - мы гэтага не маем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што гаспадарчае стаўленне нават, здавалася б, да штодзённых рэчаў, дапаможа значна сэканоміць фінансавыя рэсурсы. Напрыклад, калі не ганяць штодзень туды-сюды камбайны праз усю тэрыторыю гаспадаркі, а забяспечыць іх абслугоўванне і ахову на палях, то ўдасца зберагчы тысячы і тысячы долараў.

"Я чаму так строга стаўлю пытанне. У нас сельская гаспадарка не прыватная, ды і прыватнікам мы ж дапамагаем, такія датацыі сельскай гаспадарцы даём. Вы ж прасілі, плакалі, што вам патрэбны тэхніка, камбайны, трактары, угнаенні. Наколькі толькі магчыма і немагчыма, мы вам гэта далі. Дык мае дзяржава права спытаць? Мае. Выконвайце", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Ён таксама звярнуў увагу на недапушчальнасць страт збожжа пры ўборцы ўраджаю: "Мы ад элементарнага можам атрымаць каласальны грашовы эфект".

"Таксама неабходна аператыўная каардынацыя ўсіх дзеянняў на ўсіх узроўнях кіравання. Гэта датычыцца ў тым ліку і МУС, і МНС", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб ўстараненні парушэнняў

Асаблівая роля ва ўборачнай кампаніі адводзіцца Камітэту дзяржаўнага кантролю і Генеральнай пракуратуры. Паводле існуючых даных, ёсць цэлы букет розных парушэнняў: крадзяжы, карупцыя, прыпіскі, негатоўнасць тэхнікі і зернесушыльных комплексаў і іншыя. "Негатоўнасць камбайна, хоць аднаго, або сушылкі - гэта злачынства", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле інфармацыі МУС, ужо ў час пасяўной кампаніі бягучага года выяўлены 142 злачынствы. У асноўным крадуць паліва. Супрацоўнікамі міліцыі канфіскавана больш за 50 т паліва, 14 т збожжа, 17 т камбікармоў, 7 т угнаенняў, 50 л сродкаў аховы раслін. Таксама задакументавана 29 фактаў атрымання хабару службовымі асобамі прадпрыемстваў АПК.

Так, узбуджана крымінальная справа ў дачыненні да начальніка Пастаўскага вытворчага ўчастка і тэхніка-лабаранта Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, якія за два дні ўчынілі крадзеж 9 т збожжа пшаніцы.

Аб гатоўнасці тэхнікі

Актуальнай праблемай застаецца гатоўнасць тэхнікі. "Хай сабе 2 працэнты машын не змаглі давесці да розуму. Але, як адзначае Камітэт дзяржкантролю, з правераных па рэспубліцы сельгасарганізацый практычна ў кожнай пятай зернесушыльныя комплексы не гатовы да работы. А куды ўпаўнаважаныя, а куды памочнікі (Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА) глядзяць? Некаторыя факты з пазіцыі рацыянальнай логікі наогул растлумачыць немагчыма", - заявіў Прэзідэнт.

Напрыклад, у ААТ "Мядзелаграсэрвіс" на пачатак уборкі былі няспраўнымі тры з сямі збожжаўборачных камбайнаў, у чатырох не пройдзены дзяржтэхагляд. Пры гэтым збожжаўборачны камбайн "Дон-1500Б" 2005 года выпуску ўвогуле не быў зарэгістраваны ў органах Дзяржтэхнагляду.

"Гэта як зразумець? Калі райаграсэрвіс у сваёй роднай гаспадарцы не можа выдаць стапрацэнтную гатоўнасць тэхнікі, што мы можам патрабаваць ад іншых? - спытаў кіраўнік дзяржавы. - Некаторыя ўжо забылі, што 2024 год мы аб'явілі Годам якасці. І размова не толькі пра тэхніку. Ужо на пачатковым этапе ўборачнай кампаніі ўстаноўлены факты няякаснай уборкі ўраджаю".

Паводле яго слоў, такія парушэнні зафіксаваны ў асобных гаспадарках Івацэвіцкага, Жабінкаўскага, Камянецкага, Столінскага, Светлагорскага, Карэліцкага, Навагрудскага, Валожынскага, Асіповіцкага раёнаў.

Аналагічная сітуацыя з працоўнай і тэхналагічнай дысцыплінай на нарыхтоўцы кармоў. У многіх гаспадарках не праведзена падкормка азотнымі ўгнаеннямі шматгадовых траў пасля першага ўкосу, што адмоўна паўплывае на іх ураджайнасць з другога ўкосу.

Аб праблемных пытаннях

"Хачу пачуць слушныя даклады па праблемных пытаннях. Якое становішча ў рэгіёнах з кадрамі: вадзіцелі, механізатары, камбайнеры? Я ж яшчэ зімой папярэджваў, што ў кожнага губернатара на стале павінен ляжаць план па прыцягненні механізатарскіх кадраў. Прамысловасць і горад павінны падставіць плячо, таму што людзей з вёскі мы як пыласосам выцягваем. Што мы маем на сённяшні дзень з гатоўнасцю збожжаўборачных камбайнаў, сушыльнай і зернеачышчальнай гаспадаркі? Барані бог у якой-небудзь гаспадарцы мы знойдзем камбайн, які стаіць і не працуе па нейкіх прычынах, а яшчэ горш зернесушылку. Як складваецца сітуацыя на месцах, якія пытанні патрабуюць неадкладнага вырашэння? Што трэба зрабіць, каб паставіць на лінейку гатоўнасці неабходны парк тэхнікі?" - абазначыў тэмы для размовы Прэзідэнт.

Таксама Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ва ўрада і кіраўнікоў абласцей, якую дапамогу аказваюць аграрыям вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі.

"Ці ёсць праблемы ў яе эксплуатацыі, абслугоўванні? Як вырашаюцца пытанні забеспячэння палівам? Ці вырашаны ўсе пытанні пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі па дзяржзаказе? Мяркую, што ў бягучым годзе праблем з нарыхтоўкай харчовага збожжа не павінна быць. Трэба аператыўна ўсё заказанае збожжа прыняць, своечасова за яго разлічыцца. Для гэтага ўсё ёсць. Прыёмка збожжа павінна быць кругласутачнай", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

"Мы таксама абавязаны дапамагчы ўбраць ураджай на асабістых падворках грамадзян. Тут галоўныя адказныя - райвыканкамы, сельсаветы і кіраўнікі гаспадарак. Майце на ўвазе: падмануць або ўтаіць якія-небудзь факты не атрымаецца. Гатовы выслухаць любыя пытанні, якія патрабуюць вырашэння на рэспубліканскім узроўні", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі