24 сакавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Арлоўская вобласць рэалізуюць шэраг буйных праектаў. Такая дамоўленасць дасягнута сёння на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Вадзімам Патомскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па выніках сустрэчы расійскі губернатар расказаў журналістам, што ўжо ў бліжэйшы час бакі маюць намер пачаць рэалізацыю шэрага праектаў. Каб паскорыць працэс, Беларусь адкрые сваё прадстаўніцтва ў Арлоўскай вобласці, а ў Беларусі з'явіцца прадстаўніцтва гэтага расійскага рэгіёна. Профільныя міністэрствы выпрацуюць дарожную карту супрацоўніцтва, у якой будуць вызначаны тэрміны па рэалізацыі тых ці іншых праектаў.
Гаворачы аб напрамках супрацоўніцтва, Вадзім Патомскі адзначыў, што іх спектр шырокі - гэта малочная вытворчасць, будаўніцтва з нуля малочных комплексаў і поўны цыкл перапрацоўкі малака, перапрацоўка збожжа, угнаення, у сферы прамысловай вытворчасці. Арлоўская вобласць гатова нарошчваць узаемадзеянне ў сельскай гаспадарцы, машынабудаўнічым комплексе, ствараць сумесныя прадпрыемствы.
"Сустрэча вельмі парадавала, яна вельмі канструктыўная. І я ўпэўнены, што эфект ад яе будзе проста вялікі", - сказаў губернатар.