Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прэзідэнцкія выбары-2015

Прэзідэнцкія выбары-2015 у Беларусі

11 Врс 2015

У Беларусі пачынаецца перыяд перадвыбарнай агітацыі

11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі 11 верасня пачынаецца перыяд перадвыбарнай агітацыі, паведамляе БЕЛТА.

Напярэдадні Цэнтрвыбаркам прыняў рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатамі чатырох прэтэндэнтаў на пасаду Прэзідэнта - Сяргея Гайдукевіча, Таццяны Караткевіч, Аляксандра Лукашэнкі і Мікалая Улаховіча. Выдадзены адпаведныя пасведчанні.

Беларускае заканадаўства забараняе агітацыю, накіраваную на байкот або зрыў выбараў - агітаваць можна за ўдзел у выбарах або канкрэтных кандыдатаў. Агітацыя, накіраваная на байкот, з'яўляецца незаконнай і можа карацца адміністрацыйнай адказнасцю.

Для таго, каб звярнуцца да выбаршчыкаў, кожны кандыдат мае права на два бясплатныя выступленні ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" і на два бясплатныя выступленні ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Працягласць аднаго выступлення не можа перавышаць 30 мінут.

Як стала вядома па выніках жараб'ёўкі, Сяргей Гайдукевіч выступіць на тэлебачанні 15 верасня і 25 верасня; на радыё - 23 верасня (6.10 - 6.40) і 30 верасня (6.10 - 6.40). Таццяна Караткевіч выступіць на тэлебачанні 17 верасня і 24 верасня; на радыё - 25 верасня (6.10 - 6.40) і 2 кастрычніка (6.40 - 7.10). Аляксандр Лукашэнка атрымаў час для выступлення на тэлебачанні 16 верасня і 23 верасня; на радыё - 23 верасня (6.40 - 7.10) і 30 верасня (6.40 - 7.10). Мікалай Улаховіч выступіць на тэлебачанні 18 верасня і 22 верасня; на радыё яму будзе выдзелены час 25 верасня (6.40 - 7.10) і 2 кастрычніка (6.10 - 6.40).

Тэледэбаты пройдуць на тэлеканале "Беларусь 1" 3 кастрычніка, пачатак - у 17.00. Для гэтага адводзіцца 60 мінут эфірнага часу. Кандыдат, які жадае ўдзельнічаць у тэледэбатах, не пазней як 18 верасня павінен падаць у Белтэлерадыёкампанію пісьмовую заяву. Пры гэтым можна ўпаўнаважыць для ўдзелу ў тэледэбатах давераную асобу.

Акрамя таго, кандыдаты маюць права бясплатна апублікаваць сваю перадвыбарную праграму ў асобных беларускіх газетах. Аб'ём перадвыбарнай праграмы не можа перавышаць пяці машынапісных старонак (не больш як 10 тыс. знакаў з прабеламі пры камп'ютарным наборы). Пры апублікаванні перадвыбарных праграм захоўваецца чарговасць іх паступлення, якая вызначаецца на падставе асобнай рэгістрацыі ў рэдакцыях газет з пазначэннем даты і часу паступлення перадвыбарных праграм.

У сталіцы і рэгіёнах Беларусі дазволена праводзіць масавыя мерапрыемствы для ажыццяўлення перадвыбарнай агітацыі. Напрыклад, на тэрыторыі Мінска такія мерапрыемствы можна праводзіць у любых прыдатных для гэтых мэт месцах, за выключэннем аб'ектаў метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, падземных пешаходных пераходаў, мастоў і пуцеправодаў, праезнай часткі аўтамабільных дарог; Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці, плошчы Перамогі, плошчы Дзяржаўнага сцяга, Прывакзальнай плошчы, плошчы Якуба Коласа; размешчаных на адлегласці менш як 200 м ад будынкаў рэзідэнцый Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў; размешчаных на адлегласці менш як 50 м ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы, дзіцячых дашкольных устаноў.

Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка. Цяпер за ходам выбарчай кампаніі назіраюць доўгатэрміновыя місіі БДІПЧ АБСЕ і СНД. У дзень выбараў прыбудуць кароткатэрміновыя наглядальнікі. У тым ліку чакаецца, што да ўдзелу ў маніторынгу далучацца прадстаўнікі ПАСЕ (папярэдняя місія знаходзілася ў Беларусі з візітам 8-9 верасня). Таксама Цэнтрвыбаркам накіраваў запрашэнні непасрэдна ў ЦВК іншых дзяржаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі