22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наглядальнікі ад СНД канстатуюць аднолькавы падыход да ўсіх прэтэндэнтаў у прэзідэнты Беларусі пры праверцы подпісаў у падтрымку іх вылучэння. Аб гэтым гаворыцца ў прамежкавай справаздачы маніторынгавай місіі краін Садружнасці, тэкст якой апублікаваны сёння на афіцыйным сайце Выканкама СНД, паведамляе БЕЛТА.
"Наглядальнікі ад Садружнасці прымалі ўдзел у шэрагу пасяджэнняў тэрытарыяльных камісій пры падвядзенні вынікаў праверкі дакладнасці подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, і канстатавалі, што падыход да ўсіх прэтэндэнтаў быў аднолькавы, роўны і адпавядаў выбарчаму заканадаўству", - гаворыцца ў справаздачы.
У ёй таксама адзначаецца, што збор подпісаў праходзіў бесперашкодна. Цэнтрвыбаркамам быў падрыхтаваны інфармацыйна-растлумачальны відэаматэрыял аб парадку збору подпісаў, які трансліраваўся па каналах тэлебачання.
Па выніках збору і праверкі падпісных лістоў у рэгістрацыі было адмоўлена двум патэнцыяльным кандыдатам: Жанне Раманоўскай, паколькі ў ЦВК было прадстаўлена менш як 800 подпісаў, і Віктару Цярэшчанку, паколькі з усіх прадастаўленых ім подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння яго кандыдатам сапраўднымі аказаліся толькі 6699.
"Пададзеная Віктарам Цярэшчанкам у Вярхоўны суд скарга на адмову ў рэгістрацыі не была задаволена. Наглядальнікі ад Садружнасці прысутнічалі на пасяджэнні Вярхоўнага суда па гэтым пытанні", - гаворыцца ў прамежкавай справаздачы.
Маніторынгавая місія таксама адзначае, што вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, разгляд скаргаў і зваротаў праходзілі ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам.