Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | 70-годдзе Вялікай Перамогі

70-годдзе Вялікай Перамогі

28 Крс 2015

Беларускі музей Вялікай Айчыннай вайны прадставіў у Маскве экспазіцыю да юбілею Перамогі

28 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадставіў сваю экспазіцыю ў Маскве. Яна стала часткай пачатага сёння на Паклоннай гары міжнароднага выставачнага праекта "У барацьбе супраць нацызму мы былі разам", прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адкрываючы выстаўку, прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў назваў яе ўнікальнай, паколькі яна прысвечана ўкладу ўсіх народаў Савецкага Саюза ў разгром фашыстаў і расказвае аб ролі кожнай рэспублікі ў дасягненні агульнай перамогі. "Мы не дзялілі перамогу ў 1945 годзе і цяпер не дзелім яе. Гэта наша агульная перамога і наша агульнае свята", - падкрэсліў прэм'ер-міністр Расіі.

Дзмітрый Мядзведзеў быў у ліку першых, хто агледзеў беларускую экспазіцыю. Тлумачэнні яму рабілі дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Скобелеў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка.

У размове з карэспандэнтам БЕЛТА Мікалай Скобелеў адзначыў, што прывезеная з Мінска экспазіцыя сімвалічная, яна адлюстроўвае ўклад беларускага народа ў дасягненне Вялікай Перамогі і спецыфіку яго барацьбы з фашыстамі. "Гэта вялікая аб'ёмная выстаўка, дзе прадстаўлена ўся храналогія вайны", - сказаў ён. Экспазіцыя расказвае пра абарончыя баі, пра жыццё насельніцтва ў акупацыі, пра вызваленне Беларусі і, вядома ж, пра маштабны партызанскі рух у рэспубліцы.

Мікалай Скобелеў паведаміў, што з часу адкрыцця новага будынка музея ўпершыню для дэманстрацыі за яго межы вывезены такі значны аб'ём экспанатаў. У Маскве прадстаўлены асабістыя рэчы, дзённікі, дакументы партызан і байцоў рэгулярнай арміі, іх халодная і агнястрэльная зброя, у тым ліку самаробная, сцягі партызанскіх атрадаў, рукапісныя часопісы, лістоўкі і газеты, што выдаваліся ў падполлі. Сярод іх ёсць і ўнікальныя, надрукаваныя на бяросце. Акрамя таго, тут выстаўлены прадметы, знойдзеныя на месцах канцэнтрацыйных лагераў, карціны вядомых беларускіх мастакоў на тэму вайны і многае іншае.

Паводле задумкі арганізатараў, выставачны праект "У барацьбе супраць нацызму мы былі разам" павінен стаць адной з галоўных культурных падзей у СНД, прысвечаных юбілею Перамогі. Яго галоўная мэта - захаванне духоўнага і маральнага адзінства народаў. У праект увайшлі экспазіцыі, прадстаўленыя міністэрствамі культуры і нацыянальнымі музеямі Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана і Кыргызстана. Уклад у перамогу астатніх савецкіх рэспублік паказаны сіламі спецыялістаў расійскага Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны. Выстаўка адкрылася ў час міжнароднага форуму пераможцаў "Вялікая Перамога, здабытая адзінствам", які праходзіць сёння ў Маскве.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі