Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

5 Jul 2017

Лукашэнка прапануе пачаць у АБСЕ дыскусію аб неабходнасці арганізацыі "Хельсінкі-2"

Лукашэнка прапануе пачаць у АБСЕ дыскусію аб неабходнасці арганізацыі

5 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе пачаць у рамках АБСЕ дыскусію аб неабходнасці арганізацыі новага Хельсінкскага працэсу. Аб гэтым ён заявіў сёння на пленарным пасяджэнні, прысвечаным урачыстаму адкрыццю 26-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, відавочна неабходнасць абнаўлення агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва. "Пры гэтым трэба ўлічыць вялікі пазітыўны вопыт Хельсінкскага працэсу 70-х гадоў, які сведчыць, што дзейнічаць трэба на апярэджанне, а не прымаць рашэнні постфактум. Усё гэта вымушае гаварыць аб актуальнасці ідэі запуску новага Хельсінкскага працэсу. Гэта значыць шырокага дыялогу, накіраванага на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на нашай агульнай прасторы - у Еўра-Атлантыцы і Еўразіі", - сказаў Прэзідэнт.

"У канцы мінулага года я ўжо вылучаў ідэю новага перагаворнага працэсу, аналагічнага Хельсінкскаму. Пры гэтым, гаворачы аб такой маштабнай падзеі ў сённяшніх умовах, трэба, што называецца, трымаць у галаве пашырэнне яе фармату. Магчыма, за кошт падключэння новых удзельнікаў. Тут я ў першую чаргу маю на ўвазе КНР, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Верагодна, нехта лічыць, што на дадзены момант гэтага цяжка дасягнуць: вельмі адрозніваюцца пазіцыі бакоў. Аднак, можа, сваё слова на карысць ідэі новага "Хельсінкі" скажуць іншыя, менш буйныя дзяржавы. І з Захаду, і з Усходу. Лічу, што работу па пашырэнні такога фармату, яго канцэптуалізацыі і арганізацыі перагаворнага працэсу трэба весці толькі сумесна".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што новы Хельсінкскі працэс садзейнічаў бы заключэнню вядучымі сусветнымі дзяржавамі нейкага глабальнага дакумента, паставіў бы кропку ў халоднай вайне, якая даўно завяршылася, выключыўшы магчымасць яе аднаўлення і перарастання ў больш трагічную форму, абазначыў бы стратэгічнае бачанне новых канструктыўных адносін у рэгіёне АБСЕ.

"Мы разумеем, што сфармуляваць ужо цяпер прымальную для ўсіх бакоў мадэль такога ўмоўнага "Хельсінкі-2" няпроста. Таму спачатку важна вызначыць агульныя, задавольваючыя ўсіх прынцыпы і мэты, накіраваныя на ўмацаванне даверу як мінімум у палітычнай і ваеннай сферах. У іх ліку можа быць аб'яднанне намаганняў у барацьбе з тэрарызмам, зніжэнне напружанасці і прадухіленне ваеннай эскалацыі, каардынацыя дзеянняў па рэгуляванні міграцыйных працэсаў, а таксама забеспячэнне кібербяспекі. Словам, мы павінны адрэагаваць на выклікі сучаснасці", - адзначыў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў важнасць спынення геапалітычнага саперніцтва ў рэгіёне, адмовы ад стварэння сфер уплыву і навязвання дзяржавам пэўнай мадэлі грамадска-палітычнага ладу. "Усім патрэбны спалучэнне інтэграцыйных працэсаў, выключна мірнае ўрэгуляванне спрэчак", - упэўнены Прэзідэнт.

"У гэты працэс маглі б уліцца агульныя напрацоўкі ў рамках папярэдніх і цяперашніх ініцыятыў. Калі гэта будзе падтрымана, то ўжо ў наступным годзе можна было б аб'явіць аб правядзенні, скажам, у 2020 годзе на пляцоўцы АБСЕ пашыранай нарады ў рамках новага Хельсінкскага працэсу і пачаць падрыхтоўку да падагульняючага саміту. Мы выступаем за стварэнне групы аднадумцаў для пашырэння гэтай ідэі і маем намер выкарыстоўваць для правядзення гэтай работы разам з АБСЕ і іншыя міжнародныя пляцоўкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што з улікам беларускага вопыту, і калі гэта будзе неабходна, Беларусь гатова стаць стартавай пляцоўкай для пачатку гэтага працэсу. "Хоць разумеем, што пытанні месца і часу з'яўляюцца асаблівай тэмай, якая патрабуе асобнага абмеркавання", - дадаў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі