Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

1 Жнв 2023

Лукашэнка патрабуе не расслабляцца пасля ўборкі хлябоў

Лукашэнка патрабуе не расслабляцца пасля ўборкі хлябоў

1 жніўня, Камянецкі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе не расслабляцца пасля ўборкі хлябоў, паколькі наперадзе яшчэ вялікі шлейф сельгасработ, якія трэба паспець зрабіць у аптымальныя тэрміны. Такое глабальнае даручэнне аграрыям даў кіраўнік дзяржавы ў ходзе рабочай паездкі ў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як далажылі Прэзідэнту, у цэлым па краіне ёсць добрыя разлікі на ўраджай па многіх культурах, хоць у перыяд засухі і былі апасенні. Аднак па кукурузе чакаюць прыбаўку да ўзроўню мінулага года, гэтак жа як і па цукровых бураках. У добрым стане і бульбяныя палі.

"Дзе ёсць тэхналогіі - пытанняў не ўзнікае", - адзначыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Уладзімір Гракун.

"Калі няма тэхналогіі, то, напэўна, і сеяць не трэба. Чаго сеяць і атрымліваць 15-20 ц/га. Мы больш трацім, чым атрымліваем", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Калі людзі нармальна працуюць, і тэхналагічна працуюць, то такім людзям і дапамагаць можна", - дадаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым плане ў Брэсцкай, Гродзенскай і частцы Мінскай вобласці ў цэлым усё добра. "Да гэтага трэба ісці. Без тэхналогіі нікуды", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

А яшчэ Прэзідэнт патрабуе "паднімаць" па ўборцы Віцебскую вобласць. Размова аб тым, каб з улікам кліматычных асаблівасцей высейваць там больш ранніх культур. Размова пра азімы ячмень, рапс і шэраг іншых.

"Гэта жорсткае маё патрабаванне - пасеяць раннія культуры ў паўночных раёнах, каб раней пачаць уборку. Вызвалім палі - раней пасеем азімыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі пра ўборку ў Брэсцкай вобласці збожжавых. Тут практычна выйшлі на экватар уборачнай, а ўраджайнасць параўнальная з леташняй. І прыклад працы мясцовых аграрыяў паказвае правільнасць зробленых ставак на азімыя рапс і ячмень.

Першую з гэтых культур Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў як "харчовую, кармавую і грашовую". Гэта і айчынны рапсавы алей, і кармы ў жывёлагадоўлі, і добры прыбытак. Асобна Прэзідэнт пацікавіўся, ці перапрацоўваецца ўвесь рапс унутры краіны, ці не вывозіцца ў якасці сыравіны за мяжу. Яго запэўнілі, што ў гэтым плане ўсё адрэгулявана і ўсё ідзе на перапрацоўку.

Добра зарэкамендаваў сябе і азімы ячмень. Да яго ў Прэзідэнта павышаная ўвага, ён паўжартам назваў яго "партыйнай культурай". "Мінулы год вельмі добры. Будзем дабаўляць", - сказаў губернатар Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка.

Ён расказаў, што за два апошнія гады ў рэгіёне сфарміравана моцная матэрыяльна-тэхнічная база, на заробленыя грошы закупляюць новыя камбайны, аднаўляюць старыя.

Прэзідэнту ад Брэсцкай вобласці падарылі каравай - першы ў гэтым сезоне.

Асобная размова пра стан спраў у ААТ "Белавежскае". Прадпрыемства добрае, і пастаянна прырастае тэрыторыямі за кошт далучэння суседніх гаспадарак. У выніку ўдалося падняць рэнтабельнасць і эфектыўнасць на далучаных тэрыторыях. З іншага боку, нават існуючых зямель не хапае, каб забяспечыць сябе кармамі для жывёлагадоўлі пад поўную патрэбнасць.

У ААТ "Белавежскае" Аляксандр Лукашэнка наведаў рабатызаваны малочнатаварны комплекс. Тут гаварылі пра тэхналогіі ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Гэта працяг тэмы, аб якой ішла размова і ў ходзе нядаўніх рабочых паездак, і селектарнай нарады. Раней Аляксандр Лукашэнка даручаў вызначыць аптымальны варыянт пры будаўніцтве новых МТК і рэканструкцыі старых ферм.

Кіраўнік дзяржавы агледзеў палі з пшаніцай і рапсам, звярнуўшы асаблівую ўвагу на неабходнасць больш шырокага выкарыстання насення айчыннай селекцыі замест імпартнага. Гэта ў тым ліку задача для беларускіх вучоных.

Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства і жыхарамі аграгарадка Белавежскі, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ім за працу. "Цяпер гэта трэцяя ў нашай краіне па плошчы гаспадарка. Больш за 38 тыс. га зямельных угоддзяў. Але яшчэ каля 20 працэнтаў кармоў вы купляеце для таго, каб накарміць жывёлу. Імкнуцца трэба да таго, каб у вас былі свае кармы. А наогул вы, вядома, малайцы. Я рэдка хвалю людзей, але вы малайцы. Дзякуй вам вялікі за працу. Сяляне наогул у нас людзі моцныя", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў свой прыезд жаданнем паглядзець, як працуюць у вёсцы ў Заходняй Беларусі. "Нядрэнна працуюць. Малайцы. Брэсцкая вобласць цяпер выйшла на добры ўзровень. Ёсць яшчэ над чым працаваць. Ёсць яшчэ і ў Гродне над чым працаваць. Але адчуваецца, што Брэсцкая і Гродзенская вобласці вельмі добра выглядаюць", - зрабіў вывад кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што ў гэтым годзе на сельскую гаспадарку, вядома, паўплывала засуха, асабліва гэта адчувалася ва ўсходніх і цэнтральных раёнах краіны. "Усходняя Беларусь і Цэнтральная - асобныя рэгіёны падсушыла так, што страшна было глядзець. Я калі праязджаў (міма палёў за горадам. - Заўвага БЕЛТА) у Мінск на работу, то стараўся нават на поле не глядзець", - сказаў Прэзідэнт.

Цяпер жа пайшлі дажджы, але ў плане сельгасработ час вельмі спрасаваны. "І кармы трэба будзе травяністыя нарыхтоўваць, і ўборку мы не завяршылі. І трэба пачынаць хутка сеяць, літаральна з дня на дзень. Таму расслабляцца ні ў якім разе нельга", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўніку дзяржавы расказалі аб планах нарошчвання вытворчасці гатовай прадукцыі ў ААТ "Белавежскае" і будаўніцтва каўбаснага цэха. Аднак для гэтага неабходна дадаткова ўкласці сродкі ў рэканструкцыю існуючай энергасістэмы. Цана гэтай часткі пытання - Br16 млн. Прэзідэнта ў час сустрэчы з жыхарамі аграгарадка спыталі, ці можна дапамагчы з фінансаваннем з якіх-небудзь дзяржаўных крыніц.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ва ўрадзе з удзелам губернатара разгледзяць гэта пытанне. "Мы падумаем разам, чым вам дапамагчы. Але думаю, што электраэнергію мы вам дадзім. Навошта ж будавалі тут на захадзе атамную станцыю. У нас лішак электраэнергіі. Але, зразумела, патрэбна лагістыка, сеткі пракласці і яшчэ падстанцыю пабудаваць", - сказаў ён.

Пры гэтым важна мець на ўвазе, што ў краіне ёсць лішак магутнасцей па перапрацоўцы мясной прадукцыі, іх таксама неабходна дазагружаць.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі