2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўным інспектарам па захаванні правоў чалавека павінен быць Прэзідэнт. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на цырымоніі прывядзення да прысягі суддзі Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Віктара Рабцава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Хачу вас папрасіць, каб вы сапраўды былі надзейным вартавым выканання Асноўнага закона нашай краіны", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што ад Беларусі часта патрабуюць увесці пасаду омбудсмена, які сачыў бы за захаваннем правоў чалавека.
"У нас хоць і няма такой непасрэднай пасады, я заўсёды кажу: толькі тады будуць захоўвацца правы чалавека - права на дастойнае жыццё, на працу, адукацыю, ахову здароўя, атрыманне інфармацыі, свабоду СМІ, свабоду слова і гэтак далей (усе трэба бачыць правы чалавека), - калі галоўным інспектарам па захаванні правоў чалавека будзе Прэзідэнт", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"І вы павінны стаць побач са мной. І менавіта мы сілай улады павінны забяспечыць захаванне асноўных правоў нашых грамадзян. Гэта - галоўнае", - дадаў кіраўнік дзяржавы.