29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў нарасціць тэмпы ўборачнай. Адпаведнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў сёння ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць.
"Пара выходзіць на намалот пад 500 тыс. т у дзень. Каб за два - два з палавінай дні мы мільён малацілі", - сказаў Прэзідэнт.
"Пайшла ўжо масавая ўборка. На сённяшні дзень убрана больш як 30 працэнтаў збожжа. Намалочана 2 млн 330 тыс. т, - далажыў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. - За ўчарашні дзень намалацілі прыкладна 340 тыс. т".
У час рабочай паездкі таксама абмяркоўваліся закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю, вытворчасць асобных відаў сельскагаспадарчых культур, нарыхтоўка кармоў, выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы па развіцці вытворчасцей цукру і шэраг іншых пытанняў у сферы эфектыўнага гаспадарання на зямлі.
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, нагадаў аб патрабаванні больш актыўна выкарыстоўваць арганічныя ўгнаенні. "Не разлічвайце, што мы будзем купляць за валюту ўгнаенні. Трэба ўносіць больш арганікі", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў безумоўнай рэалізацыі даручэнняў па набыцці гаспадаркамі прэс-падборшчыкаў. Прэзідэнту прадэманстравалі ў палявых умовах адпаведную тэхніку айчыннай вытворчасці, якая мае вельмі шырокі дыяпазон прымянення.