Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

24 Кст 2023

Зборнік сучасных беларускіх аповесцей "Дараванне" прэзентуюць у Брэсце

Зборнік сучасных беларускіх аповесцей
Фота з архiва

24 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М.Горкага 24 кастрычніка адбудзецца прэзентацыя зборніка аповесцей сучасных беларускіх пісьменнікаў "Дараванне", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці бібліятэкі.

"Дараванне" - першы зборнік кнігавыдавецкага праекта Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдавецтва "Аверсэв" пад агульнай назвай "Сучасная беларуская літаратура". У серыі запланавана 12 кніг, якія адлюстроўваюць шматпланавы характар сучаснай беларускай мастацкай літаратуры. Першая кніга серыі прысвечана сучаснай аповесці.

Мерапрыемства адбудзецца ў рамках культурна-асветнага праекта абласной бібліятэкі "Праз кнігу да міру і стварэння". Прэзентацыя пройдзе ў фармаце дыялогавай пляцоўкі з удзелам аўтараў і складальніка зборніка - старшыні СПБ Аляксандра Карлюкевіча. У прыватнасці, чытачоў чакае сустрэча з адным з самых папулярных сучасных беларускіх аўтараў Аленай Брава. Свае творы, увайшоўшыя ў кнігу, прадставіць пісьменнік, журналіст, гісторык і краязнавец Анатоль Бензярук.

На сустрэчу, якая адбудзецца ў 13.30 у актавай зале бібліятэкі, таксама прыедуць прадстаўнікі выдавецтва "Аверсэв". Запрошаны члены Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, жыхары абласнога цэнтра.

У будучым чытача чакаюць сустрэчы са зборнікам апавяданняў і кнігай, у якой сабраны творы ў жанры жаночай навелы. Асобныя выданні будуць складацца з аповесцей для падлеткаў і беларускіх дэтэктываў. У серыі таксама выйдуць аўтарскія кнігі: проза пісьменніка старэйшага пакалення Алеся Жука, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Мажылоўскага, Алеся Бадака. У кнігу "Казкі" ўвойдуць творы двух папулярных дзіцячых аўтараў Кацярыны Хадасевіч-Лісавой і Генадзя Аўласенкі. Рыхтуецца да выдання і асобны зборнік твораў сучасных пісьменнікаў-фантастаў. Завяршальнай кнігай серыі стане зборнік нарысаў "Адрасы памяці", у якім беларускія пісьменнікі раскажуць пра сваю малую радзіму і фарміраванне іх як творцаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі