5 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецыяльнага прыза XI Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня" будзе ўдастоены лепшы тэлепраект на тэму Вялікай Айчыннай вайны і Вялікай Перамогі. Аб гэтым паведаміў сёння на калегіі Міністэрства інфармацыі намеснік міністра Сяргей Хільман, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ён выказаў надзею, што самыя цікавыя праекты аб вайне нацыянальных і рэгіянальных тэлекампаній увойдуць у лік пераможцаў конкурсу "Тэлевяршыня". Акрамя таго, творчыя калектывы, якія працуюць у абласцях, могуць прадставіць свае работы на ваенную тэматыку на конкурс міжнароднага фестывалю рэгіянальных тэлекампаній Беларусі і Расіі "Сябрына", які падвядзе вынікі ў верасні гэтага года ў горадзе Лідзе.
На думку Сяргея Хільмана, вельмі важна, што інтэрнэт-рэсурсы інфармуюць грамадскасць аб мерапрыемствах, якія праходзяць у год 70-й гадавіны Вялікай Перамогі. Вынікі работы журналістаў павінны быць максімальна прадстаўлены ў сетцы, лічыць ён .
Міністр інфармацыі Лілія Ананіч дадала, што важна ўзмацняць тэлевізійны кантэнт фільмамі аб Вялікай Айчыннай вайне. У тэлеэфіры павінны быць фільмы на патрыятычную, ваенную тэматыку. На яе думку, трэба ўдзяліць вялікую ўвагу патэнцыялу кінастудыі "Беларусьфільм". Сумесны аналіз з Міністэрствам культуры паказаў, што прапановы кінастудыі - гэта дзясяткі фільмаў, якія могуць упрыгожыць эфір, падкрэсліла міністр.