14 кастрычніка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Пасольства Італіі ў Беларусі ў 2015 годзе мае намер садзейнічаць развіццю супрацоўніцтва італьянскіх тэатраў з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Беларусі. Аб гэтым расказаў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Б'янкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, праект заключаецца ў тым, каб запрасіць салістаў вядучых тэатраў Італіі, такіх як міланскі "Ла Скала" і "Сан-Карла" ў Неапалі, а таксама іншых для ўдзелу ў сумесных з беларускім бокам пастаноўках, спектаклях. Дыпламат падкрэсліў, што "гэта будуць салісты, якія выконваюць вядучыя партыі".
Стэфана Б'янкі расказаў, што адным з праектаў, які ўжо знаходзіцца ў глыбокай стадыі прапрацоўкі, з'яўляецца канцэрт італьянскіх тэнараў, прадстаўнікоў тэатра "Сан-Карла" ў Неапалі, з удзелам аркестра Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. "Ведаем, што беларуская публіка вельмі любіць італьянскае мастацтва, і мы лічым, што такі праект выкліча цікавасць", - сказаў пасол. Ён дадаў, што калі прааналізаваць рэпертуар тэатра, то можна заўважыць, што большую яго частку складаюць якраз творы італьянскіх кампазітараў.
У якасці аднаго з прыкладаў паспяховага супрацоўніцтва ў гэтай сферы быў прыведзены спектакль "Viva commedia", прэм'ера якога адбылася 19 верасня ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага ў Мінску. "Мы хацелі б паказаць гэты спектакль у Італіі на рускай мове. Думаю, што гэта выкліча цікавасць італьянскіх гледачоў, нягледзячы на моўны бар'ер. Праўда, цяпер гэта толькі ідэя, але мы будзем працаваць над яе ўвасабленнем у жыццё", - адзначыў першы камерцыйны сакратар пасольства Італіі ў Беларусі Уга Боні.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|