6 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На VII Беларускім інвестыцыйным форуме будуць прэзентаваны інвестпраекты на $1 млрд. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным агенцтве інвестыцый і прыватызацыі.
"Дваццаць тры праекты будуць прэзентаваны на выстаўцы, якая пройдзе ў рамках VII Беларускага інвестыцыйнага форуму. Усе яны карэлююць з тэматыкай форуму: інавацыйная эканоміка (фармацэўтыка, новыя матэрыялы, альтэрнатыўная энергетыка), а таксама сельская гаспадарка, харчовая прамысловасць і машынабудаванне", - падкрэслілі у агенцтве.
Праекты будуць прадстаўлены замежным інвестарам у адпаведнасці з адзіным фарматам, распрацаваным Нацыянальным агенцтвам інвестыцый і прыватызацыі з удзелам "вялікай чацвёркі" кансалтынгавых кампаній свету.
"Новы фармат ўлічвае патрабаванні, якія сёння прад'яўляюць інвестары да зместу інвестпрапаноў. Мы павінны размаўляць з замежным бізнесам на зразумелай яму мове", - лічыць дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Дзмітрый Клеўжыц.
Свае інвестпраекты прэзентуюць аблвыканкамы, канцэрн "Белдзяржхарчпрам", міністэрствы сельскай гаспадаркі і харчавання, прамысловасці, аховы здароўя, энергетыкі, Нацыянальная акадэмія навук. Самы буйны інвестпраект, з якім змогуць азнаёміцца ўдзельнікі форуму, - гэта будаўніцтва цукровага камбіната магутнасцю 12 тыс. т перапрацоўкі буракоў у суткі ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Яго кошт ацэньваецца ў $330 млн.
Сярод самых хуткаакупных праектаў, якія заяўлены да ўдзелу ў выстаўцы, - арганізацыя вытворчасці вакуумных сістэм узяцця крыві тыпу "вакутайнер" на тэрыторыі СЭЗ "Гомель-Ратон" (тэрмін акупнасці два гады). Па двух праектах тэрмін акупнасці складзе тры года: стварэнне фарэлевай гаспадаркі на 200 т таварнай рыбы ў ААТ "Альба" ў Нясвіжы і тэхналогія ачысткі тэхналагічных вод ад арганічных забруджвальнікаў з выкарыстаннем мікрабіялагічнага прэпарату ЕМ1 "Канкур".
Адразу дзевяць інвестыцыйных праектаў заявіць Мінэнерга. Гэта будаўніцтва Нямноўскай, Аршанскай, Шклоўскай, Магілёўскай і Рэчыцкай ГЭС і чатырох ветрапаркаў - у Лёзненскім, Ашмянскім, Навагрудскім і Смаргонскім раёнах.
Асобнае месца на выстаўцы будзе адведзена прадпрыемствам, якія ўдзельнічаюць у пілотнай прыватызацыі. Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі пры падтрымцы Сусветнага банка вядзе пошук стратэгічных інвестараў, якія могуць забяспечыць далейшае развіццё названых прадпрыемстваў.
Прадстаўленыя на выстаўцы праекты будуць унесены ў базу інвестпраектаў Беларусі, якую вядзе Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі.
Выстаўка пройдзе 16 лістапада з 9.00 да 21.00 у комплексе "Мінск-Арэна".
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|