Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

25 Стд 2013

Нацбанк Беларусі і Visa падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне фінансавай дасведчанасці

25 студзеня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі і міжнародная плацежная сістэма Visa падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне павышэння фінансавай дасведчанасці насельніцтва Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У Нацыянальным банку таксама вядуць работу па заключэнню такога мемарандума з кампаніяй MasterCard. Прадстаўнікі гэтай плацежнай сістэмы пабывалі ўжо ў банку. Нацыянальны банк адкрыты для ўзаемадзеяння з міжнароднымі плацежнымі сістэмамі і па іншых аспектах. У прыватнасці, банк праявіў ініцыятыву, звярнуўшыся да міжнароднай плацежнай сістэмы PayPal, каб яны выказалі сваё меркаванне аб магчымасці сустрэчы і абмеркавання далейшага супрацоўніцтва.

Падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве з міжнароднай кампаніяй Visa дасць магчымасць краіне далучыцца да глабальных ініцыятыў кампаніі ў галіне фінансавай дасведчанасці. Дакумент падпісалі намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Дубкоў і выканаўчы дырэктар Visa па краінах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, Цэнтральнай Еўропы, Блізкага Усходу і Афрыкі Рэнэ Хо.

Дакументам вызначаны некалькі асноўных сфер супрацоўніцтва, звярнула ўвагу галоўны саветнік старшыні праўлення групы саветнікаў Нацыянальнага банка Наталля Штэўніна. Па-першае, гэта ўдзел кампаніі Visa ў правядзенні мерапрыемстваў плана сумесных дзеянняў дзяржаўных органаў і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнню фінансавай дасведчанасці насельніцтва Беларусі на 2013-2018 гады. Гэты план быў зацверджаны пастановай Савета Міністраў і Нацыянальнага банка 17 студзеня 2013 года і вызначае асноўныя напрамкі і мерапрыемствы па павышэнню фінансавай дасведчанасці насельніцтва краіны на бліжэйшую пяцігодку. У агульным выглядзе мэта рэалізацыі плана заключаецца ў фарміраванні фінансавай культуры Беларусі ў цэлым, пачынаючы з дзяржаўнага ўзроўню і заканчваючы асобна ўзятым жыхаром краіны. Па-другое, мемарандумам прадугледжана рэалізацыя сумесных ініцыятыў, накіраваных на ўмацаванне і павышэнне фінансавай культуры насельніцтва Беларусі. Па-трэцяе, гэта абмен вопытам, ведамі і меркаваннямі па тэмах фінансавай адукацыі, набытымі Нацыянальным банкам і кампаніяй Visa на розных семінарах, канферэнцыях, бізнес-форумах і іншых сустрэчах.

Мемарандум выступае ў ролі пратакола аб намерах абодвух бакоў і не з'яўляецца пагадненнем рэкламнага або фінансавага характару, звярнула ўвагу Наталля Штэўніна.

"Мы лічым, што фінансавая дасведчанасць з'яўляецца залогам здаровага фінансавага клімату любой дзяржавы. Visa прыкладае намаганні па павышэнню фінансавай дасведчанасці па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі. Таму мы рады магчымасці прадаўжэння сумеснай работы з нашым стратэгічным партнёрам - Нацыянальным банкам у гэтым напрамку", - адзначыў у сваю чаргу рэгіянальны менеджар Visa ў Беларусі Ігар Кавалёў. Паводле яго слоў, падпісанне мемарандума - гэта лагічны крок у супрацоўніцтве двух бакоў, які пацвярджае адданасць кампаніі Visa ідэі развіцця фінансавых ведаў і навыкаў грамадзян Беларусі. "Адзін з напрамкаў нашага супрацоўніцтва - гэта работа, накіраваная на павышэнне фінансавай дасведчанасці моладзі. У 2010 годзе Visa сумесна з Нацыянальным банкам Беларусі, Асацыяцыяй беларускіх банкаў і шэрагам банкаў-партнёраў у краіне запусцілі адукацыйную гульню "Фінансавы футбол". Як нам здаецца, гэта праграма вельмі эфектыўная ў рабоце з моладдзю, і мы рады таму, што цяпер пачалося яе актыўнае пашырэнне сярод моладзі ў Беларусі", - адзначыў Ігар Кавалёў.

Сярод іншых праектаў кампаніі Visa, якія плануецца рэалізаваць у рамках падпісанага мемарандума, - выпуск адукацыйнай кнігі "Фінансавая грамата" для факультатыўнага навучання ў школах і ВНУ, дапамога ў падрыхтоўцы публікацый у беларускіх СМІ па актуальных пытаннях фінансавай дасведчанасці, удзел у праграмах сацыялагічных даследаванняў.

Штогод Visa складае рэйтынг пад назвай "Фінансавы барометр", які дае магчымасць меркаваць, наколькі моцныя ў той ці іншай краіне традыцыі планавання сямейнага бюджэту, эканоміі, разумнага кіравання асабістымі фінансамі. У гэтым рэйтынгу Беларусь значна апярэджвае суседнія краіны. "Так, сярод 28 краін, прадстаўленых у рэйтынгу, Беларусь займае 9-е месца, у той час як Расія і Украіна размясціліся адпаведна на 19-м і 21-м месцах", - адзначыў Ігар Кавалёў. Пацвярджэннем таго могуць таксама быць высокія паказчыкі сектара безнаяўных плацяжоў, колькасць выпушчаных картак і, што яшчэ больш важна, частата іх выкарыстання, дадаў ён.

Visa з'яўляецца глабальнай плацежнай сістэмай, якая забяспечвае доступ трымальнікам картак, гандлёва-сэрвісным прадпрыемствам, фінансавым і ўрадавым установам больш як у 200 краінах свету да хуткай і надзейнай сеткі электронных плацяжоў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі