Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Feb 2017

Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне аб стварэнні ВНУ з беларускай мовай навучання

3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне аб стварэнні вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання. Адпаведнае даручэнне ён даў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адказваючы на прапанову члена Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім стварыць у Беларусі нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Вы мой пункт гледжання наконт моў - беларускай, рускай і іншых - ужо, напэўна, на памяць ведаеце. Я вельмі акуратна стаўлюся да гэтага пытання. І, дзякуй богу, што гэта не стала ў нас у грамадстве нейкай перашкодай. А магло быць, зыходзячы з палітыкі, якую праводзіў той Вярхоўны Савет, у якім мы служылі з Іосіфам Паўлавічам (Сярэдзічам. - Заўвага БЕЛТА) у свой час".

"Тады ўжо вельмі было палітызавана гэта пытанне, і я лічу добра, што мне ўдалося ўсё ж такі неяк пагасіць у грамадстве напал гэтай спрэчкі па мовах. Не будзем да гэтага вяртацца. Пакуль я Прэзідэнт, я не дапушчу таго, каб мы дзялілі людзей па тым, ведаеш ты беларускую мову ці ты яе не ведаеш. Гэтага не будзе, пакуль я Прэзідэнт. Дрэнна гэта ці добра - час пакажа", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца нацыянальнага ўніверсітэта, то адразу ўзнікае пытанне: а Беларускі дзяржуніверсітэт у нас не нацыянальны? Ці іншыя якія-небудзь? Мне здавалася, што яны ўсе нашы, нацыянальныя. Там вывучаюць і рускую мову, і беларускую, і англійскую, і іншыя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Размова ідзе аб вышэйшай навучальнай установе, дзе было б выкладанне на беларускай мове, - прадоўжыў ён. - Вы ведаеце, я не магу сказаць "не" і не магу сказаць "так", таму што гэта трэба прапрацаваць. Можа, на базе якога-небудзь універсітэта, калі гэта будзе нармальна ўспрынята, калі туды будуць жадаючыя ісці па конкурсе і іншае. Не толькі сям'я Алега Трусава ці ваша, ці мая і гэтак далей, а сапраўды будуць жадаючыя там атрымліваць адукацыю на беларускай мове", - сказаў Прэзідэнт.

"Галоўнае, каб гэта было запатрабавана народам, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Так, я і вас бы рэктарам там назначыў - не праблема. Марзалюк (Ігар Марзалюк - старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў. - Заўвага БЕЛТА) таксама вельмі добра ведае беларускую мову. Можна: вы прарэктар, ён рэктар. Таму трэба прапрацаваць гэта пытанне. Гэта нават было б нядрэнна".

"Толькі я вось супраць таго, каб некаторыя людзі выхваляліся беларускай мовай: вось я беларускую мову ведаю, я больш беларускі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Ну не трэба!"

"Пройдзе час, мы навучымся размаўляць на беларускай мове, вельмі добра навучымся. Але я вас заклінаю і прашу: не адмаўляйцеся ад рускай мовы. Таму што вы адмовіцеся ад свайго, роднага. Вы камусьці падарунак зробіце", - падкрэсліў ён.

"Не спяшайцеся! Руская мова - гэта вялікае і гэта наша, - адзначыў Прэзідэнт. - Я ж вам расказваў прыклад, калі мне Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін гаворыць: дзякуй табе за тое, што ты так ставішся да рускай мовы. Я кажу: гэта наша мова, яна ў нас дзяржаўная нараўне з беларускай. Беларуская - таму што мы нацыя. Гэта прыкмета нацыі, таму ў нас ёсць беларуская мова. Але мы багацейшыя за вас, таму што мы ведаем дзве мовы: беларускую і рускую".

"Трэба ўсё рабіць вельмі асцярожна, вельмі акуратна", - яшчэ раз падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі