Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Ліп 2019

Каляндар падзей у Беларусі: жнівень 2019

Каляндар падзей у Беларусі: жнівень 2019

Міжнародны фестываль пясчаных скульптур у Мінску

Тайны свету багоў, духаў і фантастычных герояў прадстаўляюць удзельнікі 4-га фестывалю пясчаных скульптур – 10 знакамітых майстроў з Беларусі і Расіі. У экспазіцыю пад адкрытым небам увайшло шмат незвычайных персанажаў. Сярод іх, напрыклад, легендарны цмок і грозны бог-грамавержац Пярун. Ёсць тут нават Расамаха і Жалезны чалавек, якія ў беларускай міфалогіі былі вядомы задоўга да папулярных блокбастараў і коміксаў…

Калі: 1 мая – 15 верасня
Дзе: парк забаў Dreamland, Мінск, вул. Арлоўская, 80

Музычна-турыстычны сезон у Верхнім горадзе

Новы турыстычны сезон стартаваў у мінскім Верхнім горадзе яшчэ ў пачатку мая, і кожную суботу да кастрычніка будзе радаваць гасцей яркімі падзеямі. У праграме-2019 – тэатральныя паказы ад праекта "No stage / Без сцэны", фестываль вулічнай музыкі "Месца пад сонцам", музычная "Пешаходка", фестываль-кірмаш "Вясновы букет", тэматычная праграма "Гукі вуліц", танцавальныя пастаноўкі, майстар-класы, кінапаказы, аркестравыя сіесты і, вядома, вечары класічнай і джазавай музыкі...

Калі: з 4 мая
Дзе: Мінск, Верхні горад, плошча Свабоды
Даведацца падрабязней

Святы нацыянальных культур у мінскім Верхнім горадзе

У дні летняга турыстычнага сезона мінскі Верхні горад, без перабольшання, становіцца самым мультынацыянальным кварталам сталіцы. Першымі марафон фестываляў культур і традыцый краін свету адкрылі самі гаспадары-беларусы – 25 мая гасцей сабраў Рэспубліканскі фестываль-кірмаш "Вясновы букет". А ўжо 1 чэрвеня на тэрыторыі гістарычнага цэнтра стартавалі нацыянальныя святы замежных гасцей і дыяспар. Адкрылі летнюю праграму шведы: хэдлайнерамі вялікага фэсту ля ратушы сталі пераможніца "Еўрабачання" -2012 Ларын і знакаміты інды-музыкант Енс Лекман.

1 чэрвеня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Швецыі
8 чэрвеня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Расіі
15 чэрвеня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Польшчы
23 чэрвеня (НД), 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Вялікабрытаніі
13 ліпеня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Італіі
3 жніўня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Карэі
10 жніўня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Эстоніі
17 жніўня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Украіны
24 жніўня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Грузіі (Тбілісоба)
31 жніўня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Арменіі
7 верасня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Азербайджана
8 верасня (НД), 12:00–17:00 – Дзень культуры Малдовы
21 верасня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Грэцыі
22 верасня (НД), 12:00–17:00 – Дзень культуры Ізраіля
28 верасня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Кітая

Дзе: Мінск, Верхні горад

Новая праграма "Парад але-але-але!"у Белдзяржцырку

Летні сезон у Белдзяржцырку стартаваў "Парадам але-але-але!", у якім прымаюць удзел артысты Маскоўскага цырка Юрыя Нікуліна на Цвятным бульвары. Візітная картка шоу – калейдаскоп жанраў, выдатная дрэсура і клаўнада. Гледачоў чакае захапляльны паказ: эквілібрысты, акрабатычная пара, паветраны гімнаст з мячом, сабачкі на скейтах і веласіпедах... Сапраўдным сюрпрызам для публікі стане нумар "Вяселле" з акрабатамі на дарожцы, а таксама цудоўнае выступленне маладой артысткі, якая пройдзе па канаце на пуантах. А ў фінале шоу на манежы з'явяцца белыя тыгры ў суправаджэнні знакамітага дрэсіроўшчыка Сяргея Несцерава.

Калі: 14 чэрвеня – 11 жніўня
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны цырк
Даведацца падрабязней

Казімір Малевіч і XXI стагоддзе

Выстава "Казімір Малевіч і XXI стагоддзе" ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў прысвечана ўзаемадзеянню народнага і сучаснага мастацтва Беларусі. Галоўным акцэнтам экспазіцыі стала палатно, як мяркуецца, пэндзля Казіміра Малевіча – "Чалавек з лапатай". Абрамляюць карціну жывапіс і графіка 57 беларускіх мастакоў, якія развіваюць традыцыі школы знакамітага авангардыста, – Аляксандра Салаўёва, Аляксандра Дасужава, Сяргея Кірушчанкі, Аляксандра Малея, Анатоля Кузняцова, Віктара Шылко, Зоі Літвінавай, Віталя Чарнабрысава, Сяргея і Эвяліны Крыштаповічаў, Барыса і Івана Семілетавых, Леаніда Хобатава....

Народнае мастацтва прадстаўлена экспанатамі Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук: нацыянальнымі касцюмамі, гаршчкамі, вырабамі з дрэва і іншымі прадметамі побыту.

Калі: 14 чэрвеня – 1 верасня
Дзе: НЦСМ на Незалежнасці
Мінск, пр. Незалежнасці, 47

Выстава "Эмі Уайнхаус: Сямейны партрэт"

Выстава Яўрэйскага музея Лондана Amy Winehouse: А Family Portrait прысвечана культавай спявачцы, чыё імя шэсць разоў гучала ў час уручэння "Грэмі". Акрамя статуэтак знакамітай музычнай прэміі, гітар і пласцінак Эмі Уайнхаус, у экспазіцыю ўвайшлі асабістыя рэчы і калекцыя сямейных здымкаў спявачкі. Выстава ў Мінску стала сапраўды ўнікальнай падзеяй, бо гэта будзе першы і адзіны яе паказ на тэрыторыі СНД, а пасля завяршэння экспазіцыю расфарміруюць і вернуць экспанаты сям'і Эмі і іншым уладальнікам. Невыпадкова выбраны і горад, дзе праходзіць мерапрыемства: прапрадзед брытанскай спявачкі пераехаў з Мінска ў Лондан у 1890 годзе.

Калі: 15 чэрвеня – 31 жніўня
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
Мінск, пл. Свабоды, 15

Класіка ля ратушы з velcom | A1

Фестываль класічнай музыкі ад velcom | A1 сёлета святкуе 5-годдзе, у выніку чаго фармат мерапрыемства значна пашырыўся. У ліпені канцэрты прайшлі не толькі ў Мінску, але і трох абласных гарадах – Гродне, Гомелі, Брэсце. Афіша на жнівень не менш інтрыгуючая. У рамках любімага мінчанамі і гасцямі праекта на плошчы Свабоды каля сталічнай ратушы чатыры суботнія вечары будуць гучаць сусветныя шэдэўры ў выкананні знакамітых калектываў.
 
Калі:

3 жніўня – музычная капэла "Санорус";
10 жніўня – эстонскі духавы аркестр "Саксон";
17 жніўня – Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь;
31 жніўня – Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь.

Дзе: Мінск, Верхні горад

XVI Міжнародны пленэр па кераміцы "Арт-Жыжаль"

Міжнародны пленэр "Арт-Жыжаль" пройдзе ўжо 16-ы раз пад дэвізам "Мастацтва як свет самавыяўлення". Удзельнікамі творчай майстэрні на маляўнічым беразе Бярэзіны стануць мастакі-керамісты з 8 краін – Беларусі, Расіі, Літвы, Балгарыі, Егіпта, Турцыі і Бразіліі. У праграме – як індывідуальная работа, так і стварэнне вялікай скульптуры, сапраўднае шоу абпалу якой адбудзецца ў адзін з вечароў пленэру. Поўнае ўяўленне аб творчасці ўдзельнікаў можна будзе атрымаць на майстар-класах, вечарах нацыянальных культур і прэзентацыях. Фінальным акордам стане адкрыццё 6 жніўня выстаўкі "Мастацтва жывога агню" ў Бабруйскім мастацкім музеі.

Калі: 17 ліпеня – 6 жніўня
Дзе: Бабруйскі раён, база адпачынку "Вербкі"

Летні кінапраект СINEMASCOPE #SHHH

У летні сезон-2019 Сinemascope #Shhh запрашае на вячэрнія кінапрагляды пад адкрытым небам ва ўтульным дворыку сталічнага Музея-майстэрні З.І. Азгура. Іх галоўная асаблівасць – выкарыстанне бесправадных навушнікаў, якія працуюць на радыёчастаце. Дзякуючы гэтай тэхналогіі паказы праходзяць у бясшумным рэжыме і арганічна ўпісваюцца ў гарадское асяроддзе, не парушаючы спакой жыхароў суседніх дамоў. У афішы на жнівень – сусветныя кінашэдэўры: "Па-за законам", "Боні і Клайд", "Горад згубленых дзяцей", "Фотапавелічэнне", "Назад у будучыню", "У джазе толькі дзяўчаты", "Сіні аксаміт", "Галавакружэнне" і "Ззянне". Усе фільмы ідуць на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.

Калі: 24 ліпеня – 6 верасня, кожныя аўторак і пятніца
Дзе: Мінск, унутраны дворык Музея-майстэрні З.І. Азгура

XVII Міжнародны праваслаўны маладзёжны фестываль "Адзігітрыя"

Міжнародны фестываль зноў збярэ на Віцебшчыне прадстаўнікоў праваслаўнай моладзі са славянскіх краін-суседак – Беларусі, Расіі і Украіны. Пачнецца "Адзігітрыя"-2019 літургіяй у гонар свята Іліі Прарока ў храме манастыра Cвятой блажэннай Ксеніі Пецярбуржскай у вёсцы Бернікі, прадоўжаць яе рэпетыцыі і гала-канцэрт на сцэне Летняга амфітэатра, вечар харэаграфіі і маладзёжны баль, а таксама падвядзенне вынікаў конкурсу і цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў. Пасля вялікага малебну з Віцебска ў Смаленск адправіцца хрэсны ход: маршрут пройдзе праз беларускія і расійскія гарады і вёскі.

Калі: 29 ліпеня – 10 жніўня
Дзе: праваслаўны лагер "Дружба" духоўна-асветнага цэнтра "Садружнасць", г.п. Руба, в. Бернікі, г. Віцебск (Беларусь); г. Смаленск (Расія)

Vulica Brasil 2019 у Мінску

Гіганцкія муралы, скульптуры, графіці, мікра-стрыт-арт, сустрэчы і весялосць! Пасля двухгадовага перапынку вуліцу Кастрычніцкую, якая стала сапраўдным хабам творчай моладзі, зноў расфарбуюць удзельнікі фестывалю урбан-арту Vulica Brasil. Пяты па ліку фэст адбудзецца ў фармаце біенале, а галоўнымі яго тэмамі стануць экалогія і ўстойлівае развіццё. Упершыню ў бразільска-беларускім праекце прымуць удзел мастакі з іншых краін. Пакуль іх імёны трымаюцца ў сакрэце, але ўжо вядома, што даўнія сябры фестывалю – блізняты OSGEMEOS – уключылі Мінск у сваё сусветнае арт-турнэ. Таксама прадоўжыць супрацоўніцтва з Vulica Brasil бразільскі архітэктар Лаўрэнса Жыменэс з Сан-Паўлу.

Калі: 29 ліпеня – 11 жніўня
Дзе: Мінск, вул. Кастрычніцкая

Свята сярэдневяковай культуры "Рыцарскі фэст. Мсціслаў"-2019

Старажытны Мсціслаў – горад, які за прыгажосць і каларыт называюць беларускім Суздалем, а дзякуючы пісьменніку Уладзіміру Караткевічу яшчэ і "Дыяментавым" (алмазным) – зноў стане цэнтрам вялікага фестывалю-рэканструкцыі. Госці сярэдневяковага свята ўбачаць масавыя бітвы, тактычныя бугурты, турніры лучнікаў, манеўры, конныя спаборніцтвы, паказальныя выступленні рыцараў і, вядома, кульмінацыю фэсту-2019 – тэатралізаваны штурм замка. Таксама ў праграме будуць майстар-класы народных умельцаў, выступленні танцавальных калектываў, вячэрні канцэрт і вогненнае шоу.

Калі: 2-3 жніўня
Дзе: Магілёўская вобласць, Мсціслаў

BISON RACE 2019

Экстрэмальныя спаборніцтвы па гонках з перашкодамі Bison Race ў Лагойску прадаўжаюцца і ў самы гарачы сезон. Нагадаем: у мінулай майскай серыі з 900 удзельнікаў прайсці ўсю трасу змаглі толькі тры чалавекі. На гэты раз на дыстанцыю 5 км выйдуць спартсмены з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Германіі. У праграме трохдзённага "марафону" – начныя, камандныя, юніёрскія і дзіцячыя забегі, гонкі элітных і ўзроставых груп, а таксама забег OPEN груп, дзе ўдзельнічаюць усе жадаючыя (адзіная ўмова – узроставае абмежаванне 16+). Ужо вядома, што ў сезоне-2019 колькасць жадаючых стаць часткай спартыўнага свята б'е рэкорды – і гэта больш за 2 тысячы чалавек!

Калі: 2–4 жніўня
Дзе: Мінскі раён, гарналыжны спартыўна-аздараўленчы комплекс "Лагойск"

Фестываль "Ільняная карусель"-2019

Лён – расліна-сімвал Беларусі, візітная картка краіны. Тканіны, кашулі, ручнікі, лялькі – толькі малая частка самабытных вырабаў і сувеніраў, якія ствараюцца з "паўночнага шоўку". І вядома, невыпадкова, што ў гонар гэтага нацыянальнага здабытку заснаваны такі фестываль. У праграме-2019 – цэлы калейдаскоп падзей: музычныя выступленні, выстаўкі і варкшопы ад народных майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, экспазіцыя музея лёну пад адкрытым небам, тэматычныя падворкі, ільняны парад і дэфіле, ільняныя пачастункі. Галоўным персанажам фестывалю ў Карме стала міфалагічная палявая гаспадыня – Клюсымка.

Калі: 3 жніўня
Дзе: Гомельская вобласць, г.п. Карма

Фестываль "Рок за Баброў"

Адзін з буйнейшых музычных фестываляў Беларусі – "Рок за Баброў" – размяняў другі дзясятак і з кожным годам толькі набірае абароты. Ён уваходзіць у топ лепшых у краінах Усходняй Еўропы, але сапраўдны рэйтынг складае рэкордная колькасць яго паклоннікаў. Толькі ў мінулым годзе "беларускі Вудстак" наведалі больш за 45 тысяч гледачоў, і, паводле слоў арганізатараў, гэта далёка не мяжа. На гэты раз на адной сцэне выступяць Баста,  "Мумій Троль", "Дай Дарогу", Ліза Манетачка, "Ляпіс-98", Dlina Volny, Panska Moc, Бакей… Вядучым фестывалю-2019 стане папулярны журналіст і відэаблогер Юрый Дудзь.

Калі: 3 жніўня
Дзе: Мінск, аэрадром Баравая

Міжнародны кулінарны фестываль "Мотальскія прысмакі"-2019

Знакаміты фестываль "Мотальскія прысмакі", прысвечаны кулінарным традыцыям Палесся, зноў збярэ гасцей. У першы дзень адкрыюцца горад майстроў, выстаўка-кірмаш і падворкі, дзе можна будзе пакаштаваць стравы беларускай кухні, мясцовыя далікатэсы і незвычайныя дамашнія нарыхтоўкі мотальскіх гаспадынь – бульбяныя "сэрцы", букеты з агародніны і дамашнія сыры. Пачнецца свята тэатралізаваным шэсцем з удзелам гістарычных персанажаў і калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Польшчы, Македоніі, Чэхіі, Грузіі, Турцыі, краін Афрыкі. Удзельнікі свята ўбачаць рэгіянальныя абрады "Выкуп скрыні", "Святочныя дзеі Вялікадня", "Ваджэнне куста", паназіраюць за дэфіле фестывальнага касцюма, выберуць Міс "Мотальскія прысмакі"-2019, пабываюць на балі, арганізаваным ад імя самой Боны Сфорца – міланскай прынцэсы, каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай, стануць сведкамі музычнай бітвы паміж калектывамі, запрошанымі на фестываль.

Калі: 10-11 жніўня
Дзе: Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён, аграгарадок Моталь

A-FEST 2019 у Лошыцкім парку

Маштабны летні пікнік "А-фэст" у старадаўнім кутку сталіцы – Лошыцкім парку – ужо стаў традыцыяй. У мінулым годзе ўдзел у ім прынялі амаль 150 тысяч чалавек, сярод іх – меламаны розных узростаў, закаханыя пары, сем'і з дзецьмі і ўнукамі. Чацвёрты па ліку open air абяцае здзівіць сюрпрызамі і абавязкова добрай музыкай. Ужо вядома, на сцэне "А-фэсту" выступяць украінская група "Бумбокс", франкамоўны рэпер K-Maro і беларуская група Nizkiz. Таксама гасцей парадуюць мінская фанк-група Groove Dealers, аўтарскі праект PALINA, украінскія ўдзельнікі "Еўрабачання-2017" група O.Torvald і gipsy-музыканты Plumbum.

Калі: 10 жніўня
Дзе: Мінск, Лошыцкі парк

Сусветныя шэдэўры оперы і аперэты ў "Верхнім горадзе"

Цудоўныя мелодыі будуць гучаць са сцэны "Верхняга горада" ў выкананні салістаў вядучых тэатраў Беларусі. Гледачоў чакае сустрэча з таленавітым дуэтам: артыст Вялікага тэатра Васіль Мінгалёў і салістка Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра Маргарыта Александровіч сумесна з канцэртмайстрам Юліяй Шчарбаковай прадставяць калекцыю шэдэўраў з опер і аперэт. У праграме – арыі і дуэты з твораў Джузэпэ Вердзі "Травіята", Джакама Пучыні "Тоска", Руджэра Леанкавалы "Паяцы", Імрэ Кальмана "Марыца", "Баядэра", "Сільва", Франца Легара "Краіна ўсмешак"...

Калі: 15 жніўня
Дзе: Мінск, канцэртная зала "Верхні горад"

Міжнародны фестываль "У госці да Лепельскага Цмока"

Адзін з самых загадкавых персанажаў у беларускай міфалогіі – цмок – у нашы дні стаў самым вядомым сімвалам Лепельшчыны. Менавіта яго апеў у сваіх творах знакаміты пісьменнік Уладзімір Караткевіч, а некалькі гадоў таму на беразе Лепельскага возера, дзе, паводле легенды, міфічная істота жыве і сёння, устанавілі арыгінальны помнік. Кожны год "У госці да Лепельскага Цмока" прыязджаюць сотні аматараў беларускай гісторыі і культуры. У праграме фестывалю-2019 – выступленні самабытных творчых калектываў з розных рэгіёнаў краіны, выстаўкі народнай творчасці, кірмашы-продажы і майстар-класы па традыцыйных рамёствах.

Калі: 17 жніўня
Дзе: Віцебская вобласць, Лепель

Міжнародны фестываль "Шлях вікінгаў"

"Шлях вікінгаў" чацвёрты раз збярэ аматараў і знатакоў ранняга Сярэдневякоўя ў парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі "Сула". Госці ўбачаць рэканструкцыю падзей, звязаных з мінулым знакамітага гандлёвага шляху "з варагаў у грэкі", які стагоддзі таму праходзіў праз беларускія землі і злучаў Скандынавію з Візантыяй. У праграме – масавыя бітвы, ваенныя спаборніцтвы, адзінкавыя і групавыя паядынкі вікінгаў. Рамеснікі прадставяць прадметы побыту, зброю і абмундзіраванне воінаў, а ўсіх жадаючых чакаюць канцэрты жывой музыкі, майстар-класы па танцах, навучанне фехтаванню і стральбе з лука, а таксама сярэдневяковыя гульні і забавы.

Калі: 18 жніўня
Дзе: парк-музей інтэрактыўнай гісторыі "Сула", в. Сула, Мінская вобласць

Чэмпіянат свету па летнім біятлоне-2019 у Раўбічах

Адзін з буйнейшых спарткомплексаў краіны – "Раўбічы" – у 2015 годзе паспяхова прыняў маладзёжны чэмпіянат свету, а ў лютым 2019-га – чэмпіянат Еўропы па біятлоне. У жніўні ўся ўвага экспертаў і прыхільнікаў гэтага віду спорту зноў будзе прыкавана да трас у беларускіх Раўбічах: тут адбудзецца сусветнае першынство па летнім біятлоне. Чакаецца, што ў спаборніцтвах прымуць удзел вядучыя спартсмены з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Венгрыі, Славеніі, Сербіі, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Швейцарыі, Грэцыі, Кітая, Манголіі. Разам з дарослымі спартсменамі на старт выйдуць юніёры і юніёркі. Цырымонія адкрыцця адбудзецца 23 жніўня (9:00), у гэты ж дзень пройдуць кваліфікацыйныя і фінальныя спаборніцтвы ў суперспрынце (мужчыны, жанчыны, юніёры і юніёркі). У праграме другога дня (24 жніўня) – спрынт, а завершыцца сусветнае першынство па летнім біятлоне 25 жніўня самымі відовішчнымі спаборніцтвамі – гонкамі праследавання – і цырымоніяй закрыцця (18:30).

Калі: 23–25 жніўня
Дзе: Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы"

"Ганненскі кірмаш-2019" у Зэльве

Адзін з буйнейшых кірмашоў Еўропы ў XVIII стагоддзі – "Ганненскі кірмаш" – адроджаны ў фармаце каларытнага фестывалю і сёння збірае ў беларускім гарадку Зэльва сотні ўдзельнікаў і гасцей. Стагоддзі таму сюды з'язджаліся гандляры з усяго свету, каб купіць пародзістых скакуноў. Вядома, што традыцыю заклаў уладальнік гэтых зямель – князь Аляксандр Сапега, які кожны год са сваіх стайняў выстаўляў на продаж каля 1000 коней! І ў наш час коні застаюцца ў цэнтры ўвагі: конныя прагулкі і катанне на павозцы і брычцы – папулярная забава сярод гасцей кірмашу.

Калі: 23-24 жніўня
Дзе: Гродзенская вобласць, Зэльва

Фестываль "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў"

Аўгустоўскі канал – унікальнае інжынернае збудаванне і турыстычны брэнд Гродзеншчыны – зноў аб'яднае творчыя калектывы і выканаўцаў з трох краін-суседак – Беларусі, Польшчы і Літвы. У бягучым годзе праграма фестывалю народнай творчасці прысвечана 180-гадоваму юбілею "жамчужыны" краю і ўключыць самыя разнастайныя па жанры і фармаце падзеі. Гасцей свята чакае экстрэмальны забег, у якім атрымаюць падарункі 180-ы і 18-ы ўдзельнікі. У гонар юбілею адбудзецца азартны батл баяністаў і ўмельцаў іграць "на чым папала", здзівяць гасцей – асабліва гараджан – і "сенныя гульні", і "невіртуальная" ферма.

Калі: 24 жніўня
Дзе: Гродзенская вобласць, Аўгустоўскі канал, шлюз Дамброўка

Канцэрт "Ennio Morricone & Nino Rota" ў Мінску

Эніа Марыконэ і Ніна Рота – два геніі музыкі, чые творы да гэтага часу кранаюць душы паклоннікаў кінематографа і прымушаюць зноў пераглядаць любімыя карціны. "Хросны бацька", "Рамэа і Джульета", "Аднойчы ў Амерыцы", "Добры, дрэнны, злы" – гэта толькі малая частка кінастужак, якія ўпрыгожылі мелодыі іх аўтарства. Па шматлікіх просьбах слухачоў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Музычная капэла SONORUS" паўторыць сваю ўжо аншлагавую праграму і зноў падорыць беларускім аматарам вечнай класікі магчымасць дакрануцца да спадчыны італьянскіх кампазітараў. За дырыжорскім пультам будзе лаўрэат міжнародных конкурсаў Мурад Асуіл.

Калі: 27 жніўня
Дзе: Мінск, канцэртная зала "Верхні горад"

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі