Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

29 Врс 2023

Каляндар падзей у Беларусі: КАСТРЫЧНIК 2023

Каляндар падзей у Беларусі: КАСТРЫЧНIК 2023

Мерапрыемства "Лошыцкая сядзіба ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў"

Адна з самых папулярных выдатных мясцін Мінска – Лошыцкая сядзіба – запрашае адправіцца ў музычнае падарожжа. У час экскурсіі па сядзібе наведвальнікі не толькі ўбачаць стылізаваныя інтэр'еры, у якіх жылі знакамітыя ўладальнікі Яўстафій Прушынскі, Іван і Яўстафій Любанскія, але і даведаюцца пра іх лёсы, прывычкі, уклад жыцця, сакрэты, якія захоўваюць гэтыя сцены. Музычнымі ілюстрацыямі да экскурсіі стануць паланэз дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага "Развітанне з Радзімай", твор Напалеона Орды "Серэнада", п'еса са зборніка "Полацкі сшытак", творы нямецкага кампазітара-лірыка Іаганеса Брамса і рускага кампазітара-філосафа Аляксандра Скрабіна.

Калі: кожную нядзелю ў 15.00 і 17.00
Дзе: Музей "Лошыцкая сядзіба", праезд Чыжэўскіх, 10, Мінск

Выстава "Мэтры мастацкага алімпу: Хаім Суцін і Марк Шагал" у Мінску

Ураджэнцы Беларусі Хаім Суцін і Марк Шагал – мастакі ХХ стагоддзя, прадстаўнікі знакамітай Парыжскай школы – сталі героямі работ Алега Папельскага, створаных ва ўнікальнай тэхналогіі з выкарыстаннем натуральных камянёў. Прадстаўленыя ў розных камбінацыях камянёў карціны з'яўляюцца амажамі (hommage), што ў перакладзе з французскага абазначае даніну творчасці мастака. Цыкл "Дарога ў вечнасць" расказвае аб жыццёвых перыпетыях Хаіма Суціна, яго дзяцінстве ў родных Смілавічах, іўдзейскіх традыцыях, абрадах і ўкладзе сям'і. Другі цыкл – "Ля цёплага дома душы" – прысвечаны творчасці Марка Шагала, дзе галоўным элементам з'яўляецца сінагога, а дапаўняюць кампазіцыю персанажы работ майстра – жыхары роднага яму горада Віцебска.

Калі: да 1 кастрычніка
Дзе: Музей гісторыі горада Мінска, вул. Ракаўская, 17, Мінск

Прэм'ера спектакля "Карней": РТБД адкрывае новы тэатральны сезон

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі адкрывае новы сезон прэм'ерай: спектакль рэжысёра Алёны Зміцер "Карней" – гэта гісторыя дзівакаватага пацукалова, які шукае сваё месца на зямлі. Галоўным прадметам даследавання з'яўляецца Дом, які сімвалізуе сувязь з роднай зямлёй і аб'ядноўвае цэлыя пакаленні. Гэта і сімвал, і пачуццё, і злучальнае звяно пакаленняў, вопытаў, часоў і выпрабаванняў. У аснове спектакля – апавяданне знакамітага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча "Карней – мышыная смерць", а таксама ўрыўкі з празаічных твораў класіка, яго вершаў і эсэ.

Калі: 1, 27 верасня; 8, 21 кастрычніка
Дзе: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, вул. Крапоткіна, 44, Мінск

"Віва Карнавал": новая праграма ў Белдзяржцырку

Атмасферу легендарнага фестывалю ў Монтэ-Карла прывязуць у Мінск артысты італьянскай цыркавой дынастыі Тоні, якая лічыцца адной з найстарэйшых у Еўропе і налічвае ўжо 150 гадоў! Яе прадстаўнікі з'яўляюцца ўладальнікамі пяці ўзнагарод гэтага прэстыжнага спаборніцтва ў Манака, а ў студзені 2023-га іх нумар з удзелам залацістых бенгальскіх і белых тыграў стаў пераможцам фестывалю. Мінчане і госці сталіцы ўпершыню змогуць яго ўбачыць на галоўным манежы краіны. Таксама ў праграме "Віва Карнавал" выступяць стралкі з арбалета, акрабаты на батуце, жанглёры, эквілібрысты, наезнікі на конях, паветраныя гімнасты. Аўтарскія нумары прадставяць Яўген Камісарэнка ("Шоу каралеўскіх пудзеляў"), Асель Саралаева ("Дрэсіраваныя кошкі"), Аліхан Аліханаў ("Канатаходцы" і "Эквілібрысты на першах").

Калі: 23 верасня – 3 снежня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Выстава "Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм" у НММ

Беларуская "Анталогія прыгажосці" – гэта каля 90 народных касцюмаў шасці этнаграфічных рэгіёнаў краіны, сярод якіх заходняе і ўсходняе Палессе, Падзвінне, Падняпроўе, Панямонне, Цэнтральная Беларусь. Упершыню ў такім маштабе выстава ўбачыла свет у Нацыянальным мастацкім музеі ў рамках штогадовай акцыі "Вераснёвая ноч". Гасцям прадстаўлена амаль 1000 экспанатаў – народнае адзенне, дамашнія рэчы, эскізы і архіўныя фатаграфіі, якія адлюстроўваюць яркія рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці народнага касцюма, як жаночага, так і мужчынскага. Дапоўнілі экспазіцыю творы традыцыйнага беларускага ткацтва, арыгінальная і тыражная графіка, беларускі жывапіс са збору нацыянальнай скарбніцы.

Калі: 9 верасня – 11 снежня
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. К. Маркса, 24, Мінск

Музыка беларускіх кампазітараў у Мінскім планетарыі

Музыка сучасных беларускіх кампазітараў упершыню прагучыць пад купалам сталічнага планетарыя. Выступленні Духавога квінтэта салістаў Вялікага тэатра Беларусі і піяніста Віктара Кісценя адбудуцца ў рамках праекта "Музыка і Зоркі". Толькі сотня наведвальнікаў (колькасць месцаў у зале абмежавана) зробіць падарожжа ў свет сугуччаў і фантазій сучасных талентаў. У праграму ўвайшлі творы ва ўсёй сваёй разнастайнасці – стыляў, жанраў, выканальніцкіх тэхнік – як ад прызнаных мэтраў, так і юных выканаўцаў Беларусі.

Калі: 30 верасня і 1 кастрычніка, 19.00 і 20.15
Дзе: Мінскі планетарый, вул. Фрунзэ, 2, Мінск

50-годдзе творчай дзейнасці Валянціна Елізар'ева ў Вялікім тэатры

Народны артыст Беларусі і СССР, вядомы беларускі балетмайстар Валянцін Елізар'еў у кастрычніку адзначыць 50-годдзе творчай дзейнасці. Яго імя непарыўна звязана з гісторыяй нацыянальнай балетнай школы, харэаграфічным мастацтвам і, зразумела, Вялікім тэатрам, у рэпертуары якога – 9 лепшых балетаў маэстра. Менавіта іх на працягу месяца змогуць убачыць знатакі таленту Елізар'ева.

Кожны са спектакляў будзе паказаны двойчы, а галоўныя партыі ў іх выканаюць як беларускія, так і замежныя артысты. Напрыклад, у "Спячай прыгажуні" прынца Дэзірэ і прынцэсу Аўрору ўвасобяць салісты Венгерскага нацыянальнага балета Вячаслаў Гнедчык і Нуца Чэкурашвілі, а ў балеце "Лебядзінае возера" ролі Адэты/Адыліі і прынца Зігфрыда выканаюць салісты Міхайлаўскага тэатра Анжаліна Варанцова і Эрнэст Латыпаў.

Калі:
1 і 4 кастрычніка – балет "Рамэа і Джульета"
8 кастрычніка – балет "Спартак"
11 і 13 кастрычніка – балет "Спячая прыгажуня"
15 кастрычніка – балет "Стварэнне свету"
18 і 20 кастрычніка – балет "Лебядзінае возера"
22 і 25 кастрычніка – балет "Дон Кіхот"
27 кастрычніка – балет "Карміна Бурана", "Кармэн-сюіта"
29 кастрычніка – балет "Шчаўкунок"

Дзе: Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

XV Нацыянальны фестываль архітэктуры ў Мінску

Нацыянальны фестываль архітэктуры 15-ы раз разгорнецца ў Мінску. Галоўная мэта форуму – азнаёміць жыхароў і гасцей краіны з творчасцю сучасных беларускіх архітэктараў, а таксама вызначыць лепшыя работы і іх аўтараў. У дні фестывалю ўзнагародзяць уладальнікаў прыза "Дойлід Рэспублікі Беларусь", адбудзецца ўручэнне Міжнароднай прэміі імя Лазара Хідэкеля за інавацыйныя і экалагічныя падыходы ў архітэктуры. Праграму адкрые XVII Рэспубліканскі конкурс дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ Беларусі. Прадоўжаць творчы марафон Міжнароднае біенале маладых архітэктараў "Леанарда", XXI Рэспубліканскі конкурс на лепшы праект, пабудову і публікацыю ў галіне архітэктуры, горадабудаўніцтва і дызайну, Рэспубліканскі мастацкі конкурс дзіцячай творчасці "Архітэктура роднага краю вачамі дзяцей". У праграму таксама ўключаны выставы, майстар-класы вядучых беларускіх архітэктараў, тэматычныя сустрэчы, прэзентацыі праектных прадпрыемстваў, тавараў, тэхналогій і паслуг замежных і айчынных кампаній, якія працуюць на будаўнічым рынку Беларусі.

Калі: 2–21 кастрычніка
Дзе: Рэспубліканскі дом архітэктара, вул. К. Маркса, 14, Мінск

Міжнародная аўтамабільная выстаўка АЎТО ЭКСПА-2023 у Мінску

Праз 10 гадоў пад купалам сталічнага Футбольнага манежа разгорнецца грандыёзная аўтамабільная выстаўка АЎТО ЭКСПА-2023. Жадаючыя змогуць убачыць практычна ўсе мадэлі аўтамабіляў, даступных да набыцця ў афіцыйных дылераў у Беларусі. Чакаецца рэкордная колькасць наведвальнікаў, паколькі ёсць вялікая цікавасць, а продажы новых аўтамабіляў у краіне растуць. Акрамя таго, рынак перажывае бум з'яўлення новых мадэлей, і гэта самы зручны спосаб азнаёміцца з імі: у экспазіцыі ўжо заяўлена 25 аўтабрэндаў. Для гасцей выстаўкі прадугледжана шырокая праграма тэст-драйваў дэманструемых мадэлей.

Калі: 11–13 кастрычніка, 10.00–21.00
Дзе: Футбольны манеж, пр. Пераможцаў, 20/2, Мінск

XXVI Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка"

Міжнародны фестываль "Анімаёўка" 26-ы раз збярэ стваральнікаў анімацыйных фільмаў і парадуе гледачоў навінкамі. У праграме магілёўскага форуму-2023 – конкурсы анімацыйных фільмаў (узрост 18 і старэйшы), дзіцячай анімацыйнай творчасці (да 17 гадоў), выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці (ад 5 да 17 гадоў). Гасцей чакаюць паказы конкурсных і пазаконкурсных праграм, творчыя сустрэчы са стваральнікамі фільмаў, майстар-класы, выставы дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дарэчы, год таму галоўны прыз у намінацыі "Лепшы беларускі анімацыйны фільм" атрымала рэжысёр "Беларусьфільма" Ірына Тарасава за работу пра халакост "263 ночы".

Калі: 11–13 кастрычніка
Дзе: Магілёў

Міжнародная выстаўка-кірмаш для жанчын LADY Expo 2023 у Мінску

LADY Expo – буйнейшая выстаўка-кірмаш у сферы жаночай прыгажосці і здароўя. Тут можна азнаёміцца з найноўшымі распрацоўкамі і паслугамі касметалогіі і эстэтычнай медыцыны, б'юці-індустрыі, а таксама набыць касметычныя сродкі, парфумерыю, дызайнерскае адзенне і аксесуары, тавары для спорту і здаровага ладу жыцця, адукацыі і самаразвіцця. Галоўным акцэнтам стане Форум жаночага лідарства і кар'ерных магчымасцей, дзе запрошаныя спікеры падзеляцца сакрэтамі поспеху, раскажуць аб новых трэндах і напрамках у вядзенні бізнесу. Праграму выстаўкі-2023 дапоўняць медыцынская канферэнцыя "Жаночае здароўе", Міжнародны форум па этыкеце і пратаколе, модныя паказы ад беларускіх дызайнераў, лекцыі і семінары, прэзентацыі і майстар-класы.

Калі: 11–13 кастрычніка
Дзе: Falcon Club, пр. пераможцаў, 20, Мінск

XX Міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач

Міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы праводзіцца ў Мінску з 2002 года і ўжо заняў ганаровае месца ў штогадовым спартыўным календары Беларусі. Яго ініцыятар і стваральнік – Марына Лобач – ураджэнка беларускіх Смалявіч і першая савецкая алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы, якая заваявала ў індывідуальным першынстве золата на Алімпіядзе-1988 у Сеуле. А сёння яна вядомы трэнер, настаўніца лідара нацыянальнай зборнай Аліны Гарнасько, якая стала бронзавым прызёрам Токіа-2020 і чэмпіёнкай свету-2021. Фармат турніру Марыны Лобач у мінулым годзе змяніўся. Цяпер у залік кожнай з каманд падсумоўваюцца вынікі трох спартсменак розных узроставых катэгорый – прэ-юніёрак, юніёрак і сеніёрак. Таксама згодна з новымі правіламі ў кожнай катэгорыі вызначаюцца прызёры ў мнагабор'і і фіналах асобных дысцыплін. Гледачы змогуць убачыць знакамітых грацый і атрымаць асалоду ад праграм у розных відах пяршынстваў. Цікава, што ў мінулым годзе было разыграна 19 камплектаў узнагарод, і 30 узнагарод заваявалі беларускі.

Калі: 13–15 кастрычніка
Дзе: Палац мастацкай гімнастыкі, пр. Пераможцаў, 112, Мінск

70-годдзе беларускага трактарабудавання: "ТрактарШоу" ў "Вялікім камені"

"ТрактарШоу" ў Беларусі адбудзецца ўпершыню: свята задумана ў знак удзячнасці тым, хто кожны дзень з раніцы да позняга вечара працуе ў полі, каб забяспечыць хлебам краіну. Нагодай для правядзення мерапрыемства выбрана знамянальная дата – 70-годдзе беларускага трактарабудавання. 14 кастрычніка 1953 года з канвеера Мінскага трактарнага завода сышоў першы серыйны трактар цалкам беларускай вытворчасці ад канструктарскай распрацоўкі да гатовай машыны. Чакаецца, што ў відовішчным спаборніцтве прымуць удзел восем каманд (па два чалавекі) з шасці абласцей краіны, а таксама Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі і Мінскага трактарнага завода.

Калі: 14 кастрычніка
Дзе: Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", Смалявіцкі раён, Мінская вобласць

"Хіты афра-кубінскага джаза" ў Мінску: квінтэт Арка Аўруцкага пры ўдзеле Карласа Энрыке

Гарачыя кубінскія і афрыканскія джазавыя рытмы, кампазіцыі з рэпертуару знакамітага трубача-віртуоза Дзізі Гілеспі злучыліся ў канцэртнай праграме квінтэта Арка Аўруцкага – кантрабасіста, кампазітара і бэнд-лідара, лаўрэата фестываляў і аўтара міжнародных джазавых праектаў. На беларускай сцэне ў складзе квінтэта сыграюць лепшыя джазавыя музыканты з усяго свету: адзіны прафесійны расійскі арганіст Уладзімір Несцярэнка, які выконвае джаз, мультыінструменталіст, знакаміты саксафаніст і трубач Кубы Карлас Энрыке, спявак, кампазітар, перкусіяніст і барабаншчык Фідэль Алехандра, віртуоз кубінскіх ударных інструментаў Ёхандзіс Вега.  У гэты вечар у вялікай зале Белдзяржфілармоніі прагучаць такія хіты, як Caravan, Besame mucho, Samba for Carmen, Tin Ten Deo, Manteca…

Калі: 21 кастрычніка
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

XXVIII Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі"

Фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі" адкрывае 28-ы сезон і запрашае знатакоў класікі наведаць вечары ў канцэртнай зале полацкага Сафійскага сабора. Адкрыццё форуму адбудзецца 22 кастрычніка канцэртам знакамітай арганісткі заслужанай артысткі Беларусі Ксеніі Пагарэлай і камернага аркестра "Еўропа-Цэнтр" пад кіраўніцтвам маэстра Раіля Садыкава. Прадоўжаць праграму "Музычныя калекцыі" салісткі Кацярыны Мельнікавай (Расія), юбілейны канцэрт да 35-годдзя творчай дзейнасці Ксеніі Пагарэлай, канцэрт "Вечная прыгажосць" пры ўдзеле ансамбля салістаў Архікафедральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Панны Марыі. Фінальным акордам фестывалю-2023 стане лістападаўскі вечар "Я бачу цябе ў тысячах вобразаў..." ад арганісткі Кацярыны Івановай і вакалісткі Таццяны Сучковай-Гаўрыілавай.

Калі: 22 кастрычніка – 19 лістапада
Дзе: Сафійскі сабор, Полацк, Віцебская вобласць

Міжнародны музычны фестываль "Залаты шлягер" -2023

Міжнародны музычны фестываль "Залаты шлягер", заснаваны ў 1995 годзе для захавання лепшых традыцый сусветнай музычнай культуры ў песенным жанры, сёння застаецца адным з буйнейшых у Еўропе фестываляў рэтрамузыкі. Уверцюрай сезона стануць канцэртная праграма "Джаз і не толькі" ад беларускага "Прэм'ер Аркестра" і канцэрт аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л.Л. Іванова.

Адкрыццё "Залатога шлягера"-2023 адбудзецца 26 кастрычніка і аб'яднае артыстаў Беларусі (Алёна Ланская, Жанэт, "Песняры", арт-група "Беларусы", Расіі (Ірына Панароўская, Сяргей Белікаў, Аляксандр Дабранраваў, група "Камбінацыя", ВІА "Лейся, песня", Італіі (Антанэла Бучы і Маўра Менгалі).

Далей у праграме фестывалю "Залаты шлягер" -2023:

· 27 кастрычніка – сольны канцэрт ВІА "Сіняя птушка"; рэтрадыскатэка "Рытмы начнога горада" з удзелам артыстаў Магілёўскай вобласці ў скверы 40-годдзя Перамогі;
· 28 кастрычніка – вечар бардаўскай песні – канцэрт-прэм'ера "Песні нашага асяроддзя"; канцэрт-праграма "Дыскатэка СССР";
· 29 кастрычніка – канцэрт "Гэты свет прыдуманы не намі", прысвечаны народнаму артысту Расіі кампазітару Аляксандру Зацэпіну; шансон-праграма "ЭХ, Разгуляй!"

Калі: 24–29 кастрычніка
Дзе: Палац культуры вобласці, абласны цэнтр творчасці, Магілёў

Міжнародная выстаўка-кірмаш BelTexIndustry ў Мінску

BelTexIndustry – буйнейшая ў Беларусі выстаўка ў сферы лёгкай прамысловасці, унікальная пляцоўка для дэманстрацыі навінак, трэндаў будучага сезона і правядзення мерапрыемстваў з абмеркаваннем актуальных тэм развіцця галіны. Наведвальнікаў чакаюць модныя паказы калекцый адзення і абутку ад айчынных вытворцаў, B2B-мерапрыемствы, бізнес-сустрэчы. У рамках дзелавой праграмы-2023 адбудуцца прэзентацыі кампаній, спецыялізаваныя семінары, сустрэчы з удзелам кіраўнікоў вядучых прадпрыемстваў, прадстаўнікоў гандлю і СМІ.

Калі: 25–27 кастрычніка
Дзе: Футбольны манеж, пр. Пераможцаў, 20/2, Мінск

CINEMA MEDLEY: сімфанічнае шоу саўндтрэкаў у "Мінск-Арэне"

Сімфанічнае шоу саўндтрэкаў з сусветнага кінематографа прадставіць на буйнейшай канцэртнай пляцоўцы сталіцы Imperial Orchestra пад кіраўніцтвам дырыжора Льва Дунаева. Праграма вечара прысвечана музыцы з сусветна вядомых кінастужак XX і XXI стагоддзя: галоўныя тэмы адабраны і аформлены ў выглядзе сімфанічных сюіт – medley. Гледачы зробяць сапраўднае падарожжа ў гісторыю сусветнага кіно, успомніўшы такія фільмы, як "Зорныя войны", "Інтэрстэлар", "Гульня прастолаў", "Спіс Шындлера", "Шэрлак Холмс", "Прывід оперы", "Парк Юрскага перыяду", "Пачатак"... Ханс Цымер, Джон Уільямс, Дэвід Арнольд, Рамін Джавадзі, Эндру Лойд Уэбер – імёны кампазітараў, творы якіх прагучаць у "Мінск-Арэне" ў выкананні 80 віртуозных музыкантаў.

Калі: 28–29 кастрычніка, 18.00
Дзе: "Мінск-Арэна", пр. Пераможцаў, 111, Мінск

Свята "Велесава ноч" у Бярэзінскім запаведніку

Жамчужына Беларусі – Бярэзінскі біясферны запаведнік – уяўляе сабой старажытную прыродную экасістэму і аб'ядноўвае 1348 балот. Традыцыйна ў кастрычніку ўсе прыродныя працэсы запавольваюцца, жывы свет паступова засынае. "Велесава ноч" у славянскай традыцыі з'яўляецца святам пераходу з восені ў зіму і адзначаецца ў ноч з 30-га на 31-е кастрычніка. Нашы продкі верылі, што менавіта ў гэты час мяжа паміж светам людзей (Яві) і светам духаў (Наві) становіцца асабліва тонкай, а вартаўніком гэтага пераходу з'яўляецца Велес – заступнік свойскай жывёлы, багацця, а таксама ведаў і мудрасці.

Госці старажытнаславянскага свята "Велесава ноч" у Бярэзінскім запаведніку акунуцца ў загадкавы свет духаў і старажытных божастваў, зробяць падарожжа ў містычны свет па "сцежцы міфаў", раскрыюць тайны беларускай міфалогіі, навучацца вырабляць традыцыйную ляльку-абярэг, а таксама прадэгустуюць духмяныя травяныя адвары ля вогнішча на лясной паляне.

Калі: 28–29 кастрычніка
Дзе: Бярэзінскі біясферны запаведнік, вул. Цэнтральная, 3, в. Домжарыцы, Лепельскі раён, Віцебская вобласць

Канцэрт-феерыя "Лясны цар" у Белдзяржфілармоніі

Тэатр класічнай музыкі "Імпрэсія" прадставіць на сцэне Белдзяржфілармоніі канцэрт-феерыю "Лясны цар". Госці вечара перанясуцца ў зачараваны лес, напоўнены фантастычнымі істотамі – німфамі, феямі, тролямі і эльфамі, і зазірнуць да ляснога цара. Містычную атмасферу і настрой падарожжа створаць знакамітыя творы І.С. Баха, Ф. Шуберта, Э. Грыга, В.А. Моцарта, К. Сен-Санса, Р. Вагнера, А. Вівальдзі і М. Мусаргскага. А галоўным "персанажам" у музычнай канве стане голас аднаго з самых вялікіх арганаў у Еўропе: 6366 труб разнастайных канструкцый і памераў напоўняць канцэртную залу магутным гукам.

Калі: 29 кастрычніка
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі