8 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. IX Форум навуковай і творчай інтэлігенцыі СНД пройдзе 16 снежня ў Маскве, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц Садружнасці.
Для ўдзелу ў мерапрыемстве ў расійскую сталіцу запрошаны больш як 300 дэлегатаў з Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Расіі. Тэма форуму - "Развіццё агульнай гуманітарнай прасторы СНД: перспектывы супрацоўніцтва і выклікі часу".
На пленарных пасяджэннях і ў профільных секцыях вучоныя, дзеячы мастацтва і журналісты абмяркуюць розныя аспекты прафесійнага ўзаемадзеяння. Размова пойдзе аб ролі моладзі ў захаванні культурнай спадчыны і развіцці культурна-пазнавальнага турызму, навуцы і адукацыі, міжкультурным дыялогу, ролі СМІ ва ўмацаванні міжкультурнага дыялогу на прасторы СНД. Асаблівую ўвагу дэлегаты плануюць удзяліць сумеснай падрыхтоўцы да святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і мерапрыемствам у час аб'яўленага ў СНД у 2015 годзе Года ветэранаў.
Адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў маладзёжнага конкурсу "Садружнасць дэбютаў" і прэзентацыя культурных сталіц СНД 2015 года - расійскага горада Варонеж і таджыкскага Куляб.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|