10 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсмены на Х Балтыйскіх юнацкіх гульнях у Брэсце заваявалі 130 залатых медалёў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Віктар Селівонік.
У юбілейным турніры прынялі ўдзел 1289 прадстаўнікоў з васьмі краін. На спартыўных арэнах горада над Бугам было разыграна 186 камплектаў узнагарод. Беларускія спартсмены заваявалі 258 медалёў, у тым ліку ў скарбонцы зборнай 130 залатых узнагарод. У цэлым за каманду Беларусі выступілі 380 юнакоў і дзяўчат. "Спаборніцтвы дапамаглі наладзіць сувязі паміж нашымі і замежнымі спартсменамі. Маладыя людзі змаглі ацаніць сваё майстэрства, абмяняцца вопытам", - адзначыў Віктар Селівонік.
Брэст прымаў Балтыйскія юнацкія гульні з 7 па 9 ліпеня. За ўзнагароды змагаліся 11 каманд з Расіі, Беларусі, Германіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Швецыі. Спаборніцтвы прайшлі па 16 відах спорту.
Балтыйскія гульні праводзяцца раз у два гады. Па рашэнні арганізацыйнага камітэта ў 2019 годзе турнір прыме Швецыя.