Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

28 Крс 2023

Батальныя сцэны, камп'ютарная графіка і багатая архітэктура. Якім будзе новы блокбастар "Беларусьфільма"

Батальныя сцэны, камп'ютарная графіка і багатая архітэктура. Якім будзе новы блокбастар
Фота з архiва

28 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фільм пад рабочай назвай "Чорны замак" будзе напоўнены батальнымі сцэнамі, камп'ютарнай графікай і багаццем архітэктуры, расказаў журналістам рэжысёр-пастаноўшчык Кірыл Кузін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта вялікае займальнае кіно. У нас будзе шмат батальных сцэн з каскадзёрамі і камп'ютарнай графікай. Тое багацце архітэктуры, якую мы вам пакажам, можа, нават не ўсім жыхарам Беларусі вядома. Гэта будуць замкі вядомыя і малавядомыя, і зусім не вядомыя", - расказаў рэжысёр-пастаноўшчык фільма Кірыл Кузін.

Ён адзначыў, што падрыхтоўка да фільма пачалася ў жніўні 2022 года. Праходзіў падбор акцёраў, выбар месцаў для здымак. Загадзя пачалі выраб касцюмаў і рэквізіту для новай карціны.

Доўга вялася работа над сцэнарыем, адзначыў Кірыл Кузін. "Сцэнарый пісаўся паводле кнігі (рамана Уладзіміра Караткевіча "Чорны замак Альшанскі". - Заўвага БЕЛТА), значыць, ад кнігі адыходзіць нельга. Але вялікі цудоўны раман укласці ў паўтары - дзве гадзіны кіно вельмі складана. Таму біліся над тым, каб не адмовіцца ад галоўнага, каб была раскрыта тэма і самае галоўнае - каб фільм яшчэ быў і займальным", - дадаў ён.

"Галоўная ідэя нашага фільма ў тым, што мы не бязродныя. У нас вельмі багатая гісторыя, у якой ёсць свае злачынцы, свае героі, прыгожыя пачуцці, якія ўсім нам надаюць высакароднасці", - прадоўжыў сцэнарыст праекта Глеб Шпрыгаў.

Ён заўважыў, што фільм не з'яўляецца гістарычна дакладным, а належыць да жанру гістарычнага фэнтэзі.

Здымкі фільма будуць праходзіць больш як на 50 розных лакацыях па ўсёй тэрыторыі Беларусі. "У нас ёсць сцэна, якая здымаецца ў чатырох розных лакацыях па ўсёй Беларусі, але гэта адна сцэна. Нашы героі заходзяць у Глыбокім, а выходзяць у Нясвіжы", - расказаў Глеб Шпрыгаў.

У сюжэце фільма дзве часавыя лініі: наш час і Сярэдневякоўе. Рэжысёр фільма Кірыл Кузін расказаў, што менавіта гістарычныя сцэны будуць самымі складанымі ў вытворчасці.

Галоўныя ролі ў фільме выканаюць расійскія акцёры Яўген Шварц і Вераніка Усцімава.

"На жаль, у нас у Расіі маладое пакаленне мала ведае Уладзіміра Караткевіча, і я спадзяюся, што з выхадам фільма маладыя людзі зацікавяцца гэтым пісьменнікам і абавязкова прачытаюць яго раманы", - адзначыў Яўген Шварц.

"Фільм разлічаны на масавага гледача, не толькі беларускага, але і замежнага. Гэта будзе вялікае кіно, таму для нас гэты фільм вельмі важны", - выказаў сваё меркаванне генеральны дырэктар "Беларусьфільма" Уладзімір Карачэўскі.

Здымкі фільма "Чорны замак" будуць праходзіць да канца чэрвеня. Потым каманда пачне работу над постпрадакшнам. А сам фільм будзе прадстаўлены ўжо вясной 2024 года.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі