26 ліпеня, Токіа /Кар. БЕЛТА/. Баксёр Дзмітрый Асанаў, які выступае ў вагавой катэгорыі 63 кг, прайшоў у наступны круг алімпійскага турніру, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўнік Мінскай вобласці ў нацыянальнай дружыне ўпэўнена разабраўся з атлетам з Іарданіі Махамадам Абада Аль-Касбехам. Беларус паказаў добры бокс, трымаючы паядынк у сваіх руках з пачатку і да фінальнага гонга. Гэта засведчылі і суддзі, якія аддалі яму вікторыю сваім аднагалосным рашэннем - 5:0.
Другі паядынак на Алімпійскіх гульнях Дзмітрый Асанаў правядзе 31 ліпеня супраць бразільца Вандэрсана дэ Алівейры. Напярэдадні перамогі дасягнуў яшчэ адзін баксёр з Беларусі, бабруйчанін Аляксандр Радзівонаў.