7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўдзельніца конкурсу "Еўрабачанне-2013" Алена Ланская правяла 7 мая першую рэпетыцыю на сцэне шведскай "Мальмё Арэны", дзе ў гэтым годзе пройдзе конкурс. Кампазіцыю "Solayoh" яна выконвае на фоне вялікага ззяючага шара, што сімвалізуе планету шчасця, пра якую спявае Алена Ланская. Менавіта з гэтага зіхатлівага шара артыстка выходзіць на сцэну "Еўрабачання", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Праўда, на рэпетыцыі Алена з'явілася не ў тым убранні, якое будзе на ёй у час першага паўфіналу. Да гэтага часу спявачка захоўвае інтрыгу вакол свайго сцэнічнага касцюма.
Як прызналася сама выканаўца на афіцыйнай старонцы ў Твітэры, яна засталася задаволеная тым, як прайшла першая рэпетыцыя. Не без гонару яна адзначыла, што на рэпетыцыі прысутнічаў выканаўчы дырэктар "Еўрабачання" нарвежац Ён Ола Санд.
На сваім акаўнце ў сацсетках Алёна актыўна каменціруе знаходжанне беларускай дэлегацыі ў шведскім горадзе Мальмё, выкладае ў сеткі фота і відэа паездкі, дзеліцца цікавымі падрабязнасцямі. Напрыклад, аб тым, што вушныя маніторы для выступлення на сцэне "Еўрабачання" заказвалі ў Маскве.
Вядома, што наша дэлегацыя адправілася на конкурс з вялікай колькасцю прома-прадукцыі, у тым ліку і алкагольнай. Мабыць, у Мальмё яе паспелі ўжо рассмакаваць - на фота ў Твітэры грэкі, якія выступаюць на конкурсе з завадной песняй "Алкаголь бясплатна", з задавальненнем дэгустуюць беларускую прома-прадукцыю.
Наперадзе ў Алены Ланской яшчэ некалькі рэпетыцый на сцэне "Мальмё Арэны", беларуская вечарынка 11 мая ў Еўраклубе і, нарэшце, вырашальная дата 14 мая, калі адбудзецца першы паўфінал.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|