10 лістапада, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. У Мінску адбылася цырымонія адкрыцця пасажырскіх чыгуначных зносін Мінск-Пасажырскі - Нацыянальны аэрапорт Мінск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цырымоніі прынялі ўдзел міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак, начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў і іншыя афіцыйныя асобы. "Гэты праект мае вялікую будучыню, у яго добрыя перспектывы. Ён вельмі важны для пасажыраў, не толькі для мінчан, а для ўсіх жыхароў рэспублікі", - адзначыў Анатоль Сівак.
У сваю чаргу Уладзімір Марозаў канстатаваў, што ўпершыню з любога населенага пункта Беларусі, у якім ёсць чыгунка, можна дабрацца да Нацыянальнага аэрапорта поездам. "Нашы пасажыры могуць скарыстацца гэтай паслугай, разлічыць свой шлях, зрабіць паездку ў камфортных і бяспечных умовах і, галоўнае, своечасова", - падкрэсліў начальнік БЧ.
Рух пасажырскіх паяздоў па маршруце "Станцыя Мінск-Пасажырскі - Прыпыначны пункт "Нацыянальны аэрапорт Мінск" адкрыўся 7 лістапада ў тэставым рэжыме. Сучасны трохвагонны дызель-поезд зрабіў у аэрапорт два рэйсы. Праезд ад прыпыначнага пункта "Нацыянальны аэрапорт Мінск" непасрэдна да аэрапорта ажыццяўляецца на аўтобусе. Агульны час у дарозе з улікам перасадкі займае каля 70 мінут, з іх 55-56 мінут прыпадае на праезд па чыгунцы. З 8 лістапада па новым маршруце будуць штодня курсіраваць 5 пар такіх паяздоў. Па шляху руху прадугледжаны адзін прыпынак у Смалявічах.
Білеты на паязды, якія ідуць ад станцыі Мінск-Пасажырскі да прыпыначнага пункта "Нацыянальны аэрапорт Мінск" можна набыць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ў пунктах афармлення праязных дакументаў БЧ, уключаючы плацежна-даведачныя тэрміналы самаабслугоўвання. Два такія тэрміналы былі ўстаноўлены на другой платформе станцыі Мінск-Пасажырскі, з якой штодзённа будуць адпраўляцца паязды ў аэрапорт.
Праязныя дакументы ў аэрапорт можна купіць за 10 сутак да адпраўлення поезда. Акрамя таго, у дзень адпраўлення набыць білет магчыма ў поездзе ў білетных касіраў або праз плацежныя тэрміналы самаабслугоўвання, устаноўленыя ў аэрапорце.
Кошт адной паездкі да аэрапорта ад станцыі Мінск-Пасажырскі складзе Br25 тыс., ад станцыі Смалявічы - Br14 600.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|