Міжнародны фестываль "Нёманская вясна", які праводзіцца ўжо на працягу больш як 40 гадоў, 15-16 красавіка адкрыў турыстычны сезон-2018 на Аўгустоўскім канале. Яго галоўнай падзеяй сталі экстрэмальныя спаборніцтвы: каля 300 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы спаборнічалі ў турысцка-прыкладным мнагабор’і. Усяго за два дні на байдарках і катамаранах яны пераадолелі рэкордныя дыстанцыі (даўжыня самай вялікай з іх – 12 км!) па бурлівай рацэ Асташанка, што недалёка ад вядомага шлюза "Нямнова".
Як адзначаюць арганізатары, папулярнасць водных відаў спорту з кожным годам расце: для прафесіяналаў гэта цудоўная магчымасць праверыць сілы перад маючымі адбыцца паходамі, а для навічкоў і турыстаў – адпачынак і знаёмства з выдатнымі мясцінамі Аўгустоўскага канала. Дарэчы, для адпрацоўкі навыкаў адбыўся тэст-драйв байдарак: любы жадаючы з дапамогай вопытных інструктараў змог асвоіць кіраванне гэтым плавальным сродкам, а затым адправіцца ў сваё першае падарожжа.
Акрамя таго, госці маглі атрымаць асалоду ад маляўнічых краявідаў канала, адправіўшыся ў міні-круіз на прагулачным цеплаходзе. Паводле слоў арганізатараў, такія прагулкі запатрабаваны сярод замежных турыстаў, якія пасля ўвядзення ў 2016 годзе бязвізавага рэжыму могуць бесперашкодна курсіраваць па беларуска-польскіх прасторах адной з найпрыгажэйшых штучных артэрый на воднай карце Еўропы. Дарэчы, не адстаюць і аматары яхт: у мінулым годзе па канале прайшлі каля 90 прыватных суднаў!
Экстрэмальныя спаборніцтвы на байдарках, тэст-драйв незвычайных суднаў, адкрыццё скульптуры гаспадыні-бабрыхі – усё гэта ў нашым фотарэпартажы!
На фота: інструктар Павел Сурмач дапамагае асвоіць кіраванне байдаркай карэспандэнту БЕЛТА Сяргею Гаўрыцкаму