Гістарычны цэнтр Мінска – Верхні горад – па праву ўжо можна называць самым мультынацыянальным кварталам беларускай сталіцы. У фестывальным сезоне-2016 тут практычна кожныя выхадныя прымалі гасцей святы народаў і культур свету: карэйскай, польскай, украінскай, грузінскай, італьянскай… А 25 верасня на пляцоўцы каля мінскай ратушы адзначалі Дзень яўрэйскай культуры.
З традыцыямі і звычаямі, нацыянальнымі багаццямі знаёмілі выстаўкі, майстар-класы, дэгустацыі знакамітых страў яўрэйскай кухні. У праграме былі паказальныя выступленні майстроў ізраільскага баявога мастацтва краў-мага, віктарыны, конкурсы, канцэрты і забавы для дзяцей.
Свята арганізавалі Мінскі гарвыканкам і Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын пры падтрымцы пасольства Ізраіля ў Беларусі, Ізраільскага культурнага цэнтра.