Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | "Парыж-Мосар" – першае ў Беларусі экстрэмальнае трактарнае ралі

"Парыж-Мосар" – першае ў Беларусі экстрэмальнае трактарнае ралі

28 Стд 2017

Роў матораў, скорасць, моц і трываласць на бездарожжы, адрэналін экіпажаў і шчырая цікавасць шматлікіх гледачоў… Напярэдадні Дня беларускай навукі, 28 студзеня, флагман айчыннага машынабудавання – МТЗ – арганізаваў у Віцебскай вобласці грандыёзны тэст-драйв новых трактароў BELARUS.

У экстрэмальным 17-кіламетровым ралі, маршрут якога пралёг па заснежаных пераараных палях, лясных сцежках, водных і рукатворных перашкодах, прынялі ўдзел 8 экіпажаў. Пункты старту і фінішу не выпадковыя: імі сталі вядомыя ў паўночным рэгіёне Беларусі вёскі з сімвалічнымі назвамі – аднайменны французскай сталіцы Парыж Пастаўскага раёна і сугучны Дакару Мосар у Глыбоцкім раёне.

Як адзначыў дырэктар МТЗ Фёдар Дамаценка, ідэя правесці ў Беларусі першае трактарнае ралі з'явілася ў мінулым годзе, калі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрыемства і азнаёміўся з новай лінейкай тэхнікі, у тым ліку і з макетным узорам інавацыйнай мадэлі BELARUS-3522. Тады на МТЗ паабяцалі ўжо праз некалькі месяцаў адправіць першыя трактары на выпрабаванні па камерцыйных кантрактах у Віцебскі рэгіён. Праз некаторы час – новы эксперымент: на дэбютны гоначны тэст-драйв былі заяўлены і трактары, якія ўжо працуюць на сельгаспрадпрыемствах Віцебшчыны, і машыны, якія толькі што сышлі з заводскага канвеера.

Галоўнымі героямі гонкі па бездарожжы і відовішчнага "трактарнага футбола" сталі сем экіпажаў на магутных BELARUS-3522 і яшчэ адзін – на гусенічным BELARUS-2103. За рулём – толькі вопытныя вадзіцелі: выпрабавальнікі завода-вытворца і механізатары, якія кожны дзень працуюць на тэхніцы брэнда МТЗ. І вядома, на фінішы іх чакалі авацыі гледачоў, а лепшых – п'едэстал гонару з традыцыйнымі пырскамі шампанскага.

Трактарнае ралі Парыж-Мосар, якое з поспехам пераадолелі ўсе ўдзельнікі, стала важкім доказам якасці і трываласці тэхнікі МТЗ. Плануецца, што спаборніцтвы стануць традыцыйнымі і, больш таго, пашыраць геаграфію: ужо ў канцы жніўня аналагічныя выпрабаванні пройдуць на тэрыторыі Чалябінскай вобласці Расіі. Пакуль склад удзельнікаў трымаецца ў сакрэце, але ўжо вядома, што ў іх ліку будзе BELARUS-4522 – самы магутны трактар у лінейцы МТЗ (450 конскіх сіл) і адзін з самых магутных колавых трактароў у свеце.

Новыя BELARUSы, экстрэмальныя гонкі па бездарожжы, трактарны футбол і ўражальнае шоу – у рэпартажы з беларускага Парыжа…

Трактарнае ралі ад МТЗ "Парыж-Мосар" у Віцебскай вобласці
Трактарнае ралі ад МТЗ "Парыж-Мосар" у Віцебскай вобласці
"Парыж-Мосар" – першае ў Беларусі экстрэмальнае трактарнае ралі
"Парыж-Мосар" – першае ў Беларусі экстрэмальнае трактарнае ралі
"Парыж-Мосар" – першае ў Беларусі экстрэмальнае трактарнае ралі
1 2 3 4 5  [6..7]      Наступная