Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | У чаканні вялікай прэм'еры: здымкі фільма пра легендарнага Янку Купалу пачаліся ў Беларусі

У чаканні вялікай прэм'еры: здымкі фільма пра легендарнага Янку Купалу пачаліся ў Беларусі

У чаканні вялікай прэм'еры: здымкі фільма пра легендарнага Янку Купалу пачаліся ў Беларусі
27 Ліп 2018

"Камера! Матор! Стоп! Знята!" гучыць на здымачнай пляцоўцы біяграфічнай драмы, прысвечанай чалавеку-легендзе – народнаму паэту Беларусі Янку Купалу. Чатырохсерыйны фільм Уладзіміра Янкоўскага "Пакуль будзе неба", якому прысвоены ўжо статус нацыянальнага, раскажа пра жыццё і дзіўны творчы лёс беларускага песняра на фоне самых знакавых, пераломных падзей ХХ стагоддзя…

Біяграфічная драма пра Янку Купалу, здымкі якой стартавалі 27 ліпеня на пляцоўцы Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" у Смалявіцкім раёне, абяцае ўвайсці ў гісторыю беларускага кінематографа і стаць адной з галоўных работ у кар'еры прадстаўніка знакамітай кінадынастыі, сына Расціслава Янкоўскага – рэжысёра Уладзіміра Янкоўскага. Дарэчы, усяго ў яго фільмаграфіі – 14 карцін і серыялаў, 700 кліпаў, а таксама больш за 50 ігравых сюжэтаў для тэлевізійнага сатырычнага часопіса "Фитиль".

Актыўная работа над стужкай пра Купалу пачалася задоўга да саміх здымак: у пачатку ліпеня адбыўся кастынг акцёраў на галоўныя і эпізадычныя ролі. А цяпер над стварэннем фільма працуе вялікая творчая група, у тым ліку аўтар сцэнарыя Алёна Калюнова, аператар-пастаноўшчык Юрый Бехцераў і мастак-пастаноўшчык Наталля Навоенка. Паводле слоў Уладзіміра Янкоўскага, перад здымкамі яны грунтоўна вывучылі біяграфію Янкі Купалы і абапіраюцца на факты, а таксама пісьмы і ўспаміны сучаснікаў вялікага паэта.

У першы дзень здымак перад камандай юных акцёраў, у якую ўвайшлі Ларан Луцкоў, Яфім Цуба і Цімур Нядзведзь, стаяла нялёгкая задача – аднавіць у самых дробных дэталях дзіцячыя гады Вані Луцэвіча (а менавіта так звалі паэта), якія прайшлі ў вёсцы Вязынка недалёка ад Мінска. Каля дзясятка дубляў – і першая сцэна гатова: толькі пасля гэтага Уладзімір Янкоўскі разбіў сімвалічную талерку з імёнамі і аўтографамі ўдзельнікаў здымачнай групы аб штатыў камеры.

Ужо вядома, што здымкі пройдуць у Вільнюсе, Маскве, Санкт-Пецярбургу і, вядома, у Мінску і прыгарадзе. А пакуль здымачны працэс у самым разгары, у паветры павісла яшчэ адна, бадай што, галоўная інтрыга – хто ж сыграе Янку Купалу ў больш пазніх серыях?

Першы здымачны дзень фільма пра Янку Купалу – у спецыяльным рэпартажы!

Рэжысёр-пастаноўшчык Уладзімір Янкоўскі
Першы дзень здымак фільма Уладзіміра Янкоўскага пра Янку Купалу
Акцёр Ларан Луцкоў іграе чатырохгадовага Купалу
Акцёр Ларан Луцкоў іграе чатырохгадовага Купалу
Акцёр Цімур Нядзведзь
1 2 3 4 5      Наступная