Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

14 Sep 2017

Вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017" пачынаецца сёння

Вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі

14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017" пачынаецца 14 верасня, паведамляе БЕЛТА.

Вучэнне будзе доўжыцца да 20 верасня. На тэрыторыі Беларусі будуць задзейнічаны палігоны Лепельскі, Барысаўскі, Лосвіда, Асіповіцкі, два палігоны ВПС і войскаў ППА - Ружанскі і Даманава, а таксама ўчастак мясцовасці паблізу населенага пункта Дрэтунь. У Расіі яно пройдзе на палігонах Лужскі, Стругі Чырвоныя і Праўдзінскі ў Калінінградскай, Ленінградскай і Пскоўскай абласцях. Пры вызначэнні задумы вучэння "Захад-2017" улічваліся сучасныя падыходы да прымянення войскаў (сіл) на аснове вопыту сучасных узброеных канфліктаў.

У аснову задумы "Захаду-2017" пакладзены варыянт узнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, звязаны з узрастаннем актыўнасці незаконных узброеных фарміраванняў, міжнародных сепаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку. Пры гэтым бакі, якія проціборствуюць, умоўна размешчаны ў межах рэальных граніц Беларусі: з аднаго боку - "Паўночныя", што ўключаюць Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі, з другога - "Заходнія" - кааліцыя зацікаўленых дзяржаў. Па падобным сцэнарыі пачыналіся ўсе ўзброеныя канфлікты ў апошні час.

Колькасць асабовага складу, што ўдзельнічае ў вучэнні складае каля 12,7 тыс. ваеннаслужачых. Пры гэтым у Беларусі будзе задзейнічана каля 10,2 тыс. чалавек (ад Беларусі - крыху больш за 7 тыс., Расіі - каля 3 тыс.), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку амаль 140 танкаў. Таксама будзе выкарыстана да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў.

"Захад-2017" пройдзе ў два этапы. Першы будзе доўжыцца трое сутак. У час яго плануецца завяршыць падрыхтоўку войскаў да баявога прымянення па ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп праціўніка. Будзе таксама зроблена нарошчванне групоўкі ВПС і войскаў ППА для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў. На другім этапе вучэння, які прадоўжыцца чацвёра сутак, плануецца адпрацаваць пытанні кіравання войскамі ў ходзе вядзення ваенных дзеянняў пры адбіцці агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы, арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння ва ўмовах хутказменлівай абстаноўкі.

Беларусь запрасіла для назірання за вучэннем прадстаўнікоў міжнародных арганізацый: ААН, АБСЕ, Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора, СНД, АДКБ, Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, а таксама ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных дзяржаў, акрэдытаваных пры пасольствах сваіх краін у Беларусі - усяго больш за 80 чалавек. На вучэнне прыедуць і ваенныя наглядальнікі з Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі.

Ход вучэння будзе шырока асвятляцца ў СМІ. Журналісты ў перыяд яго актыўнай фазы - 17-19 верасня - змогуць выехаць на палігоны, дзе будуць праводзіцца розыгрышы ваенных дзеянняў: Ружанскі, Асіповіцкі і Даманава. Акрамя таго, з 14 верасня запланаваны штодзённы брыфінг для акрэдытаваных журналістаў афіцыйнага прадстаўніка Міністэрства абароны аб задачах, якія вырашаюцца ў ходзе вучэння, па выніках кожнага дня. Вялікую зацікаўленасць у асвятленні вучэнняў выказалі замежныя СМІ. У адрас беларускага боку паступіла беспрэцэндэнтная колькасць зваротаў з просьбай аб акрэдытацыі - каля 270. Заяўкі атрыманы ад інфармагенцтваў, выданняў і тэлеканалаў з усіх краін-суседзяў, а таксама Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Канады, Нідэрландаў, Нарвегіі, ЗША, Турцыі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі. Вучэнні будуць асвятляць і журналісты з Катара, Рэспублікі Карэя, Японіі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі