Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

21 Чэр 2023

Умацаванне даверу, істэрыкі Захаду і план дзеянняў у эканоміцы. Аб чым гаварыў Лукашэнка з кіраўнікамі МЗС АДКБ?

Умацаванне даверу, істэрыкі Захаду і план дзеянняў у эканоміцы. Аб чым гаварыў Лукашэнка з кіраўнікамі МЗС АДКБ?
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 чэрвеня сустрэўся з міністрамі замежных спраў дзяржаў - членаў АДКБ. Лейтматывам выступлення кіраўніка дзяржавы стаў пасыл да ўмацавання інтэграцыі паміж краінамі - удзельніцамі арганізацыі, якім цяпер як ніколі важна трымацца разам.

 

Важныя заявы для ўплывовых людзей

Гэта ўжо трэцяя за апошнія некалькі тыдняў сустрэча Прэзідэнта з кіраўнікамі дзяржаўных структур розных інтэграцыйных аб'яднанняў: 1 чэрвеня ён сустракаўся з кіраўнікамі спецслужбаў СНД, 8 чэрвеня - з сакратарамі саветаў бяспекі АДКБ. І тады, і цяпер Аляксандр Лукашэнка падкрэсліваў важнасць захавання гэтых міждзяржаўных структур, звяртаючыся да тых людзей, хто ў сваіх краінах мае пэўны ўплыў на прыняцце палітычных рашэнняў.

"Нікому мы не патрэбны, акрамя той постсавецкай прасторы, якая сёння існуе пасля распаду Савецкага Саюза. Фактычна мы размаўляем на адной мове, у нас адзіная эканоміка, у нас адзіныя рынкі, вытворчая кааперацыя і гэтак далей. Для таго каб гэта стварыць, не хопіць перыяду жыцця ні нашага, ні нашых дзяцей. І навошта ламаць? Навошта ламаць гэты агульны рынак?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт на сустрэчы 1 чэрвеня.

"Ваенна-палітычная абстаноўка вакол нашай Садружнасці ўсё больш абвастраецца, і яна будзе абвастрацца. І нам трэба разумець, што буйныя ігракі вакол нас - Расіі, Беларусі, цэнтральнаазіяцкіх дзяржаў - будуць пакрыху спрабаваць нас расцягнуць. І па-добраму, і па-дрэннаму. Мы гэтага, мужыкі, не павінны дапусціць. Гэта мой жалезны пункт гледжання", - дадаў тады Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта таму - каб не дапусціць разладу ў інтэграцыйных структурах - Прэзідэнт Беларусі неаднаразова заклікаў да пошуку мірных шляхоў вырашэння канфліктаў і паўтарыў гэта яшчэ раз 8 чэрвеня для сакратароў саветаў бяспекі АДКБ: "Калі ласка, не сварыцеся адзін з адным. Нам яшчэ будзе магчымасць пасварыцца са многімі: вы бачыце, як нас спрабуюць расцягнуць".

У гэтым шэрагу мерапрыемстваў сустрэча кіраўніка дзяржавы з кіраўнікамі МЗС АДКБ выглядае як планамернае прадаўжэнне работы Беларусі па ўмацаванні інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы. Чым тлумачыцца такая настойлівасць? Тым, што час для АДКБ цяпер вельмі няпросты, і ён патрабуе максімальнай мабілізацыі сіл, вопыту і рэсурсаў для захавання міру.

Калі ёсць праблемы - іх трэба вырашаць

Адзін з недахопаў, за якія крытыкуюць АДКБ, - гэта, паводле слоў Прэзідэнта, адсутнасць рашэнняў па канкрэтных праблемах. Напрыклад, Кыргызстан даўно просіць дапамагчы ва ўрэгуляванні канфлікту на граніцы з Таджыкістанам, прэтэнзіі выстаўляе Арменія. "Скажу, што праблемы існуюць. І вельмі сур'ёзныя праблемы. Калі мы не вырашым гэтыя праблемы, мы ўвесь час будзем папракаць адзін аднаго, выказваць незадавальненне функцыянаваннем арганізацыі ў цэлым. Праблемы існуюць для таго, каб іх вырашаць. Таму, як бы мы ні круцілі, ні вярцелі, мы павінны быць паглыблены і ў тыя праблемы, якія сёння вырашаюць член АДКБ Арменія і члены АДКБ Кыргызстан і Таджыкістан", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Ёсць праблемы, ёсць задачы, іх трэба вырашаць, якія б цяжкія і складаныя яны ні былі, - дадаў ён. - Трэба вырашаць пытанні, якія ўжо не проста стаяць у тых ці іншых дзяржавах, а якія патрабуюць ужо неадкладнага вырашэння". Калі не зрабіць гэтага цяпер, то ёсць небяспека, што туды ўлезуць "сябры-дарадчыкі" з Захаду, і вось тады можа быць позна ўжо.

Рынкі даўно падзелены, і за іх ідзе жорсткая бойка. Або важкая прычына, чаму трэба трымацца разам

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у АДКБ за час яе існавання сфарміраваліся зоны адказнасці: "На заходнім флангу АДКБ, калі можна так сказаць, сфарміраваліся, на жаль для нас і для Расіі (таму што гэта наша зона адказнасці), рэальныя ваенныя пагрозы бяспецы. Яны вельмі сур'ёзныя, больш сур'ёзныя, чым дзе б там ні было. Неспакойна ў Закаўказзі і Цэнтральнай Азіі (ці тое яшчэ будзе)".

"Супраць суверэнных краін, якія не выконваюць указанні Захаду, развязаны поўнамаштабныя гібрыдныя войны, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Мы ўсё гэта перажылі. Часам высноў не робім з пражытага і пачынаем на старыя граблі па-новаму наступаць".

"Абстаноўка, якая складваецца ў свеце, не выклікае ў нас сумненняў у тым, што мы павінны трымацца разам", - заявіў беларускі лідар. Ён упэўнены, што няма прычын спяшацца з прыняццем рашэнняў аб выхадзе з якіх-небудзь інтэграцыйных аб'яднанняў, як гэта зрабілі ў свой час Украіна або Грузія з СНД. "Прыклад Грузіі. Вы бачыце некаторае змяненне іх палітыкі: яны наеліся заходніх абяцанняў і іншага і хочуць зноў вярнуцца на наш рынак, таму што ніхто вас ні з малаком, ні з мясам, ні з віном на свае рынкі не пусціць. Рынкі даўно падзелены, і за іх ідзе жорсткая бойка. І другое, чаму мы павінны трымацца разам, - гэта наш асвоены рынак. За мяжой калі нешта і прапануюць, гэта значыць у абмен на рэсурсы (аддай рэсурсы - значыць, мы цябе будзем падтрымліваць) або на нейкую палітыку (калі будзеш бегаць следам і падтрымліваць тую палітыку, якую яны праводзяць)", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

"Нахілілі і ў патрэбнае месца шыла ўставілі", або Як ЗША раскалолі Еўропу

На відавочных прыкладах Прэзідэнт даказаў, што скараспелыя рашэнні па выхадзе з інтэграцыйных аб'яднанняў - не лепшы варыянт для краіны і яе народа. "Трэба трымацца разам, асабліва ў гэты няпросты час. І справа тут не ў тым, што асноўны стрыжань нашай арганізацыі - Расія - у складанай сітуацыі. Расія - гэта частка, гэта элемент усяго таго, што адбываецца ў свеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, ёсць праблемы глабальнага значэння і ў рэгіёне Афрыкі, і паміж Кітаем і Тайванем, паміж ЗША і Еўропай. "Амерыканцы раскалолі Еўропу, а цяпер трэба прыструніць яе. І яны, еўрапейцы, папракаюць вас (краіны АДКБ. - Заўвага БЕЛТА), і мяне ў тым ліку, што мы суверэнітэт тут страчваем і гэтак далей. Ды бог з вамі! Вы даўно яго ўжо страцілі. Як можна ацаніць і як можна адносіцца да таго, што яны адмовіліся ад танных энерганосьбітаў з Расіі і бяруць у 3-5 разоў даражэй? Гэта што такое? Нахілілі, у патрэбнае месца шыла ўставілі, і засталося зусім нямнога, каб яны ўпалі і валяліся на зямлі. І яны яшчэ папракаюць некага ў страце суверэнітэту! Якога суверэнітэту? У глабальным маштабе ідзе жорсткая бойка, бітва. Невядома, чым скончыцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"У гэтым маштабным процістаянні нам трэба захаваць сваё, хаця б захаваць",  - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.  Асаблівую актуальнасць гэты тэзіс набыў у перыяд процістаяння санкцыйнаму націску, на фоне якога Беларусь і Расія аб'ядналі намаганні, змаглі не проста выстаяць, але і даць моцны шуршок да развіцця ўласных тэхналогій, прамысловай кааперацыі, імпартазамяшчэння.

"Давайце гэта страчваць не будзем. Нічога вы за межамі нашай прасторы (постсавецкай. - Заўвага БЕЛТА) не знойдзеце - мой пункт гледжання", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Адзінае мінулае, сучаснае і будучае для АДКБ

На думку Прэзідэнта, краіны АДКБ валодаюць трывалай гістарычнай базай, на якой будуецца іх узаемадзеянне. Гэта - агульнае мінулае, звязанае ў тым ліку з абаронай Савецкага Саюза ў час Вялікай Айчыннай вайны. А таксама - агульныя сучаснае і будучае. "У нас ёсць агульнае сучаснае, якое фарміруем мы з вамі. Сведчаннем з'яўляецца паспяховая работа на постсавецкай прасторы інтэграцыйных аб'яднанняў. Ацэньваючы насычаны міжнародны парадак дня ў зоне нашай адказнасці, упэўнены - у нас ёсць і агульнае будучае, якое зноў жа залежыць толькі ад нас", - заявіў беларускі лідар.

У рабоце інтэграцыйных аб'яднанняў на постсавецкай прасторы можна знайсці шэраг станоўчых прыкладаў супрацоўніцтва. Так, на апошнім пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве абмяркоўваліся пытанні спалучэння інтэграцыйных працэсаў, стварэння альтэрнатыўных плацежных сістэм, развіцця транспартнай інфраструктуры. У гэтым жа шэрагу - рашэнне аб запуску ў рамках Еўразійскай эканамічнай камісіі механізма сумеснага фінансавання праектаў у сферы прамысловай кааперацыі. Гэта, паводле слоў Прэзідэнта, важнейшы крок ва ўмацаванні эканамічнага і гандлёвага прамысловага суверэнітэту.

"У СНД у нас шырокі спектр узаемадзеяння - ад гуманітарных пытанняў да міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва, міжпарламенцкіх сувязей, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - АДКБ як гаранту забеспячэння стабільнасці і бяспекі нашых краін і Еўразійскага рэгіёна ў цэлым нельга адставаць".

Цесныя сувязі краін АДКБ у палітычнай, ваеннай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах Прэзідэнт лічыць залогам трывалага міру паміж імі і асновай іх адзінства на міжнароднай арэне. "Сёння цяжка сказаць, якім будзе сусветны парадак. Аднак відавочна, што прайсці гэты складаны этап з найменшымі ўзрушэннямі змогуць толькі тыя, хто захавае з'яднанасць. Менавіта таму мы ўсё часцей гаворым аб неабходнасці большай інтэграцыі ўнутры нашай арганізацыі", - падкрэсліў беларускі лідар.

План дзеянняў у эканоміцы

Для ўзмацнення інтэграцыі Прэзідэнт прапанаваў выпрацаваць агульны для АДКБ план дзеянняў: "Нам трэба разумець, што націскаць на нас будуць. Нават калі канфлікт ва Украіне скончыцца, ад нас усё роўна не адстануць. Нам трэба выпрацаваць агульны план нашых дзеянняў, перш за ўсё ў эканоміцы".

Адной з галоўных мэт гэтага плана павінен быць адыход ад залежнасці ў пастаўках імпартнай прадукцыі. "Мы, будзем лічыць, у ізаляцыі, як Савецкі Саюз. Але мы павінны выжыць, павінны вызначыць, што мы можам у сябе вырабіць (можам практычна ўсё, працэнтаў 90), а 10 працэнтаў будзем неяк закупляць, пакуль не адыдзем ад залежнасці па імпарце", - удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь і Расія ў двухбаковым трэку ўжо блізка падышлі да распрацоўкі такога плана і маюць намер яго рэалізаваць. "Думаю, мы недалёка з Прэзідэнтам Расіі, каб на дваіх зрабіць гэты план. Вядома, самазабяспечанасць у нас будзе не 90 працэнтаў, але няхай 80 працэнтаў. Іншага шляху ў нас няма. Проста хістацца з боку ў бок і спадзявацца, што зноў да нас нехта прыйдзе, нешта створыць, а потым сыдзе, - у нас на гэта няма часу", - заявіў Прэзідэнт.

На што гатова пайсці Беларусь дзеля ўмацавання даверу ў АДКБ?

"Салідарнасць, адзінства і супрацоўніцтва ў аснове канцэпцыі нашага старшынства ў АДКБ", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў удзячнасць краінам - удзельніцам арганізацыі за падтрымку прыярытэтаў беларускага старшынства ў АДКБ, якія, як упэўнены Прэзідэнт, адпавядаюць агульным інтарэсам.

"Мы зыходзім з таго, што сёння важнейшым напрамкам з'яўляецца ўрэгуляванне крызісаў у зоне АДКБ. Калі спатрэбіцца дапамога ад Беларусі, а ў гэтым выпадку - нашы ініцыятывы, яны будуць. Для таго каб аднавіць і ўмацаваць давер паміж нашымі партнёрамі, мы зробім усё, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - АДКБ - не агрэсіўны і не наступальны ваенна-палітычны блок. Гэта арганізацыя выключна абарончага характару са стваральным і аб'яднальным парадкам дня".

Калектыўны дыпламатычны голас АДКБ або агрэсіўныя крыкі Захаду - каго пачуюць на міжнароднай арэне

Што датычыцца ўзаемадзеяння АДКБ з іншымі арганізацыямі (напрыклад, ААН, ШАС), то тут, паводле слоў Прэзідэнта, таксама трэба ўзмацніць работу і часцей выступаць ад імя АДКБ на міжнародных пляцоўках, каб гэты голас гучаў. "Вядома, нас спецыяльна не хочуць чуць. Мы як косць у горле для некага: то НАТА, то Еўрасаюзу, то амерыканцам разам з імі. Але тым не менш голас наш як ваенна-палітычнага блока павінен гучаць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін аспект, на якім спыніўся кіраўнік дзяржавы, - неабходнасць нарошчвання інфармацыйна-аналітычнага патэнцыялу АДКБ: "Сёння мы ўсе знаходзімся ў зоне баявых дзеянняў інфармацыйна-псіхалагічных аперацый, мы асабліва гэта адчуваем, у тым ліку і Расія апошнім часам гэта адчула. Ды і вы таксама. Мы ад гэтага нікуды не дзенемся. Нам трэба навучыцца нарошчваць свае намаганні ў інфармацыйна-аналітычным полі і ў супрацоўніцтве са сродкамі масавай інфармацыі".

"Сёння агрэсіўная істэрыка, у першую чаргу на Захадзе, заглушае (пакуль заглушае) галасы мудрасці і розуму. Там не хочуць пачуць ініцыятывы, у тым ліку і Беларусі па аднаўленні даверу, умацаванні рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі", - сказаў беларускі лідар.

"Спадзявацца толькі на тое, што разважлівасць усё ж возьме верх, нельга. Мы не павінны расслабляцца, а ўсе намаганні неабходна накіраваць на ўмацаванне і далейшае паступальнае развіццё нашай арганізацыі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я абсалютна перакананы, што калектыўны дыпламатычны голас АДКБ унясе важкі уклад у аднаўленне міру і бяспекі ў рэгіёне".

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэтыя і іншыя актуальныя пытанні будуць адлюстраваны ў  парадку дня саміту кіраўнікоў дзяржаў АДКБ, які пройдзе ў лістападзе 2023 года ў Мінску.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі