Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

26 Ліп 2023

Пераломны момант у сельскай гаспадарцы. Якой сельгаскультуры Лукашэнка ўдзяляе асаблівую ўвагу

Пераломны момант у сельскай гаспадарцы. Якой сельгаскультуры Лукашэнка ўдзяляе асаблівую ўвагу

Кіраўнік дзяржавы ў мінулым годзе на эксперыментальным полі на сваёй малой радзіме ў Шклоўскім раёне падкрэсліў, што настаў гістарычны і пераломны момант у сельскай гаспадарцы. Ён звярнуў увагу на азімы ячмень. Пасля аб гэтай сельгаскультуры загаварылі і СМІ, і эксперты. Няўжо азімы ячмень здольны ажыццявіць пераварот у аграпрамысловым комплексе краіны? У новым выпуску YouTube-праекта БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" мы раскажам, ці не змянілася меркаванне кіраўніка дзяржавы адносна цуда-культуры, у чым яе асаблівасць і пры якой ураджайнасці, на думку Прэзідэнта, беларусы былі б у шакаладзе.

Як змяненне клімату ўплывае на работу беларускіх аграрыяў

Беларускае лета настолькі кароткае, што гараджане не паспяваюць атрымаць асалоду ад яго. А што тады гаварыць пра вяскоўцаў, якім трэба яшчэ паспець вырасціць ураджай. Самае няўдзячнае - рабіць прагнозы. І гэты год таму пацвярджэнне. Май 2023-га стаў самым засушлівым пачынаючы з 1945 года. За месяц у сярэднім выпала 12 мм ападкаў - гэта каля 20 працэнтаў ад кліматычнай нормы. Засуха скарэкціравала не толькі тэрміны пачатку ўборачнай, але і паслядоўнасць культур: раней бітва за ўраджай пачыналася з азімага жыта, цяпер - з азімага ячменю. Ён выспявае раней за іншых і на яго менш уплывае засуха.

"Цяпер мы разглядаем магчымасць павелічэння селекцыйных работ з азімым ячменем. Мы разумеем, што ў вытворчасці суадносіны яравога і азімага ячменю зменяцца. Плануем павялічыць аб'ёмы гадавальнікаў азімага ячменю, крыху зменшыўшы аб'ёмы яравога. Мы таксама дапрацоўваем узмоцненымі тэмпамі насенне азімага ячменю, каб перадаць у дзяржаўную камісію па выпрабаванні. Падрыхтавалі тры новыя сарты: "Ранак", што нехарактэрна, а таксама два тыповыя - "Днепр" і "Выток", - расказаў загадчык лабараторыі ячменю Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве Аляксандр Зубковіч.

Азімы ячмень належыць да азімага збожжа. Кампанію яму складаюць жыта і пшаніца. Іх сеюць у канцы лета або ў пачатку восені да надыходу ўстойлівых замаразкаў. Ураджай збіраюць у наступным годзе. У харчовай прамысловасці зерне азімага ячменю прымяняюць для стварэння ячных круп, а таксама ячнай мукі. А яшчэ гэта цудоўная сыравіна для вытворчасці піва, квасу і сурагатаў кавы. Збожжа - гэта не толькі хлеб, але і малако, сыр, смятана, мяса. А ўсё таму, што ў кармавым рацыёне буйной рагатай жывёлы, свіней і птушак значную долю займаюць якраз збожжавыя. Яны багатыя на бялкі і змяшчаюць крухмал.

Чаму ў свой час Лукашэнка звярнуў увагу на азімы ячмень

Прыгледзеліся да гэтай культуры з падачы кіраўніка дзяржавы. Калі ён быў яшчэ кіраўніком сельгаспрадпрыемства, займаўся яе вырошчваннем. Таму Прэзідэнт з асабістага вопыту ведае: азімы ячмень убіраюць раней за іншыя збожжавыя культуры. Гэта дае магчымасць аператыўна атрымаць кармы для жывёлагадоўлі і больш раўнамерна задзейнічаць тэхніку перад масавай уборкай.

У час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць у жніўні 2019 года Прэзідэнт расказаў, як вырошчваў азімы ячмень, калі кіраваў сельгаспрадпрыемствам: "Я, напэўна, гектараў 200 высяваў азімага ячменю. Ураджайнасць, вядома, ніжэйшая, чым у іншых культур, але гэта выратаванне, калі няма кармоў, вясной. У канцы мая падыходзіў азімы ячмень".

Якія сельскагаспадарчыя плошчы ў Беларусі займае азімы ячмень

Рашэнне Аляксандра Лукашэнкі - планамерна павялічваць пасевы гэтай культурты. Напрыклад, у гэтым годзе азімы ячмень па краіне займае 161 тыс. га, што ў 2,7 раза больш, чым у 2022 годзе. Гэта складае 11 працэнтаў раллі. Але, як не аднойчы адзначаў Прэзідэнт, асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць тэхналогіі і захоўваць разумны баланс, каб у выпадку нізкай ураджайнасці дабраць збожжавы палетак за кошт іншых культур. А яшчэ не трэба прымушаць гаспадаркі засяваць пэўныя плошчы азімым ячменем. Усё ж такі на месцах лепш відаць.

"З усіх пазіцый азімы ячмень трэба вырошчваць. У савецкія часы па-наплявацельску да гэтага ставіліся. Цяпер і тэхналогіі, і тэхніка, і людзі іншыя. Мы проста можам атрымліваць добры ўраджай ячменю. Трэба смялей спрабаваць", - даў наказ аграрыям Мінскай вобласці кіраўнік дзяржавы ў час рабочай паездкі ў Слуцкі раён у ліпені мінулага года.

Пры гэтым Прэзідэнт дадаў: "Націскаць ні ў якім разе не трэба. Яны павінны самі вызначыцца з улікам вопыту, колькі вырошчваць ячменю".

На нядаўнім селектары па ўборачнай кампаніі Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуўся да гэтай сельгаскультуры: "Падкрэсліваю: азімы ячмень - гэта не мая вынаходка, мы яго вырошчвалі даўно, але па астаткавым прынцыпе. Мы ніколі не ўдзялялі гэтай культуры асаблівай увагі, а ёй трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу, калі вырашылі яе вырошчваць. Гэта капрызная культура, яна добрая там, дзе захоўваюцца тэхналогіі (у прынцыпе, як і любая іншая культура, але азімы ячмень - перш за ўсё), - сказаў Прэзідэнт. - Азімаму ячменю, я лічу, быць. Ён перажыў катастрофы мінулага і гэтага года і даў нядрэнны ўраджай".

У чым заключаюцца асаблівасці азімага і яравога ячменю

Клімат, які мяняецца, дыктуе агратрэнды. Тэндэнцыя апошніх пяці гадоў - азімыя збожжавыя даюць большы ўраджай, чым яравыя. Азімыя можна вясной выратаваць падкормкай, а вось на яравыя больш уплываюць капрызы надвор'я. Год на год не прыходзіцца: у гэтым сезоне засуха, а ў наступным могуць быць праліўныя дажджы. Адсюль патрабаванне Прэзідэнта: не скрадзіцца на надвор'е, а рупліва працаваць у полі.

"Я цудоўна разумею, гэта не мінулагоднія ўмовы. Калі 40 дзён у краіне не было дажджоў, то, зразумела, на ўсе раёны гэта неяк паўплывала. Але спасылацца на тое, што вось бяда, згарэлі ўсе, - гэта няправільна. Так, мы не атрымаем мінулагодні рэкордны ўраджай, але я ад вас гэтага і не патрабую. Калі вы ў мінулым годзе змаглі ўзяць 10,5 млн збожжа ўсіх культур, я прашу ад вас дзевяць. І мы можам сабраць, калі арганізуемся і ў нас будзе нармальная дысцыпліна. Калі механізатар будзе адказваць за стан тэхнікі, каб шлейф пасля камбайна не высяваўся. Гэта ж работа інжынера, агранома, кіраўніка і перш за ўсё механізатара. Захаваем збожжа, якое сёння ёсць у полі, - значыць, будзем мець ураджай", - упэўненасць у гэтым кіраўнік дзяржавы выказаў на нядаўнім селектары па ўборачнай.

Азімы ячмень вырошчваюць у краінах з мяккімі зімамі. У асноўным гэта паўднёвыя раёны Еўропы і Азіі. У ЕС асноўнымі вытворцамі зерня ячменю з'яўляюцца Францыя, Германія, Аўстрыя, Іспанія. Дарэчы, аналітыкі чакаюць у гэтым годзе зніжэння ўраджаю ячменю. Напрыклад, паводле ацэнак іспанскіх фермераў, засуха нанесла непапраўны ўрон больш як 3,5 млн га збожжавых. Паводле апошніх назіранняў, беларускі клімат усё больш нагадвае іспанскі. Зімы не марозныя і не снежныя. Вільгаці становіцца ўсё менш. Азімым культурам няма калі ўпадаць у спячку. Вось чаму вучоныя працуюць над вывядзеннем новых сартоў.

Што вырошчваюць на эксперыментальных палях Прэзідэнта

"Азімаму ячменю быць!" - скажа Прэзідэнт і ў гэтым годзе, знаходзячыся з інспекцыяй на малой радзіме. Аляксандр Лукашэнка асабіста сочыць за ўсім аграцыклам ад пасяўной да ўборачнай. На эксперыментальных палях кіраўніка дзяржавы прадаўжаюць тэсціраваць новыя сарты ад беларускіх вучоных, у тым ліку па ячмені. Дарэчы, менавіта з александрыйскіх угоддзяў ва ўсе рэгіёны паляцеў "Буслік". Яго дапусцілі да вырошчвання па ўсёй краіне і ўключылі ў дзяржаўны рэестр сартоў.

"Цяпер у рэестр Беларусі ўключана 13 сартоў, але не ўсе яны вырошчваюцца. Самыя вялікія плошчы займаюць французскія сарты "Тэрэза" і "Ізацэл". Яны ж раслі на прэзідэнцкіх палях", - расказаў Аляксандр Зубковіч.

Вучоны адзначыў і беларускі сорт азімага ячменю "Буслік", які на прэзідэнцкіх палях таксама паказаў дастойныя вынікі. "Хоць мы вельмі хваляваліся, не ўтаю. Гэта вялікая адказнасць. Кіраўнік дзяржавы валодае сітуацыяй, ён усё бачыць. На так званых эксперыментальных прэзідэнцкіх палях цяпер растуць сланечнік, соя, гарох, лубін. У вытворчых пасевах вырошчваецца беларускі сорт "Буслік", французскія сарты "Тэрэза", "Ізацэл", - дадаў ён.

Аляксандр Зубковіч звярнуў увагу, што сорт "Буслік" у вытворчасці вырошчваецца толькі другі год. "Мы рэалізавалі яго па заяўках ва ўсе вобласці. Гэта прыблізна 5,3 тыс. га. Аграрная вытворчасць зможа яго выпрабаваць. Што датычыцца Расіі, то і там "Буслік" праходзіў выпрабаванні. Ён уключаны ў дзяржаўны рэестр і дапушчаны да выкарыстання. Цяпер афармляем патэнт у Расіі", - рэзюмаваў вучоны.

Які ўраджай дае азімы ячмень

"Павінен вам сказаць, што больш за 50 ц (з гектара. - Заўвага БЕЛТА) у сярэднім азімы ячмень дае. Калі б у нас такая сярэдняя была ўраджайнасць па краіне ўсіх культур, слухай, мы з табой былі б, як у народзе кажуць, у шакаладзе. Таму пасевы азімага ячменю трэба пашыраць", - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі, які выступіў з дакладам перад Прэзідэнтам у ліпені мінулага года.

Кіраўнік дзяржавы заўсёды ўдзяляе пільную ўвагу пытанням АПК. І не проста інспектуе, а сам задае тэмп. Не дарэмна журналісты прэзідэнцкія палі назвалі агракласамі для ўсёй краіны, дзе дэманструюць земляробства заўтрашняга дня. Мяняецца клімат, трансфармуецца сусветная эканоміка, укараняюцца новыя тэхналогіі. І тут трэба быць на крок наперадзе. Таму што ва ўсе часы хлеб - усяму галава.

"Збожжа сёння як золатавалютныя рэзервы. Заўсёды спатрэбіцца і пастаянна расце ў цане. Прынамсі, такіх цэн на міжнародным рынку, як учора і сёння, не было і не будзе. Гэта дакладна. І калі ў нас ёсць свабодныя магутнасці, чаму б іх не запоўніць рэзервам збожжа. Для таго каб забяспечыць уласную харчовую бяспеку, каб на стале ў нас, як кажуць у народзе, быў "і хлеб, і да хлеба", - падкрэсліў важнасць забеспячэння харчовай бяспекі Аляксандр Лукашэнка на нядаўнім селектары па ўборачнай.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі