27 ліпеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Вучэнні "Захад-2017" з'яўляюцца адкрытымі, і на іх запрашаецца вялікая колькасць наглядальнікаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час мерапрыемства кіраўнік дзяржавы закрануў тэму маючых адбыцца сумесных стратэгічных вучэнняў узброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017". "Аб гэтым шмат сказана, і я хацеў бы пачуць нешта новае. Усе старыя пытанні - і заклапочанасць НАТА, і нашы суседзі, і ва Украіне я нядаўна быў - усім усё растлумачылі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вучэнні адкрытыя, мы запрашаем або ўжо запрасілі вялікую колькасць наглядальнікаў. Прыязджайце, глядзіце".
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на той факт, што вучэнні маюць абарончы характар. "Разам з Расійскай Федэрацыяй традыцыйна правядзём гэтыя вучэнні", - рэзюмаваў ён.