Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

17 Жнв 2023

Лукашэнка: вайны ва Украіне трэба і можна было пазбегнуць

Лукашэнка: вайны ва Украіне трэба і можна было пазбегнуць

17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вайны ва Украіне трэба і можна было пазбегнуць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю ўкраінскай журналістцы Дзіяне Панчанка, паведамляе БЕЛТА.

"Трэба і можна (было пазбегнуць вайны. - Заўвага БЕЛТА), - сказаў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на адпаведнае пытанне. - У любы момант. І цяпер яе можна спыніць, і тады яе можна было пазбегнуць".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час фактычна знаходзіўся ў эпіцэнтры гэтых падзей і садзейнічаў камунікацыі паміж Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным: "Бегаў паміж Парашэнкам і Пуціным. Той скажа штосьці - я еду да Парашэнкі; Парашэнка чагосьці - я да Пуціна. Таму я быў у курсе ўсіх пытанняў".

Прэзідэнт нагадаў, што па Мінскіх пагадненнях неабходна было заканадаўча аформіць асаблівы статус асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей і правесці там мясцовыя выбары: "Вам абсалютна шчыра гавару тое, чаго вы не ведаеце і ніхто не чуў. Мы абмяркоўвалі гэтыя пытанні з Парашэнкам, з Пуціным. Не ўтрох, а паасобку. Але мне запомнілася размова з Пуціным. Я яму гавару: "Слухай, добры варыянт. А чаму б не? Для таго каб паступова на працягу года-двух-трох гэта тэрыторыя не была спрэчнай і іншае, як гэта тады было".

Аднак тагачасны Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка адмовіўся праводзіць гэтыя выбары. "Парашэнка мне так гаворыць: "А чаго я правяду выбары? Яны будуць праходзіць пад кантролем Расіі". Я яму гавару: "Пятро, ну добра, гэты год, нібыта, яны будуць праходзіць пад кантролем Расіі. Гэта ж мы можам дамовіцца. І я ім прапанаваў: я правяду там выбары, я буду рабіць так, як вы дамовіцеся - Пуцін, Парашэнка. А я ўжо буду праводзіць, як вы вырашыце. Парашэнка адмовіўся. Пуцін быў на ўсё згодны", - расказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі б тады гэта рэалізавалі, то ўсё было б ціха і спакойна. На адпаведных тэрыторыях хадзіла б украінская грыўня, і ў цэлым рэгіёны і граніца з Расіяй былі б пад кантролем Украіны.

"Данбас вярнуўся б ва Украіну на правах аўтаноміі", - удакладніла Дзіяна Панчанка.

"Фактычна. Але ён (Пётр Парашэнка. - Заўвага БЕЛТА) баяўся, што там выберуць не тых, - пацвердзіў Прэзідэнт. - Я вам гавару адкрыта, што там размова такая была. - Ну добра, не тых - у гэтым годзе. Але ты тут закрываеш граніцы. Гэта ўнутры ўсё Украіны. Не тых выбралі. Людзі ж выбралі. На наступны год выберуць тых. Вось такая ішла размова. І тады трэба было вырашыць гэта пытанне. Больш таго, Мінскія пагадненні. Дамовіліся ж аб усім. Трэба было выконваць гэтыя Мінскія пагадненні. Але яны не выконваліся. І, я разумею, што ніхто іх і выконваць не збіраўся".

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, а ці збіралася Расія выконваць Мінскія пагадненні, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Сто працэнтаў. Вы яе не можаце папракнуць, што яна не збіралася. У вас няма фактаў для гэтага. А тое, што Украіна не выканала Мінскія пагадненні, - куча фактаў".

У інтэрв'ю Прэзідэнт таксама адказаў на пытанне адносна пачатку Расіяй спецыяльнай ваеннай аперацыі ў лютым 2022 года. Кіраўнік дзяржавы ў ранейшых заявах і інтэрв'ю ўжо неаднаразова расказваў аб тым, як развіваліся падзеі, і цяпер нагадаў аб некаторых фактах. Ён нагадаў, што нядаўна "казуістычна выказаўся", прапанаваўшы запытацца ва Уладзіміра Зяленскага, чаму расійскія войскі перасеклі граніцу Беларусі і Украіны ў раёне Чарнобыльскага рэгіёна.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў той час, яшчэ да 24 лютага, калі Расія пачала СВА, у Беларусі праходзілі звычайныя планавыя беларуска-расійскія вучэнні. Такія манеўры па чарзе праводзяцца на тэрыторыях дзвюх дзяржаў. "Мы бачылі, якая сітуацыя складваецца нават не на граніцы Беларусі і Украіны, нават не на граніцы Расіі і Украіны. Мы бачылі, што на Захадзе ў нас робіцца з боку Польшчы, Літвы, Латвіі. Памятаеце гэты міграцыйны крызіс, да якога мы практычна не мелі ніякага дачынення, - адзначыў Прэзідэнт. - Яны натоўпам ішлі і праз украінскую тэрыторыю. Але гэтаму не надавалі такога значэння, як на граніцы Беларусі і Польшчы. Памятаеце гэтыя бойкі і гэтак далей. І мы разумелі, што нас пачынаюць уцягваць, правакаваць".

"Скончыліся вучэнні. Расійскія войскі пачалі выводзіць з тэрыторыі Беларусі, якія былі на вучэннях. Тэхніку грузіць. Гэта былі ўсходнія рэгіёны - войскі фактычна з Далёкага Усходу. Пачалі выходзіць", - нагадаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Беларусь у адносінах да Украіны заўсёды паводзіла сябе вельмі дастойна, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, што нельга сказаць аб Украіне ў адносінах да Беларусі. "Нас абвінавачваюць у тым, што мы тут садзейнічалі пачатку вайны. Ды не, вайна ўжо ішла. І вы яе развязалі. Украінцы яе развязалі - гэту вайну супраць Беларусі. Эканамічную вайну перш за ўсё. Вы на паўднёвым напрамку аб'явілі нам блакаду. Вы не пускалі нашы самалёты раней, чым гэта зрабілі еўрапейцы? Вы нашы грузы не прапускалі. А потым наогул тысячы вагонаў з мінеральнымі ўгнаеннямі, якія мы грузілі тут, у адэскім порце, арыштавалі", - сказаў Прэзідэнт.

Нагадаў ён і гісторыю з захопленымі ва Украіне беларускімі дальнабойшчыкамі, з якіх некалькі чалавек забілі. Беларускаму боку пасля неаднаразовых папярэджанняў давялося правесці аперацыю па вызваленні больш як 70 чалавек. "Вы нават не заўважылі, што мы іх забралі. Толькі калі паказалі ў Мінску, вы ўбачылі гэта. Гэта значыць мы паводзілі сябе вельмі акуратна. Мы не ўчынялі ніякіх актаў супраць вас ні эканамічных, ні палітычных, ні дыпламатычных", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"А чаму Пуцін праз Кіеў пачаў выводзіць войскі на Далёкі Усход - задайце Зяленскаму гэта пытанне. Ён вам адкажа хутчэй. Але абвінавачваць мяне ў тым, што Пуцін праз Кіеў паехаў ва Уладзівасток... Ну, можаце ў Пуціна запытацца", - прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Дзіяна Панчанка адзначыла, што вельмі хацела б спытаць Уладзіміра Зяленскага, але той не настолькі адкрыты да размовы, як Прэзідэнт Беларусі.

"Ну, ён такі адкрыты быў. Чаго ж цяпер закрыўся? Няхай ён украінцам адкажа на пытанне. Да мяне вы прэтэнзій не можаце прад'явіць. Ніводнага беларуса там з нашай арміі не было. Мы гэту граніцу не перасякалі. А вось вы нас справакавалі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што задоўга да 24 лютага 2022 года каля граніцы на тэрыторыі Украіны размясцілі чатыры ўкраінскія падраздзяленні, якія былі ў асноўным узброены ракетнымі комплексамі "Кропка-У". "Мы за імі сачылі - наша разведка. Падышлі, потым знялі, груба кажучы, брызент - укрыцці з ракет. Потым развярнулі ракеты ў баявое становішча. Потым павярнулі супраць нас. І нам давялося ў час гэтай аперацыі расійскай мець справу з імі. Расіяне іх знішчылі ў першую чаргу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. І ў сувязі з гэтым ён задаў рытарычнае пытанне, навошта ўкраінскаму боку было рабіць гэтыя дзеянні.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі