Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

27 Лют 2018

Лукашэнка праваахоўнікам: неабходна бачыць рэальныя праблемы, а не маніпуляваць лічбамі

Лукашэнка праваахоўнікам: неабходна бачыць рэальныя праблемы, а не маніпуляваць лічбамі

27 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў ад праваахоўных органаў не захапляцца ведамаснай статыстыкай. На гэтым Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу сёння на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што выкарыстоўваць ведамасную статыстыку трэба для аналізу, а не для самазаспакаення. "Неабходна бачыць рэальныя праблемы, а не маніпуляваць лічбамі", - заявіў Прэзідэнт.

На думку кіраўніка дзяржавы, дэкларуемае зніжэнне крымінальных праяў на 7 працэнтаў у год таксама насцярожвае: "Можа, у нас хутка наогул злачыннасці не будзе? Узнікаюць сумненні ў аб'ектыўнасці гэтай карціны, хоць міністр (МУС. - Заўвага БЕЛТА) мне пастаянна гаворыць, што яго мэта - выключыць гэту "палачную" статыстыку. Так павінна і быць. Патрэбны вынік".

Аляксандр Лукашэнка зноў адзначыў хібы ў барацьбе з карупцыяй. "На жаль, не ўсе праваахоўныя органы працуюць эфектыўна. Паборы, хабары, паднашэнні, махінацыі з бюджэтнымі сродкамі да гэтага часу не выкаранены ў Беларусі", - выказаў нездавальненне кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў міністру ўнутраных спраў і генеральнаму пракурору грунтоўна далажыць па гэтых пытаннях.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што важную задачу па абароне грамадзян вырашаюць органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях. Іх дзейнасць павінна і далей развівацца і ўдасканальвацца, упэўнены ён.

"Дзяржава накіроўвае значныя сродкі на падрыхтоўку прафесійных кадраў і матэрыяльнае забеспячэнне ведамства, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Неабходна адпаведная аддача, рацыянальнае і мэтанакіраванае выкарыстанне фінансавых сродкаў. Вы кожны дзень знаходзіцеся на пярэднім краі барацьбы за бяспеку людзей. Міністра Уладзіміра Вашчанку прашу аб'ектыўна далажыць, якія меры прымаюцца для паляпшэння якасці работы органаў па надзвычайных сітуацыях".

Прэзідэнт запатрабаваў канкрэтных прапаноў ад членаў Савета бяспекі па ўсіх гэтых пытаннях. "Ніякіх самасправаздач. У агульных рысах - што зроблена. А галоўнае - што не ўдалося зрабіць і што будзем рабіць, якія меры трэба ў далейшым прыняць. Нам трэба тут, на пасяджэнні Савета бяспекі, выявіць самыя небяспечныя тэндэнцыі ўнутранай бяспекі нашай краіны і дамовіцца аб мерах, якія мы павінны прыняць, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Таму ніякай самасправаздачнасці і самалюбавання, што вы чагосьці тут дасягнулі. Дасягнулі - добра. Цяпер давайце думаць, як далей будзем рухацца".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі