Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

21 Ліп 2023

Лукашэнка патрабуе не скардзіцца на надвор'е, а рупліва працаваць у полі. Якая сітуацыя ў кожным рэгіёне?

Лукашэнка патрабуе не скардзіцца на надвор'е, а рупліва працаваць у полі. Якая сітуацыя ў кожным рэгіёне?

21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі запатрабаваў не скардзіцца на надвор'е, а рупліва працаваць у полі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
 
У час нарады аб сітуацыі ў сваіх рэгіёнах далажылі і губернатары. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы выразна запатрабаваў: дакладваць без самасправаздач і засяродзіцца перш за ўсё на праблемах.

"Хачу папярэдзіць дакладчыкаў: прагнозамі мы сыты. Не трэба сёння пра гэта гаварыць. Гаварыце па сутнасці. Якія ў вас праблемы, якія недахопы. Адкрыта і сумленна. Тысячы людзей вас чуюць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Мінская вобласць: складана, але катастрофы няма

Губернатар Мінскай вобласці адзначыў, што сітуацыя ў цэнтральным рэгіёне складаная, але не катастрафічная. "У нас сёння праблем, якія былі б звязаны не з асаблівымі прыродна-кліматычнымі ўмовамі, няма. Дажджы пайшлі, і мы сёння бачым, як прагрэсіруе наша кукуруза, - адзначыў Аляксандр Турчын. - Таму тых пытанняў, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні дзяржавы, у нас няма".
 
Але па адным з пытанняў старшыня Мінскага аблвыканкама ўсё ж папрасіў падтрымкі ў Прэзідэнта. Да 1 жніўня гаспадаркам вобласці неабходна пагасіць крэдыты на паліва, якія былі ўзяты ў мінулым годзе. "З улікам абставін гэта будзе зрабіць вельмі складана. Мы просім хоць крыху адтэрмінаваць вяртанне. А ўсе свае астатнія абавязацельствы па вяртанні бюджэтных крэдытаў і ўсяго астатняга Мінская вобласць, як бы ні было складана, выканала", - сказаў губернатар.
 
"Па ўсіх праблемах, якія вы абазначылі, у тым ліку па вяртанні, урад на гэтым тыдні і наступным прыме рашэнне", - паабяцаў кіраўнік дзяржавы.
 
"Вялікі дзякуй вам за падтрымку", - сказаў Аляксандр Турчын.


"Не, пачакай. Я не сказаў, якое будзе рашэнне. Рашэнне будзе прынята. Але вы нядрэнны эканаміст, ведаеце, што па даўгах трэба плаціць. Калі не плацяць, значыць, будзе бяда праз некаторы час. Але з улікам усіх абставін разам ва ўрадзе вы разберацеся і ўнесяце мне прапановы на наступным тыдні, не пазней", - даручыў Прэзідэнт.
 
Гаворачы пра ўмовы надвор'я, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сітуацыя ўсюды склалася розная: у адных рэгіёнах землі пацярпелі больш, у другіх менш.
 
"Я цудоўна разумею, гэта не мінулагоднія ўмовы. Калі 40 дзён у краіне не было дажджоў, то, зразумела, на ўсе раёны гэта неяк паўплывала. Але спасылацца на тое, што вось бяда, згарэлі ўсе, - гэта няправільна. Так, мы не атрымаем мінулагодні рэкордны ўраджай, але я ад вас гэтага і не патрабую. Калі вы ў мінулым годзе змаглі ўзяць 10,5 млн збожжа ўсіх культур, я прашу ад вас 9. І мы можам сабраць, калі арганізуемся і ў нас будзе нармальная дысцыпліна. Калі механізатар будзе адказваць за стан тэхнікі, каб шлейф пасля камбайна не высяваўся. Гэта ж работа інжынера, агранома, кіраўніка і перш за ўсё механізатара. Захаваем збожжа, якое сёння ёсць у полі, значыць, будзем мець ураджай", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
 
"Я строга з вас патрабую і ўгаворваю не таму, што рабіць няма чаго. Сітуацыя вельмі няпростая. Таму нам трэба як дбайным гаспадарам мець нешта ў запас. Хто можа сказаць, што будзе ў канцы года або ў наступным годзе? Ніхто. Таму давайце будзем ствараць запасы і рэзервы. Будзе збожжа - значыць, будзе чым карміць жывёлу, птушку, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Усюды павінна быць дысцыпліна. Усе рашэнні прыняты, карты ў вас на руках. Патрабуйце ад механізатара, даяркі, спецыяліста, кіраўніка да члена ўрада".

Гродзенская вобласць: стандартны аб'ём збожжа будзе сабраны

Паводле слоў старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка, у яго рэгіёне таксама няма асаблівых праблем: тэхніка адрамантавана, кадры ёсць, крыніцы фінансавання вызначаны.
 
"Што датычыцца ўмоў надвор'я. У Гродзенскай вобласці толькі 28 працэнтаў ад нормы выпала ападкаў у маі-чэрвені. Але пацярпелі мы сапраўды менш, чым іншыя вобласці. Каля 1 працэнта збожжавых пасеваў або прызнана загінуўшым, або пераведзена на кармавыя мэты. Ураджайнасць крыху ніжэйшая, чым у рэкордным мінулым годзе, але, паводле нашых разлікаў, сярэднестатыстычны гадавы збор збожжа атрымаць удасца. Гэта значыць мы не дасягнём рэкорднай лічбы мінулага года, але стандартны аб'ём збожжа, які звычайна атрымлівае Гродзенская вобласць, будзе сабраны. Нараўне з існуючымі запасамі і прынятым рашэннем аб закупцы збожжа за межамі краіны, ніякіх праблем па забеспячэнні жывёлагадоўлі і насельніцтва збожжам мы не бачым", - заявіў Уладзімір Каранік.
 
Разам з тым ён канстатаваў, што сітуацыя з нарыхтоўкай кармоў крыху больш складаная: першы ўкос быў горшы, чым летась, таму ёсць некаторае адставанне ад графіка і страты. "Мы ледзь-ледзь недабяром да сярэдняга значэння, але з улікам астаткаў праблем з забеспячэннем кармамі мы не бачым", - сказаў губернатар.

Брэсцкая вобласць: сітуацыя крыху лепшая, чым у цэлым па краіне

У Брэсцкай вобласці сітуацыя крыху лепшая, чым у цэлым па краіне. Паводле даных губернатара, у рэгіёне ўбрана 12 працэнтаў плошчы, сярэдняя ўраджайнасць - на ўзроўні  41 ц/га, што адпавядае ўзроўню мінулага года. Больш высокую ўраджайнасць, чым на год раней, паказвае рапс - 30 ц/га ў параўнанні з 24 ц/га. "Мы плануем намалаціць без грэчкі, кукурузы і проса 1,250 млн т, што адпавядае сярэднестатыстычнаму году па Брэстчыне", - сказаў губернатар Юрый Шулейка.
 
Што датычыцца нарыхтоўкі кармоў, то ён праінфармаваў Прэзідэнта аб выхадзе на ўзровень мінулага года і планах па выкананні пастаўленых на гэты год задач.


 
Аляксандр Лукашэнка асобна спытаў губернатара, ці ёсць праблемы з разлікамі за пастаўленае ў лік дзяржзаказу збожжа, ці фіксаваліся факты, калі збожжа забіралі ў сельгасарганізацыях без своечасовай аплаты.
 
"Такіх фактаў няма. Ідзе планавая прыёмка і разлікі за пастаўленае збожжа", - адказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама.

Магілёўская вобласць: адно праблемнае пытанне, астатнія - вырашальныя

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка далажыў, што ў Магілёўскай вобласці падлягае ўборцы 322 тыс. га збожжавых і зернебабовых культур. Гэта без уліку кукурузы на зерне, грэчкі і проса.

Ва ўсіх раёнах вобласці пачалі ўжо ўборку збожжавых культур і азімага рапсу. Адначасова пачата рэалізацыя збожжа ў лік рэспубліканскіх дзяржпатрэб. На сённяшні дзень прададзена азімага рапсу 30 працэнтаў ад задання, вядзецца пастаўка харчовага збожжа і піваварнага ячменю.

"Папярэдні баланс збожжа паказвае, што чаканы валавы збор дазволіць забяспечыць у поўным аб'ёме пастаўку збожжа ў лік рэспубліканскіх дзяржпатрэб", - запэўніў кіраўнік рэгіёна.

Астатняе зерне пусцяць на фуражныя мэты.

Ва ўборачнай кампаніі будзе задзейнічана больш за 1 тыс. збожжаўборачных камбайнаў. Гатоўнасць - 99 працэнтаў. 95 працэнтаў камбайнаў прайшлі тэхагляд. "Механізатарскімі кадрамі забяспечаны ў поўным аб'ёме. Для ўдзельнікаў уборачнай кампаніі створаны ўсе неабходныя ўмовы: гарачае харчаванне, спецадзенне, выпрацавана і даведзена сістэма аплаты працы", - сказаў Анатоль Ісачанка.

У сваю чаргу гатоўнасць зернесушыльных комплексаў вобласці складае 99 працэнтаў.

У рэгіёне таксама ўжо вядуць падрыхтоўку да сяўбы азімых - уносяцца ўгнаенні, праводзіцца ўзворванне.

"Праблем мы не бачым, усё ў планавым рэжыме. Ёсць адно пытанне. Гэта тое, што датычыцца паліва. Усе рэсурсы, якія ёсць, мы будзем выкарыстоўваць. У нас не падлічваецца ў поўным аб'ёме паліва да 1 верасня. З улікам уборкі і кукурузы. Таму я прасіў бы сёння сумесна з урадам разгледзець гэта пытанне. Адно пытанне, якое ёсць, праблемнае. Астатнія пытанні мы вырашаем і вырашым", - заявіў губернатар.

Ён растлумачыў недахоп паліва ўмовамі надвор'я, што склаліся, у выніку якіх на палях спатрэбілася выканаць дадатковыя аб'ёмы работ.

Віцебская вобласць: дарожная карта напісана на кожны выпадак, але адступаць няма куды

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін далажыў аб планах пачаць актыўную фазу ўборкі ўжо да канца наступнага тыдня - праз 7-10 дзён. Цяпер ужо шэсць раёнаў вобласці пачалі ўбіраць азімую пшаніцу.

Азімага ячменю ўбрана 76 працэнтаў ад пасеваў. Сярэдняя ўраджайнасць на гэты час складае 26 ц/га, хоць у апошнія дні трымалася на ўзроўні 29,4 ц/га. Сабрана ледзь больш за 25 тыс. т зерня ячменю.

"Пачалі акуратна, дзе палі падышлі, убіраць рапс, азімыя. Ураджайнасць недзе 16,4 ц/га. Гэта прыблізна на ўзроўні мінулага года", - адзначыў кіраўнік рэгіёна.

Ён запэўніў, што ў цэлым Віцебская вобласць да актыўнай фазы ўборачнай кампаніі гатова. Камбайны будуць усе гатовы да 24-26 ліпеня, і тэхніка пройдзе тэхагляд, як ставілася задача.

Па зернесушыльных комплексах на гэты час толькі адзін не гатовы, але яго ўвод намечаны літаральна на наступны дзень.

Прапрацаваны ўсе пытанні і па забеспячэнні кадрамі. "З кожным чалавекам сазвоньваемся. Гэта прадпрыемствы і Мінабароны дапамагаюць. У бягучым годзе і МНС дапамагае механізатарамі, хто мае патрэбныя навыкі і дакументы", - далажыў Аляксандр Субоцін.

"Усе настроены на ўборку ўраджаю і на тое, каб закладваць ужо актыўна ўраджай наступнага года. Мы разлічваем даволі плённа папрацаваць. Пасеяць больш азімага палетка і больш узараць. Для гэтага і машынна-трактарны парк таксама гатовы", - сказаў ён.

Аляксандр Субоцін расказаў, як у вобласці рэалізуецца даручэнне "дастаць усё ламачча з-пад плота": "Тут мы працуем інтэнсіўна. У нас у бягучым годзе з вось гэтага ламачча было сабрана і будзе працаваць 38 камбайнаў і 102 трактары рознай магутнасці. Тут вельмі строга сочыць за намі і ўрад, і міністэрства, прычым з візуальным кантролем".

Што датычыцца нарыхтоўкі травяністых кармоў, то, нягледзячы на павялічаныя плошчы ўборкі, ураджайнасць у бягучым годзе, на жаль, ніжэйшая. Тым не менш у кожным раёне і гаспадарцы ёсць праграмы, як частку кармоў, якой нестае, будуць дабаўляць. "Дарожная карта напісана на кожны выпадак", - запэўніў губернатар.

Наперадзе яшчэ другі ўкос траў, разлічваюць у вобласці на ўраджай прамежкавых культур, ды і кукурузы плануюць убраць не менш за ўзровень мінулага года.

Выслухаўшы даклад, Аляксандр Лукашэнка нават пахваліў губернатара за тое, наколькі ён глыбока ўнік у пытанні сельскай гаспадаркі пасля папярэдняй работы на іншых высокіх пасадах: "Павінен сказаць, Аляксандр Міхайлавіч, мяне ўжо радуе, што вы дакладна размаўляеце, ужываючы аграрныя тэрміны. Значыць, толк будзе. Вы ўжо адыходзіце ад выкладчыцкай мовы, а становіцеся на рэйкі сапраўднага тэхнолага ў сельскай гаспадарцы".

"Майце на ўвазе, што ні ў Ісачанкі, ні ў Крупко, ні ў вас (кіраўнікі Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай абласцей. - Заўвага БЕЛТА) адступаць няма куды. Усё! Адступаць няма куды! Усходнія вобласці павінны даваць прагрэс. Яны павінны развівацца і даваць нармальную дынаміку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Гомельская вобласць: трэба выцягваць рэгіён з балота, але ёсць і пазітыў

Уборачную кампанію ў Гомельскай вобласці пачалі ўжо ўсе раёны. На сённяшні дзень убрана 16 працэнтаў збожжавых культур. Завяршаецца ўборка рапсу. Па ўраджайнасці чакаецца ўзровень мінулага года за кошт большых плошчаў. Пачалі здачу ўраджаю ў лік дзяржзаказу, які будзе выкананы ў поўным аб'ёме.

"Што датычыцца азімага ячменю, перазімоўку прайшоў добра, але падтапленні. І пры наліванні трапілі на высокія тэмпературы. Сёння мы маем 22-23 ц/га. Але па валавым аб'ёме ў тры разы больш за ўзровень мінулага года", - далажыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.

Гатоўнасць тэхнікі ў рэгіёне дазваляе ўбіраць да 5 працэнтаў плошчы ў дзень, ёсць дастатковыя магутнасці сушыльнай гаспадаркі.

Губернатар канстатаваў, што ўмовы надвор'я ўдарылі па каласавых, але ў вобласці своечасова сарыентаваліся. Плануюць кампенсаваць недабор за кошт кукурузы. "У нас уборачная плошча фактычна выраўноўваецца да ўзроўню мінулага года. І мы бачым вал з кукурузай 1 млн 50 тыс. т. Недабяром прыкладна 10 працэнтаў па каласавых, але за кошт уборкі кукурузы на зерне - больш за 100 тыс. т да ўзроўню мінулага года - мы забяспечым грамадскую жывёлагадоўлю на 90 працэнтаў", - далажыў Іван Крупко.

Выдзелены фінансавыя рэсурсы на дадатковую куплю збожжа, ёсць забяспечанасць кадрамі.

Нядрэнныя разлікі ёсць на нарыхтоўку травяністых кармоў, хоць у першым укосе крыху недабралі. "Мы бачым 1 млн 250 тыс. т сенажу. Гэта плюс 50 тыс. да ўзроўню мінулага года", - сказаў губернатар.

Паводле яго слоў, кукуруза падкормлена на 100 працэнтах плошчы, травы пасля першага ўкосу - на 70 працэнтах. "Мы чакаем атрымаць 4 млн т зяленай масы кукурузы, што забяспечыць тыя зададзеныя параметры па кармах", - запэўніў кіраўнік рэгіёна.

Іван Крурко таксама абазначыў пытанне наконт паліва. На ліпень, жнівень і частку верасня ў рэгіёне хапае сваіх запасаў: "Сапраўды, можа, з улікам вялікага аб'ёму работ - сяўбы, уборкі кукурузы, узворвання, - будуць неабходны адтэрмінаваныя крэдыты. Мы папярэднія пагасім. І, калі будзе таксама неабходнасць, дазвольце выйсці на вырашэнне гэтага пытання".

Губернатар закрануў і агучаныя на нарадзе заўвагі ў адрас Гомельскай вобласці. Ён запэўніў, што ўсе гэтыя праблемныя пытанні разглядаюцца на ўзроўні сілавога блока, прымаюцца дакладныя рашэнні і ідзе кантроль за іх выкананнем. "Што датычыцца падзяжу жывёлы, так, вы маеце рацыю. Не многае зроблена. Але гэта не многае дазволіла павялічыць пагалоўе БРЖ да ўзроўню мінулага года на 10 тыс. галоў, - адзначыў Іван Крупко. - Мы бачым, што рабіць і, я думаю, што рэзультат будзе".

"Дзякуй, Іван Іванавіч. Вы маеце надзвычайныя паўнамоцтвы разам з Назаравым (упаўнаважаны па Гомельскай вобласці Юрый Назараў. - Заўвага БЕЛТА). Вызначайцеся, запрашайце для дапамогі любога міністра. Яны прыедуць, акажуць вам падтрымку. Але Гомельскую вобласць трэба выцягваць з балота. Гэта нядобра. Прыгожая вобласць, прыгожыя людзі, а мы там боўтаемся. Таму прымайце самыя рашучыя меры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі