18 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад вышэйшых службовых асоб, урада, Нацбанка і губернатараў эфектыўнага вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў сёння, прымаючы справаздачу аб выніках развіцця краіны ў першым квартале бягучага года і мерах па павышэнні эфектыўнасці эканомікі.
"У мінулым годзе мы дамовіліся аб развіцці нашай краіны ў бягучым годзе. Былі пастаўлены канкрэтныя задачы. Тады мы дамовіліся, што па паўгоддзі дадзім сур'ёзную ацэнку рабоце адпаведных структур, перш за ўсё ўрада, Нацыянальнага банка, службовых асоб, у тым ліку губернатараў, па развіцці Беларусі ў гэтым годзе і выкананні даведзеных заданняў. Першая адсечка - першы квартал. Ён прайшоў. Паўгоддзе - гэта падвядзенне вынікаў з адпаведнымі вывадамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Матрыца задач для вертыкалі ўлады ў мяне на стале. Чырвоным колерам абазначана тое, што не выканана. Сіні колер - поспехі ў выкананні планавых заданняў. Гэта матрыца ў цэлым у чырвоным колеры. Хацелася б пачуць тлумачэнні ў сувязі з гэтым, - заявіў Прэзідэнт. - У кожнага перад вачамі павінен ляжаць план развіцця на гэты год. Таму далажыце, як ён выкананы (па выніках першага квартала. - Заўвага БЕЛТА). Калі дрэнна, то чаму".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што па існуючай практыцы за тыя ці іншыя праблемы прынята вінаваціць урад і губернатараў. Разам з тым, лічыць Аляксандр Лукашэнка, сур'ёзную долю адказнасці павінны несці і вышэйшыя службовыя асобы, якія маюць адпаведныя шырокія паўнамоцтвы і статус. У сувязі з гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што пры адсутнасці дадатнай дынамікі і вынікаў ім будуць прымацца кадравыя рашэнні.
"Гэта датычыцца ўсіх. У вас яшчэ ёсць квартал для таго, каб згрупавацца і паказаць адпаведныя вынікі. Калі не, прыйдуць іншыя людзі, якія павінны гэтым займацца. Таму збірайцеся разам і дзейнічайце. Калі нехта штосьці не цягне, уносьце неадкладна прапановы. Схавацца за спіну каго б там ні было не атрымаецца", - заявіў беларускі лідар.
Асобна кіраўнік дзяржавы нагадаў аб ролі Адміністрацыі Прэзідэнта як палітычнага штаба Прэзідэнта па ажыццяўленні галоўнага кантролю за работай розных дзяржаўных структур: "Усе рашэнні мною прыняты. Ваша задача - выразна і адназначна дакладваць, што адбываецца і што будзем рабіць. Не зацягваючы, не бюракратызуючы ні адзін з працэсаў, не прапускаючы міма ні адной з талковых прапаноў".
Прэзідэнт таксама адзначыў, што далейшай стратэгіі развіцця Беларусі ў гэтым годзе будуць прысвечаны два важныя мерапрыемствы. Першае - Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу і другое, самае галоўнае, - Усебеларускі народны сход, дзе будуць канчаткова з улікам існуючага вопыту і дасягнутых вынікаў вызначаны задачы на перспектыву.