Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

20 Ліс 2023

Лукашэнка назначыў паслоў у Кітай, Зімбабвэ, ПАР, Сербію і Інданезію

Лукашэнка назначыў паслоў у Кітай, Зімбабвэ, ПАР, Сербію і Інданезію

20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада разгледзеў кадравыя пытанні і назначыў паслоў у Кітай, Зімбабвэ, ПАР, Сербію і Інданезію, паведамляе БЕЛТА.

Аляксандр Чарвякоў, які працаваў на пасадзе міністра эканомікі, назначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы.

Ігар Маршалаў, які займаў пасаду намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю - дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў, назначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Зімбабвэ.

Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Батсвана, Рэспубліцы Мазамбік і Рэспубліцы Намібія назначаны Ігар Белы. Да гэтага часу ён працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі Міністэрства замежных спраў.

Сяргей Маліноўскі, які кіраваў галоўным інфармацыйна-аналітычным упраўленнем МЗС, адправіцца працаваць Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Сербія і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Паўночная Македонія.

Раман Раманоўскі назначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Інданезія і па сумяшчальніцтве ў Малайзіі, Рэспубліцы Сінгапур і Рэспубліцы Філіпіны. Да назначэння на гэту пасаду ён працаваў намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення - начальнікам упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва галоўнага ўпраўлення Еўропы і Паўночнай Амерыкі МЗС.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Мумбаі (Рэспубліка Індыя) Аляксандра Мацукова, які да гэтага часу працаваў начальнікам упраўлення па пытаннях грамадзянства і выезду за мяжу галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС.

"Краіны вельмі важныя". Пра супрацоўніцтва з Кітаем і Зімбабвэ

Нягледзячы на тое, што ўсе кадравыя рашэнні гэтага дня былі звязаны з дыпламатычнымі пасадамі, Аляксандр Лукашэнка асобна запрасіў для назначэння і размовы будучых паслоў у Кітаі і Зімбабвэ.

"Я спецыяльна вас запрасіў асобна, каб перагаварыць наконт вашага назначэння. Але хачу сказаць: дзве краіны вельмі важныя", - падкрэсліў беларускі лідар, звяртаючыся да Аляксандра Чарвякова і Ігара Маршалава.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адносіны Беларусі з КНР ужо выбудаваны па асноўных напрамках, вызначаны кантакты, а таму новаму паслу давядзецца працаваць не на "голым месцы".

"Не скажу, што ў Зімбабвэ мы выбудоўваем нашы адносіны з белага ліста. Мой візіт у мінулым годзе. Зразумела, тут не толькі мая заслуга - усё, што было зроблена да візіту і пасля візіту, сведчыць аб тым, што ў нас там, вядома, яшчэ поле неаранае. Хоць хлеба ўжо дзякуючы нам (у Зімбабвэ. - Заўвага БЕЛТА) атрымалі дастаткова, каб людзей накарміць. Але работы вельмі шмат, - сказаў беларускі лідар. - Трэба ствараць дыпламатычнае прадстаўніцтва, шырэй уваходзіць у гэту краіну. Тым больш яны нас чакаюць вельмі. Нас цэняць, мы даказалі, што мы салідныя людзі. І яны хочуць, каб мы свае тэхналогіі і ў машынабудаванні, і іншых галінах - будаўніцтве, ахове здароўя, адукацыі (падрыхтоўка кадраў вельмі важна), ды і ў аграрным сектары - пераносілі ў Зімбабвэ".

"Суседзі (Зімбабвэ. - Заўвага БЕЛТА), калі даведаліся, пачулі, асабліва Мазамбік, - яны вельмі хочуць з намі супрацоўнічаць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Вяртаючыся да тэмы супрацоўніцтва з Кітаем, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта краіна разам з Расіяй уваходзіць у лік асноўных партнёраў: "Дапамагаюць нам і тэхналагічна самымі высокімі тэхналогіямі, і ў фінансавых адносінах". Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што вопыт Аляксандра Чарвякова дасць магчымасць узняць адносіны з Кітаем на больш высокі ўзровень.

"Таму работы будзе дастаткова", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пра крытэрыі ацэнкі работы дыпламатаў

Прымаючы кадравыя рашэнні аб назначэнні паслоў у ПАР, Сербію і Інданезію, кіраўнік дзяржавы асобна пацікавіўся ў адказных службовых асоб, чым вызначыліся кандыдаты на гэтыя пасады, што менавіта іх выбралі з вялікай кагорты прэтэндэнтаў.

"Усе прадстаўленыя супрацоўнікі маюць значны вопыт дыпламатычнай работы, ён складае больш за 20 гадоў, - растлумачыў міністр замежных спраў Сяргей Алейнік. - Усе супрацоўнікі валодаюць неабходнымі ведамі, навыкамі, маюць вопыт работы ў загранустановах, зарэкамендавалі сябе на цяперашніх пасадах у якасці дасведчаных спецыялістаў, патрыятычна настроены. Упэўнены, што яны будуць дастойна прадстаўляць нашу рэспубліку ў тых краінах, акрэдытацыю ў якіх прапануецца сёння зацвердзіць, і будуць адстойваць нашы інтарэсы ў гэтых краінах, развіваючы ў першую чаргу эканамічны парадак дня, які сёння для нас з'яўляецца прыярытэтным".

"Хацелася б, каб яны разумелі, што мы іх будзем ацэньваць перш за ўсё за гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з краінамі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Беларусь здольна аказаць дапамогу". Пра перспектывы работы з поўднем Афрыкі

Гаворачы аб супрацоўніцтве з Мазамбікам, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яно павінна развівацца ў звязцы з суседнім Зімбабвэ, дзе Беларусь ужо добра ведаюць і ўзаемадзеянне паміж краінамі наладжана. Тым больш што Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва размаўляў на гэту тэму са сваім калегам з Мазамбіка. "Там будзе пасол, гэтак жа і ў Зімбабвэ. Хацелася б, каб вы падтрымлівалі кантакты. Нам Мазамбік, вобразна кажучы, прычэпам трэба зачапіць за Зімбабвэ, - арыентаваў кіраўнік дзяржавы. - Яны вельмі зацікаўлены ў нас. І мы там са сваімі тэхналогіямі, асабліва ў аграрна-прамысловым комплексе, можам вельмі ім дапамагчы".

Праблем у краінах паўднёваафрыканскага рэгіёна дастаткова, і Беларусь здольна аказаць дапамогу ў іх вырашэнні, як гэта было ў выпадку з Зімбабвэ. "У Зімбабвэ сёння рады, што яны накармілі нарэшце хлебам людзей. Убраць хлеб не маглі. А цяпер яны ўбіраюць два-тры ўраджаі. Яны забяспечылі сябе галоўным прадуктам. Чаму Мазамбіку не можам дапамагчы? Можам. Таму трэба разабрацца ў сітуацыі і галоўны акцэнт рабіць на той краіне, дзе мы вельмі патрэбны і дзе мы можам ім дапамагчы. Зразумела, гэта не дабрачыннасць", - сказаў беларускі лідар.

"Сур'ёзна вывучыць сітуацыю". Пра будучыню адносін з Сербіяй і не толькі

Што датычыцца супрацоўніцтва з Сербіяй і работы беларускай дыпмісіі ў гэтай краіне, то, як адзначыў Прэзідэнт, сітуацыю трэба сур'ёзна вывучыць. "Трэба разабрацца ў той палітыцы, якую Сербія праводзіць і жадае праводзіць у адносінах да Беларусі, - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. - Калі яны хочуць (супрацоўнічаць з Беларуссю. - Заўвага БЕЛТА), значыць, павінен быць вынік у гандлёва-эканамічных адносінах. Калі яны хочуць віляць хвастом, груба кажучы, і падтрымліваць еўрапейска-амерыканскія санкцыі супраць Беларусі, гэта іх работа, няхай вызначаюцца і падтрымліваюць, калі яны забылі тое дабро, з якім мы ішлі да іх".

Аляксандр Лукашэнка арыентаваў дыпламатаў на тое, каб узмацняць узаемадзеянне па тых напрамках і з тымі краінамі, якія таксама імкнуцца да канструктыўнага супрацоўніцтва і робяць крокі насустрач. "Мы выходзім на яшчэ адну праблему, аб чым я гаварыў. Калі Захад і Амерыка не хочуць з намі супрацоўнічаць, добра - будзем "вартаваць" свае пасольствы там, дзе гэта трэба. А асноўных дыпламатаў мы павінны перакінуць на тыя напрамкі, дзе мы бачым рух, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - У нас па многіх краінах ёсць рух, мы супрацоўнічаем са  многімі краінамі. Трэба іх узмацняць". Гэта сцвярджэнне ў аднолькавай ступені адносіцца і да Сербіі. "Проста вам трэба палітычна там разабрацца, чаго яны хочуць. Адна справа заяўляць, а рабіць зусім іншае - такая палітыка нікому не патрэбна. Таму трэба тут разабрацца", - сказаў беларускі лідар.

"Трэба замацоўвацца". Пра рэгіён Паўднёва-Усходняй Азіі

Сітуацыю па супрацоўніцтве з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі Прэзідэнт ахарактарызаваў наступным чынам: "Акрамя нейкіх эпізадычных эканамічных кантактаў, гандлёва-эканамічных, інакш не скажаш, мы там не вельмі замацаваліся. Трэба замацоўвацца. І Інданезія, і Малайзія, ды і Сінгапур - гэта цікавыя для нас краіны, і ўсюды мы павінны паўтара-два-тры праекты знайсці. Гэта ваша задача".

"Павінны бачыць там свой інтарэс". Пра больш цеснае супрацоўніцтва з Індыяй

Генеральнае консульства Беларусі ў індыйскім Мумбаі, паводле слоў Прэзідэнта, павінна працаваць разам з пасольствам. "Трэба аб'ядноўвацца адназначна. Не дзяліць там пасольства, консульскія падраздзяленні. Калі трэба ўзмацняць, значыць, трэба ўзмацняць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы павінны наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з Індыяй, якое будзе выяўляцца перш за ўсё ў эканоміцы, гандлёва-эканамічных адносінах. Гэта глабальная краіна, вялізная. Мы павінны бачыць там свой інтарэс".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі