Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

30 Жнв 2023

"Дзіця трэба накарміць, і нармальна накарміць". Што Лукашэнка патрабуе ад сістэмы харчавання ў школах?


Фота з архiва

У Беларусі амаль мільён школьнікаў, больш за 700 тыс. з якіх у новым навучальным годзе будуць атрымліваць харчаванне за кошт дзяржавы. У новым выпуску YouTube-праекта БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" мы раскажам, чым і як кормяць беларускіх школьнікаў, чаму гамбургеры так і не трапілі ў меню, а якія густы вучняў прыжыліся ў сталовых, а таксама аб тым, за што Аляксандр Лукашэнка крытыкуе сістэму адукацыі і якія перакосы ў школьным харчаванні давялося выпраўляць Прэзідэнту.

Як у Беларусі ўводзілі бясплатнае харчаванне ў школах

Бясплатнае харчаванне ў беларускіх школах было ўведзена яшчэ ў канцы 1990-х гадоў - спачатку ў чарнобыльскіх рэгіёнах, а затым і па ўсёй краіне. Прэзідэнт Беларусі сваё рашэнне тлумачыў проста: тады, у складаны з эканамічнага пункту гледжання час многія сем'і, асабліва дзеці, мелі патрэбу ў падтрымцы. І дзяржава не магла зрабіць інакш.

"Што, у нас мала сем'яў было, асабліва ў канцы1990-х гадоў, дзе дзіця нармальна паесці не магло? Чаму я ўвёў у чарнобыльскай зоне, а затым і на ўсю краіну распаўсюдзіў школьнае харчаванне? Яно для людзей капеечнае, і ў многіх месцах бясплатнае, яно ўсюды датуецца. Я тады сказаў чыноўнікам: вы зразумейце, нашы з вамі дзеці маюць магчымасць нармальна паесці, а там жа, дзе зарплата нізкая была, ды і цяпер яшчэ небагата жывуць, хіба прыгатуюць нармальна паесці дзіцяці? А ў школу яно прыйдзе, з'есць і суп добры, і гарачае, і салату. Два разы ў школах харчаванне даюць. Гэта ж вялікая справа. Мы ж укладаем у дзяцей", - расказаў кіраўнік дзяржавы на прэс-канферэнцыі расійскім журналістам у 2007 годзе.

Навошта ў школах вырашылі правесці эксперымент па харчаванні

У мінулым навучальным годзе ў дзвюх дзясятках гарадскіх і сельскіх школ Беларусі правялі эксперымент. Задача была і простая, і складаная адначасова - смачна накарміць дзяцей і зменшыць колькасць ежы, якую даводзіцца выкідваць пасля сняданкаў і абедаў. Для яе вырашэння спецыялісты вывучалі меркаванне школьнікаў і іх бацькоў: недзе запусцілі анкетаванне, недзе стварылі тэматычныя чаты, недзе паставілі "скрыню пажаданняў". І калі спачатку вучні былі сціплыя, заказвалі макароны з сасікай і сырнікі, то пазней ужо дадавалі блінчыкі і пельмені, а пад канец апытання пачалі здзіўляць, патрабуючы гамбургеры і шаурму.

Вядома, санэпідслужба Міністэрства аховы здароўя адразу ўдакладніла: фаст-фуду на талерцы ў школьнікаў не будзе. Нягледзячы на новыя падыходы да арганізацыі харчавання, яго гігіенічныя прынцыпы нязменныя: ежа павінна быць якаснай і бяспечнай для здароўя.

"Чаму мы надаём такое вялікае значэнне школьнаму харчаванню? Нашы гігіеністы вывучалі харчаванне ў дамашніх умовах. І выявілі празмерную колькасць простага цукру, тлушчу, недахоп агародніны, садавіны. Вось гэтым характарызуецца харчаванне нашых дзяцей у дамашніх умовах. І таму нейкая карэкцыя ў школе павінна быць", - падкрэсліла загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Міністэрства аховы здароўя Ала Малахава.

Чым кормяць школьнікаў у сталовых

У час эксперыменту ўдалося вызначыцца са стравамі, якія падабаюцца большасці школьнікаў. У выніку ў інфармацыйны зборнік Міністэрства адукацыі трапіла 329 рэцэптаў. Акрамя інгрэдыентаў, там падрабязна распісана тэхналогія прыгатавання стравы, яе канечны знешні выгляд, тэрмін прыдатнасці і ўмовы захоўвання, а таксама харчовая каштоўнасць. Хто любіць на снеданне кашу, бярыце на заметку: у зборніку ёсць страва "Аранжавы сюрпрыз", гэта каша з рысавых і прасяных круп з мандарынамі. Гучыць апетытна.

Вось яшчэ адзін цікавы факт. Аказалася, што ў сельскіх і гарадскіх дзяцей розныя пажаданні да ежы. Напрыклад, у сельскай мясцовасці дзеці абавязкова ядуць першую страву. Сем'і, якія жывуць у гарадах, ад супоў практычна ўжо адмовіліся.

"Вельмі складана бывае накарміць у адной сям'і дваіх дзяцей, таму што ў іх могуць быць розныя густы, а ў маштабе Мінска трэба накарміць 230 тыс. дзяцей (гэта і малодшая школа, і старшая), улічыць усе пажаданні. Таму гэта работа няпростая, - адзначыла дырэктар Камбіната школьнага харчавання горада Мінска Надзея Лукашэвіч. - У час эксперыменту мы прапанавалі такія стравы, якія ніколі ў Мінску не прапаноўваліся ў школьным харчаванні. Гэта, напрыклад, прыпушчаная агародніна (брокалі, цвятная капуста, морква), пельмені. Аказалася, што пельмені вельмі падабаюцца дзецям".
 
Паводле яе слоў, у школьных пельменяў асаблівая рэцэптура. Вытворца выключыў лішнюю соль, папрацаваў над якасцю стравы. "Гэта не масавая вытворчасць, гэта асаблівыя пельмені. Такія пельмені не купіш у магазіне. Усе адзначаюць, што яны сапраўды смачныя, у іх цікавая форма. І самае галоўнае, што ў нас чыстыя талеркі ў дзень, калі мы прапануем пельмені", - звярнула ўвагу дырэктар камбіната.

Як вырашаюць праблемы ў арганізацыі школьнага харчавання

За лета больш за паўтары тысячы школьных повараў прайшлі павышэнне кваліфікацыі. Для школ закуплена больш за 630 адзінак тэхналагічнага абсталявання. Праведзены капітальныя рамонты ў 134 харчаблоках. Увогуле, за час рэалізацыі пілотнага праекта былі ўрэгуляваны ўсе заўважаныя недахопы. У тым ліку і праблема вялікай колькасці харчовых адходаў. Напрыклад, у адной са школ Гомеля, паведамляў Камітэт дзяржаўнага кантролю, пасля абеду навучэнцаў другіх-трэціх класаў у адходы неяк "пайшло" больш за 40 працэнтаў смажанай рыбы, амаль трэць бульбянога пюрэ і кожная чацвёртая салата. Так, дзеці "ядуць" і вачамі. І адмаўляюцца ад заведама нясмачных, аднастайных і неэстэтычна аформленых страў. У выніку эксперыменту харчовыя адходы ў школьных сталовых знізіліся на 20-25 працэнтаў. Але Аляксандр Лукашэнка ў гэтым пытанні звярнуў увагу на яшчэ адзін немалаважны факт.

"Ненармальна, калі каля кожнай школы можна трымаць свінаферму, каб парасят карміць адходамі прадуктаў харчавання. Гэта, калі хочаце, і маральная праблема: выкідваць ежу стала модным у нашым грамадстве", - заўважыў Прэзідэнт у час нядаўняй нарады аб гатоўнасці сістэмы адукацыі да новага навучальнага года.

Забеспячэнне школьнікаў і дашкольнікаў якасным харчаваннем вельмі слушна можна прыраўнаваць да пытанняў нацыянальнай бяспекі, таму і кантроль тут самы сур'ёзны. І нядзіўна, што кіраўнік дзяржавы абураецца перакосамі ў гэтай сферы. Напрыклад, неяк у адной са школьных сталовых дзеці з менш забяспечаных сем'яў бясплатна харчаваліся па адным рацыёне, а іх аднакласнікі за грошы атрымлівалі значна больш карысны комплекс. Такі падыход Прэзідэнт назваў сярэдневяковым дзікарствам.

"Калі дзеці з малазабяспечаных сем'яў, за якіх плаціць бюджэт дзяржавы, ядуць салату з капусты, які-небудзь бульбяны суп, а катлеты або сасіскі ім у гарачае не пакладуць - гэта дзікасць сярэдневяковае! Лепш тады наогул нікога не карміць, чым у школе вось такім чынам расслойваць дзяцей. Як мне далажыў мэр Мінска, літаральна за тыдзень сітуацыя была выраўнавана. Карміць дзяцей мы будзем як належыць. Дзіця трэба накарміць - увесь сказ, і нармальна накарміць", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

А аднойчы дайшло нават да затрыманняў і крымінальных спраў. Нехта ў Мінску паспрабаваў нажыцца на здароўі дзяцей. Злачынныя групы збіралі грошы са школьных повараў, а тыя змяншалі порцыі, перапрацоўвалі няз'едзеныя астаткі або проста змянялі рэцэптуру. Якая была рэакцыя беларускага Прэзідэнта, вы, напэўна, здагадваецеся.

"Гэта ж трэба, дайшлі да таго, што ў горадзе-героі Мінску, спадар Шорац (былы мэр Мінска Андрэй Шорац. - Заўвага БЕЛТА), адходамі дзяцей у школах корміце! У дзевяці раёнах дзевяць злачынных груп збіраюць падачкі са школьных повараў і тыя, хто забяспечвае школьным харчаваннем людзей, у канвертах грошы нягодніку збіраюць. Слухайце, што б вы на маім месцы рабілі, калі б вам паклалі гэту інфармацыю? Іх узялі з канвертамі. Гэта была мая каманда старшыні КДБ: "Ты павінен, каб потым не мітусіліся, узяць іх усіх на месцы". - "Ёсць, возьмем!" Вашы ж дзеці, унукі ў школах у гэтых сядзяць. Тое, што ўчора не выкарысталі, перамалолі, дзецям назаўтра аддалі. Недзе недаклалі, недаўклалі, прадалі, грошы сабралі, у канвертах перадалі яму. Напэўна, прыняты закон "Аб карупцыі", а ён у нас самы, напэўна, жорсткі і радыкальны, яшчэ недастатковы", - заявіў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся з Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў 2017 годзе.

Прафілактычная работа з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі і персаналам школьных сталовых за апошнія тры гады дала магчымасць знізіць колькасць заўваг наглядных органаў больш як у два разы. Так, парушэнні застаюцца. Але яны не з'яўляюцца сістэмнымі, маюць бягучы характар, які абумоўлены чалавечым фактарам. І да работнікаў, якія дапусцілі парушэнні, прымаюцца адпаведныя меры.

Як мяняецца сістэма школьнага харчавання ў Беларусі

Беларуская сістэма адукацыі хоча знайсці найбольш аптымальны падыход да арганізацыі школьнага харчавання. Галоўнае сведчанне таго - адкрытасць да любых прапаноў і нават да крытыкі: апытанні, анкетаванні, сходы і сустрэчы... А нядаўна Міністэрства адукацыі запусціла чат-бот для зваротаў грамадзян па пытаннях харчавання ў школах.

Урад жа напярэдадні навучальнага года павялічыў нормы расходаў на харчаванне дзяцей у дзіцячых садах і школах. Яшчэ адна цікавая навацыя: мінскі Камбінат школьнага харчавання вырашыў заахвочваць падарункамі вучняў, якія добра ядуць у сталовай. Вельмі добры апетыт будзе ўзнагароджвацца сертыфікатам на кулінарны майстар-клас. Дзецям прапануюць паспрабаваць прыгатаваць піцу, зрабіць каляровую соль, упрыгожыць капкейкі, стварыць кейк-попсы і гэтак далей.

У мінулым навучальным годзе ў розных гарадах праходзіў падобны эксперымент. Акцыя называлася "Чыстая талерка". Калі дзіця поўнасцю з'ядала свой абед, то атрымлівала прыз. Камбінат школьнага харчавання адзначыў, што ў такія дні дзеці елі больш ахвотна, а адходаў практычна не было.

"У час пілотнага праекта мы прапанавалі дзецям на выбар дзве стравы. Пачатковая школа рабіла гэты выбар пры дапамозе класных кіраўнікоў, бацькоў. У адным класе дзеці елі розныя абеды з улікам іх пажаданняў. І мы ўбачылі, што ў нас знізіліся харчовыя адходы: у розныя дні, вядома, гэта розная колькасць, але на 15 працэнтаў, 20 працэнтаў, 30 працэнтаў. Дзеці, калі робяць выбар самі, больш адказна адносяцца да ежы, - расказала Надзея Лукашэвіч. - Нехта аддае перавагу рыбе, нехта - курыцы, нехта любіць свініну. Вельмі розныя сямейныя традыцыі, розныя густы, таму трэба паважаць выбар кожнага. Паколькі для нас вельмі важна, каб дзіця атрымлівала гарачае харчаванне".

Больш за 60 працэнтаў школ у новым навучальным годзе будуць выкарыстоўваць новыя падыходы да арганізацыі школьнага харчавання. У Міністэрстве адукацыі ўпэўнены, што ўкараненне напрацовак, атрыманых у час пілотнага праекта, дасць магчымасць вывесці школьнае харчаванне на прынцыпова новы ўзровень. Але разам з тым бацькам трэба разумець, што школьнае харчаванне - гэта ўсяго 20-25 працэнтаў ад сутачнай патрэбнасці дзіцяці. Здароўе і бяспека дзяцей - агульная справа.-0-

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі