28 снежня, Мазыр /Кар. БЕЛТА/. Выстава БЕЛТА "Беларусь. Узлёт" прадстаўлена ў гандлёвым цэнтры "Катапульта" на "Марафоне адзінства" ў Мазыры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч, размаўляючы з журналістамі, правяла наступную аналогію паміж назвамі выставы і гандлёвага цэнтра: "Мы сёння знаходзімся ў гандлёвым цэнтры "Катапульта", прадстаўляючы выставу "Узлёт". Мне сказалі, што гэты гандлёвы цэнтр пабудавалі літаральна некалькі гадоў таму. Калі вы гледзіце на гэтыя плакаты, а потым - вакол сябе, то адразу становіцца зразумела, чаму мы гаворым пра ўзлёт".
Ірына Акуловіч звярнула ўвагу, што да кожнага горада, у якім праходзіць выстава "Беларусь. Узлёт", арганізатары знаходзяць факты, маючыя дачыненне да таго ці іншага рэгіёна. Не стала выключэннем і Гомельская вобласць. "У такім вялікім горадзе, як Мазыр, з добрай прамысловасцю, вялікім патэнцыялам, хочацца прывесці прыклад менавіта пра гэты горад. Я паглядзела, што ў Мазыры яшчэ існуе вуліца Прытыцкага. Адзін з артыкулаў, што быў напісаны амаль 30 гадоў таму, у пачатку дзевяностых, называецца "Зноў хлебная ліхаманка". Аўтары апісваюць магазін на вуліцы Прытыцкага ў Мазыры. Там фатаграфія і маленькі расказ аб тым, што ў магазіне бясконцыя чэргі - людзі спрабуюць купіць хлеб. Нібыта хлеба выраблялі шмат, але яго не хапала. Справа ў тым, што людзі скупалі хлеб з-за чарговых чутак аб падаражанні. Уяўляеце? Гэта ж не майка, не красоўкі - наперад не закупішся", - падкрэсліла яна.
Гендырэктар БЕЛТА прывяла ў прыклад яшчэ адзін матэрыял, які называўся "Рыба на стол завадчан". Размова ішла аб прадпрыемстве, дзе, разумеючы, што трэба карміць сваіх людзей, пачалі разводзіць рыбу.
"Ёсць і такі яскравы матэрыял: "Без купонаў можна купіць". А ў дужках дапісана: "Калі, вядома, будзе што". На гэтым тыдні я выступала ў мінскай ВНУ перад студэнтамі і прыводзіла ў прыклад гэты артыкул. Ведаеце, у маладых людзей, нягледзячы на тое, што мы ўвесь час пра гэта гаворым, такія гісторыі выклікаюць здзіўленне", - дадала Ірына Акуловіч.
Гендырэктар БЕЛТА адзначыла, што выстава называецца "Беларусь. Узлёт", таму што за 30 гадоў наша краіна прайшла складаны, незвычайны і вельмі рэзультатыўны шлях. "Гэта не рух, а менавіта ўзлёт", - упэўнена яна.
Выстава "Беларусь. Узлёт" адлюстроўвае шлях краіны за апошнія 30 гадоў. Экспазіцыя ўяўляе сабой 40 унікальных плакатаў з фатаграфіямі за перыяд 30-гадовага шляху незалежнай Беларусі. Яны зроблены ў пачатку 1990-х гадоў фатографамі БЕЛТА Аркадзем Нікалаевым, Уладзімірам Шубам і Аляксандрам Дзідзевічам. Таксама пры падрыхтоўцы экспазіцыі выкарыстаны ўнікальныя здымкі Дзяржынскага архіва кінафотафонадакументаў.