Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

22 Ліп 2015

Жураўкоў: Беларусы дастойна выступілі на Сусветнай летняй універсіядзе-2015

Жураўкоў: Беларусы дастойна выступілі на Сусветнай летняй універсіядзе-2015

22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выступленне беларускай каманды на Сусветнай летняй універсіядзе-2015 у Кванджу (Рэспубліка Карэя) было дастойным. Такое меркаванне сёння на прэс-канферэнцыі выказаў міністр адукацыі Беларусі, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Міхаіл Жураўкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Каманда выступіла вельмі дастойна. Выбраць кандыдатаў на ўніверсіяду было даволі няпроста, паколькі шмат прадстаўнічых спаборніцтваў па ўсім свеце праходзіла ў тыя ж тэрміны. Няпроста было адабраць кандыдатаў з улікам іх графіка, аднак 24 спартсмены ў Кванджу дастойна справіліся са сваімі задачамі", - сказаў Міхаіл Жураўкоў.

Ён таксама звярнуў увагу, што лічыць немалаважным дасягненне такога выніку менавіта ў Год моладзі, што станоўча ўплывае на імідж дзяржавы.

Намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Дубкоўскі асабліва адзначыў рэкорднае дасягненне ў спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы, дзе лідарам нацыянальнай каманды Меліцінай Станютай былі заваяваны адразу чатыры ўзнагароды студэнцкіх гульняў. "Трэба было падабраць у каманду на ўніверсіяду тых спартсменаў, якія ў перспектыве прымуць удзел у Алімпіядзе-2016 у Бразіліі, аднак у аснову такога адбору была пастаўлена задача не зламаць падрыхтоўку атлетаў да галоўных стартаў чатырохгоддзя", - сказаў намеснік міністра.

У агульнакамандным медальным заліку XXVIII Сусветнай летняй універсіяды-2015, якая прайшла ў Кванджу (Рэспубліка Карэя) зборная Беларусі заняла 16-е месца. Беларускія студэнты-спартсмены заваявалі 12 узнагарод: 4 залатыя, 3 сярэбраныя і 5 бронзавых. Найбольш прыкметны ўклад у камандную скарбонку ўнеслі прадстаўніца мастацкай гімнастыкі, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры (БДУФК) Меліціна Станюта (4 узнагароды) і плывец, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) Яўген Цуркін (3). Станюта стала чэмпіёнкай універсіяды ў практыкаваннях са стужкай, сярэбраным прызёрам у кампазіцыі з булавамі, а таксама выйграла бронзу ў індывідуальным мнагабор'і і ў практыкаваннях з абручом. Цуркін перамог на дыстанцыі 50 м вольным стылем. Акрамя таго, ён заваяваў сярэбраную ўзнагароду на дыстанцыі 50 м батэрфляем і бронзавую на 100 м батэрфляем.

Пераможцай студэнцкіх гульняў стала беларуская лёгкаатлетка Таццяна Халадовіч (кіданне кап'я). Таксама ўзнагарода найвышэйшай вартасці на рахунку дуэта тэнісістаў Лідзія Марозава/Андрэй Васілеўскі ў змешаным разрадзе. Сярэбраную ўзнагароду беларускай зборнай на студэнцкіх гульнях прынёс кідальнік молата Павел Барэйша, а бронзавую - другі малатабоец Сяргей Каламоец і экіпаж Таццяна Клімовіч/Хрысціна Стараселец у акадэмічным веславанні (клас - двойка парная).

Папярэдняя XXVII Сусветная летняя ўніверсіяда-2013 у Казані (Расія) стала для Беларусі адной з самых паспяховых. У агульным рэйтынгу краін-удзельніц рэспубліка заняла пятае месца з рэкордным для сябе вынікам: былі заваяваны 40 медалёў (13 залатых, 13 сярэбраных і 14 бронзавых).

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі