26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каб не даць адрадзіцца фашызму, краіны павінны выступіць агульным фронтам, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін на IV Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе, які праходзіць на базе Цэнтральнага дома афіцэраў у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Віктар Хрэнін нагадаў, што фашызм як сістэма нацысцкай Германіі быў разгромлены ў 1945 годзе і асуджаны міжнародным ваенным трыбуналам. "І гэта гістарычны факт, які не падлягае ніякаму перагляду. Аднак, на жаль, напэўна, нават на сорам чалавецтва, ідэалогія фашызму канчаткова не пераможана. Яна сёння муціравала, прыстасавалася. І гэта таксама факт. Сучасны нацызм вельмі моцна на працягу гэтага часу маскіраваўся, прыкрываўся ідэямі барацьбы за дэмакратыю, правоў чалавека. А сёння мы бачым, што ён ужо не маскіруецца, паказаў свой сапраўдны твар і з маргінальнай плоскасці перайшоў у дзяржаўную сістэму", - дадаў міністр.
"У суседніх з намі краінах ужо на дзяржаўным узроўні прынята рашэнне аб знішчэнні помнікаў подзвігу савецкага народа, праводзяцца шэсці нацыстаў, калабарацыяністаў, існуе русафобія, перапісванне гісторыі. І тое, што ідэалогія фашызму пачынае ўзнімаць сваю галаву, выклікае вялікую трывогу ў нас", - падкрэсліў Віктар Хрэнін.
Ён адзначыў, што гэта стала магчымым з-за спроб забыць, сказіць, перапісаць гісторыю аб Вялікай Айчыннай вайне, аб подзвігу савецкага народа, савецкага салдата. "І вось тут і заключаецца важнасць і актуальнасць антыфашысцкага кангрэса. Ён жыццёва неабходны нам сёння. Тут павінен гучаць наш голас - голас праўды. Не павінна быць ніякіх паўтонаў і адценняў, - упэўнены міністр абароны. - І мы бачым, што наш чацвёрты антыфашысцкі кангрэс выклікае непадробны інтарэс у многіх народаў, краін - сёння ў ім удзельнічае каля 40 дзяржаў. Ёсць прадстаўнікі Германіі, Францыі, Аўстрыі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Італіі, Вялікабрытаніі".
"Вялікая Перамога не проста не павінна быць забыта, а не павінна быць сумненняў у тым, што яна была, і савецкі народ здзейсніў велізарны подзвіг. Спробы краін Захаду перапісаць гісторыю - гэта не што іншае, як адраджэнне сучаснага нацызму", - падкрэсліў Віктар Хрэнін.
Паводле яго слоў, сёння чалавецтва здае экзамен на трываласць і на тое, як мы засвоілі ўрокі гісторыі, на тое, ці зможам мы дапусціць, каб гісторыя выйшла на новы віток і зноў развязалася кровапраліцце на нашай зямлі. "Мы гэтага дапусціць не можам. Таму мы і праводзім такі кангрэс, дзе гаворым, што Вялікая Перамога - гэта факт, які адбыўся. Але, на жаль, вайна за памяць, барацьба за ідэалогію прадаўжаецца. І для таго, каб не даць адрадзіцца нацызму, фашызму, мы павінны ўсё выступіць агульным фронтам і аб гэтым вельмі гучна гаварыць і заяўляць", - рэзюмаваў Віктар Хрэнін.