16 студзеня, Любанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч пракаменціраваў журналістам домыслы з-за мяжы аб тым, што ў Беларусі няма ракетнага комплексу "Арэшнік", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Галоўнае, што мы ўпэўнены ў тым, што ў нас ёсць гэта зброя. І, вядома, спадзяёмся, што яна ніколі не спатрэбіцца. Гэта зброя стрымлівання, абароны нашай краіны. Усё, што трэба, усё, што было вызначана прэзідэнтамі дзвюх краін, выканана і дзейнічае. А тое, што гавораць нашы апаненты, нашы суседзі... Гаварыць і рабіць высновы - гэта іх права, - сказаў Аляксандр Вальфовіч. - Добра, што яны не бачаць гэтага "Арэшніка". І правільна, што яны яго не бачаць".
Дзяржсакратар Савета бяспекі звярнуў увагу, што нядаўна было другое эфектыўнае прымяненне ракетнага комплексу "Арэшнік" Расіяй. "Не хацелася б, каб гэты "Арэшнік" дзейнічаў з тэрыторыі Беларусі. Яшчэ раз гавару: "Арэшнік", тактычная ядзерная зброя, якая размешчана на тэрыторыі Беларусі, (патрэбны. - Заўвага БЕЛТА) толькі для абароны тэрыторыі нашай краіны", - падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.
