Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

28 Врс 2023

"Усе стаміліся чакаць літасці з-за акіяна". Лукашэнка заклікаў разам процістаяць заходнім абмежаванням


28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь паслядоўна і настойліва выступае супраць любых незаконных абмежавальных мер, якія шкодзяць усяму свету. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Прэзідэнт падкрэсліў, што краіны, якія яны прадстаўляюць, неаднаразова зведалі на сабе дзеянне незаконных абмежавальных мер з боку Захаду. Гэтак жа, як і Беларусь. "Таму мы паслядоўна і настойліва выступаем супраць любых незаконных абмежавальных мер, якія шкодзяць не столькі нам, колькі ўсяму свету", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Сваё сцвярджэнне Прэзідэнт праілюстраваў шэрагам прыкладаў. Так, санкцыі ў адносінах да беларускіх калійных угнаенняў, сельгаспрадукцыі і тэхнікі сур'ёзна падрываюць глабальную харчовую бяспеку, вядуць да зніжэння ўраджайнасці і росту цэн на прадукты харчавання, у той час як мільёны людзей у свеце галадаюць.

"Упэўнены: у нашых агульных інтарэсах яшчэ грамчэй заявіць аб гэтай праблеме і разам дабівацца адмены абмежаванняў у гандлі, асабліва па жыццёва важных пазіцыях. Тым больш што адказы на гэтыя выклікі ўжо знойдзены, - сказаў беларускі лідар. - Цяпер актыўна фарміруюцца новыя сістэмы разлікаў у нацыянальных валютах, перабудоўваецца лагістыка. Гэтыя тэмы абмяркоўваюцца на пляцоўках ШАС і БРІКС. Усе стаміліся пастаянна чакаць літасці з-за акіяна".

Пры гэтым, як падкрэсліў Прэзідэнт, беларусы, нягледзячы на ўсе цяжкасці і бар'еры, якія ствараюць апаненты на Захадзе, не звярнулі са свайго шляху развіцця. Наша эканоміка ўпэўнена выходзіць на траекторыю росту.

Беларусь адкрыта для ўсіх людзей добрай волі, у краіне ўстаноўлены бязвізавы парадак уезду для грамадзян многіх краін. Нягледзячы на заходнія абмежаванні, Беларусь праводзіць шмат яркіх міжнародных культурных і спартыўных мерапрыемстваў.

"Усё гэта адлюстроўвае сапраўдныя памкненні нашага народа і з'яўляецца ў тым ліку адказам тым краінам, дзе здзекуюцца з мігрантаў, робяць больш жорсткімі правілы ўезду, ствараюць загараджальныя збудаванні, зачыняюць пункты пропуску, пагражаюць транспартнай блакадай, проста знішчаюць гэтых людзей", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у цяперашняй сітуацыі для Беларусі асаблівае значэнне мае развіццё даверных і ўстойлівых сувязей з дружалюбнымі партнёрамі за мяжой. "І такіх партнёраў вельмі шмат па ўсім свеце. Сведчаннем таго з'яўляецеся вы", - заўважыў беларускі лідар, звяртаючыся да паслоў.

Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі 2023 год аб'яўлены Годам міру і стварэння. "Перакананы, што вы будзеце пастаянна выкарыстоўваць гэтыя паняцці ў якасці галоўных крытэрыяў эфектыўнасці ў сваёй рабоце, - сказаў ён. - Упэўнены, ваша знаходжанне тут у якасці афіцыйных прадстаўнікоў сваіх дзяржаў будзе цікавым, насычаным, карысным з прафесійнага пункту гледжання. Закрытых тэм, яшчэ раз паўтараю, няма!"

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ў Беларусі будзе зроблена ўсё для таго, каб замежныя дыпламаты змаглі лепш даведацца і зразумець нашу краіну, глыбей азнаёміцца з яе гісторыяй і культурай, адчуць усю паўнату яе ветлівасці і гасціннасці. "Ад усёй душы жадаю поспехаў у выкананні вашай важнай і адказнай місіі", - сказаў на заканчэнне цырымоніі кіраўнік дзяржавы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі