24 красавіка, Мазырскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на семінары-нарадзе заявіў, што цяперашняе пакаленне дарослых людзей, якія валодаюць значным вопытам, павінна стварыць краіну, якую можна будзе без апасенняў перадаць наступным пакаленням, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы з вамі дарослыя людзі. А ёсць такія, як Дзмітрый Мікалаевіч Крутой і яшчэ маладзейшы, якія ў тыя часы не жылі. А калі хто і жыў, яны гэтым не цікавіліся. У іх няма вопыту, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - А вопыт - ён жа гадамі, дзесяцігоддзямі складваецца. Таму вось Дзмітрый Мікалаевіч і зусім маладое пакаленне - яны павінны ад нас цяпер навучыцца."
"Таму, мужыкі, трэба хутка зрабіць тое, што мы ўмеем рабіць. Нашы дзеці гэтага не зробяць. Яны добрыя, з інтэрнэтам разбіраюцца і іншае. Яны разумныя і разумнейшыя за нас па асобных напрамках. Але без ежы і адзення нічога не будзе ні ў іх, ні ў каго. Мы - вопытныя людзі, і нам трэба вось за гэты перыяд, які нам тут адпушчаны, стварыць краіну, якую мы ім перададзім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"І мы павінны па ўсіх напрамках нешта зрабіць. Бо (інакш. - Заўвага БЕЛТА) усё гэта прападзе", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
У якасці прыкладу ён прывёў праграму развіцця Прыпяцкага Палесся і, у прыватнасці, захавання зямель, правядзення меліярацыі, стварэння вытворчасцей. Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як у першыя гады свайго прэзідэнцтва прыязджаў у гэты рэгіён і людзі прасілі забяспечыць іх самым простым - хлебам. З тых часоў, вядома, праведзена велізарная работа, і ёсць добрыя вынікі. Але гэта не значыць, што можна спыніцца на дасягнутым. "Я не хачу, каб гэта было потым (каб паўтарылася сітуацыя пачатку 90-х гадоў. - Заўвага БЕЛТА). А гэта будзе вельмі хутка на Палессі. На Палессі гэта імгненна. Упусціў два-тры гады - усё зарасце", - растлумачыў сваю матывацыю Прэзідэнт.



Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу павышаць культуру земляробства, заўважыўшы, што ў Гомельскай вобласці ў гэтым напрамку ўжо ёсць пазітыўныя зрухі. Ва ўсякім разе на тых землях, якія кіраўнік дзяржавы агледзеў з борта верталёта, накіроўваючыся ў гэту рабочую паездку. "Культурна, акуратна, палі апрацаваныя. Відаць, што людзі папрацавалі. Так павінна быць усюды", - сказаў ён. Ёсць станоўчыя прыклады і ў іншых рэгіёнах, але разам з тым ёсць і месцы, дзе застаюцца вымачкі, і з гэтым трэба змагацца.
Арыентаваў Аляксандр Лукашэнка і на прадаўжэнне работы па развіцці аграпрамысловага комплексу краіны, правядзенне меліярацыйных работ. "Меліярацыю трэба праводзіць. Нельга страціць гэтыя землі. Тут, на Палессі, людзі ўмеюць працаваць і хочуць. Таму і прыватныя, і калгасы-саўгасы - трэба развіваць гэта (сельскую гаспадарку. - Заўвага БЕЛТА)", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў важнасць аказання шэфскай дапамогі сельгасарганізацыям з боку прамысловых прадпрыемстваў, буйных гарадскіх структур. У першую чаргу гэта датычыцца прыцягнення спецыялістаў на час актыўных палявых работ. У сувязі з гэтым закраналася і пытанне замацавання кадраў у вёсцы, у тым ліку будаўніцтва арэнднага жылля. Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў і на своечасовую выплату зарплат работнікам АПК.
"Трэба падрыхтаваць краіну. І ўжо моладзь потым ад гэтага не адмовіцца. Яна ўжо будзе ведаць, як (трэба дзейнічаць. - Заўвага БЕЛТА). Вось у чым сэнс, вялікі сэнс, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - У гэтым уся філасофія, у гэтым сутнасць уся. Мы павінны з вамі справу зрабіць. І на гэта ў нас застаецца ўсё менш і менш часу".
"Вось, здавалася б, краіна ёсць, усе задаволены. Не, хлопцы, па ўсіх напрамках яшчэ трэба многае мадэрнізаваць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.