17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ужо праз дзесяць гадоў сённяшнія маладыя людзі павінны не толькі будаваць новую Беларусь, але і адказваць за яе. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час адкрыцця Мінскага гарадскога Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт, звяртаючыся да маладых людзей у час адкрыцця Цэнтра, пажадаў ім моцнага здароўя, а таксама новых дасягненняў і адкрыццяў на карысць Беларусі. "Не імкніцеся куды-небудзь збегчы. Некаторыя збеглі - сёння не ведаюць, як вярнуцца. Таму, робячы свае рашучыя крокі, вы крыху райцеся са старэйшымі - патрыётамі нашай Беларусі", - параіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сённяшнім маладым людзям літаральна праз дзесяць гадоў давядзецца не проста будаваць новую Беларусь, але і адказваць за яе. "Мы сёння бачым на вашых мадэлях, на вашых пачатковых вынаходствах, што вы рухаецеся ў правільным напрамку", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што жыццё становіцца больш складаным, і гэта звязана ў тым ліку з вельмі высокай канкурэнцыяй. У гэтых умовах задача дзяржавы - з самага ранняга ўзросту прадаставіць магчымасці для развіцця і самарэалізацыі. "Галоўнае для дзяржавы - прадаставіць магчымасць. Вось мы прадастаўляем вам магчымасці з ранняга ўзросту, каб вы паглядзелі, на што вы здольныя, і спрабавалі гэта рэалізаваць у сабе", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што маладыя людзі, якія займаюцца ў розных творчых цэнтрах, робяць гэта з цікавасцю, але ў будучым гэта можа змяніцца пэўным напружаннем, і яго трэба пераадольваць. "Не ўсё будзе ў жыцці цікава. Але вы, сціснуўшы зубы, ідзяце да сваёй мэты і проста рухаецеся па гэтым жыцці. Такія людзі ніколі не просяць: "Дай!". Зарплату там, яшчэ нешта... Яны самі ствараюць сваё жыццё. Таму здароўя вам, поспехаў, развівайце свае навыкі. І наперад, толькі наперад. Толькі вы можаце зрабіць сваё жыццё і парадаваць сваіх бацькоў і дзяржаву", - сказаў на заканчэнне ён.