29 чэрвеня, Пекін /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў у размове з журналістамі агучыў галоўны тэзіс Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у частцы паглыблення адносін дзвюх краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Магу сказаць па вялікім рахунку галоўную фразу, тэзіс Прэзідэнта, што настаў час паглыбіць нашы адносіны па ўсім спектры інвестыцыйных і эканамічных адносін. Сама фраза гаворыць за сябе. А далей гэту работу павінны будуць зрабіць урады і пасольствы ва ўзаемадзеянні з адпаведнымі дзяржорганамі", - падкрэсліў Мікалай Снапкоў.
Першы віцэ-прэм'ер асобна спыніўся на такім напрамку, як тэхналагічная самадастатковасць Беларусі. Ён звярнуў увагу на тое, што прамысловае супрацоўніцтва Мінска і Пекіна ўключае 11 тэхналогій, якія з'яўляюцца крытычнымі для Беларусі. "Мы хочам іх набыць, сумесна вырабляць (прадукцыю. - Заўвага БЕЛТА) на аснове гэтых тэхналогій з кітайскімі партнёрамі. Гэта для нас вельмі важна, і паглыбленне, нарошчванне, развіццё, безумоўна, дасць магутны імпульс у эканамічным росце краіны", - рэзюмаваў Мікалай Снапкоў.
Як паведамлялася БЕЛТА, 29 чэрвеня ў Пекіне прайшла рабочая сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Лідары дзвюх краін далі высокую ацэнку ўзроўню супрацоўніцтва Мінска і Пекіна і абмеркавалі яго перспектывы.
Пасля рабочай сустрэчы размова прадоўжылася за традыцыйным сямейным абедам. Гэты фармат выходзіць за рамкі дыпламатычнага пратакола і з'яўляецца знакам асаблівага асабістага даверу паміж Прэзідэнтам Беларусі і Старшынёй КНР.